Докшыцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Мяжуе з Пастаўскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Лепельскім раёнамі Віцебскай вобласці, Мядзельскім, Лагойскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.

Цэнтр раёна — Докшыцы, які размешчаны каля вытокаў Бярэзіны, за 195 км ад Віцебска і за 132 км ад Мінска.

Геаграфія Большая частка тэрыторыі раёна размешчана ў межах Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізін. На поўначы — адгор’і Свянцянскіх град, у цэнтры — Докшыцкае ўзвышша, на поўдні — адгор’і Плешчаніцкага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Плоскія забалочаныя ўчасткі чаргуюцца з кароткімі градамі, камавымі ўзгоркамі, озамі. Найвышэйшы пункт Докшыцкага раёна знаходзіцца каля вёскі Лусцічы (264,4 метры над узроўнем мора).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 80 да 160 м. Сярод карысных выкапняў у раёне знаходзяцца торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны.

Докшыцкі раён размешчаны на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Тут бяруць свае пачаткі рэкі Вілія і Бярэзіна. Вілія і Сэрвач нясуць свае воды ў Нёман, а Бярэзіна (з прытокам Поня і інш.) — у Дняпро. У водную сетку раёна ўваходзіць шмат малых рэчак: Астраўлянка, Варлынка, Галядза, Гулянка, Дзяражына, Зуйка, Лонва, Прабойніца, Студзенка, Чарніца, Чорная.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца азёры Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец, Дамашкаўскае, Станіслаўскае, Чорнае, Маскавіца, Камайскае.

Пашыраны дзярновыя і дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя глебы. Паводле механічнага складу сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.

Тут знаходзіцца паўночная частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка плошчай каля 200 квадратных кіламетраў і тры гідралагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча, Сэрвач, створаныя для захавання воднай экасістэмы. Галубіцкая пушча і Сэрвач з’яўляюцца заказнікамі міжнароднага значэння.

У 1996 годзе на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Бягомльскі лясгас» былі створаныя 7 заказнікаў мясцовага значэння. З іх 6 гідралагічных заказнікаў, якія створаны з мэтай захавання ў некранутай прыродзе месцаў росту журавін на балотных масівах: гідралагічны заказнік «Атрубак» знаходзіцца паміж вёскамі Атрубак і Мацееўцы ў Докшыцкім лясніцтве (урочышча «Кайданаўскае балота»), плошча — 100 га; гідралагічны заказнік «Віржы» знаходзіцца ў Валкалацкім лясніцтве (урочышча «Загацце»), яго плошча 695 га; гідралагічны заказнік «Вярэнькі» знаходзіцца паміж вёскамі Вярэнькі і Іванава ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Залатухі»), плошча — 120 га; гідралагічны заказнік «Забар’е» знаходзіцца ў Бярозкаўскім, Вітунічскім, Замасточскім лясніцтвах (урочышча «Людзвінава»), плошча — 910 га; гідралагічны заказнік «Падомхі» знаходзіцца паміж вёскамі Пасекі, Падомхі, Чырвонае Беразіно ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Бараніха»), плошча — 264 га; гідралагічны заказнік «Чачукі» знаходзіцца паміж вёскамі Вянюціна, Порплішча, Дзядкі, Чачукі ў Параф’янаўскім лясніцтве (урочышча «Раеўка»), плошча — 334 га.

Біялагічны заказнік «Зуйка» мясцовага значэння створаны ў 2016 годзе рашэннем Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта № 60 з мэтай захавання ў некранутай прыродзе вялікай папуляцыі (каля 1 га) лунніка ажываючага, уключанага ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Заказнік знаходзіцца паміж вёскамі Балтрамееўцы і Калягі ў Параф’янаўскім лясніцтве. Плошча яго складае 23,96 га.

Гісторыя Докшыцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — горад Докшыцы. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Бярозаўскі, Валодзькаўскі, Гняздзілаўскі, Грабучоўскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Несцераўшчынскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Старасельскі, Таргунскі, Тумілавіцкі, Юркаўшчынскі, Янкоўскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Гняздзілаўскі, Несцераўшчынскі, Таргунскі сельсаветы, Бярозаўскі сельсавет перайменаваны ў Крыпульскі, Старасельскі сельсавет — у Сітцаўскі, Юркаўшчынскі сельсавет — у Вознаўшчынскі. 24 студзеня 1958 года скасаваны Грабучоўскі і Порплішчанскі сельсаветы, 24 красавіка 1959 года — Валодзькаўскі і Вознаўшчынскі сельсаветы. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Віцебскай вобласці, адначасова да раёна далучаны гарадскі пасёлак Бягомль з падпарадкаванымі пассавету населенымі пунктамі, Асаўскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Вітуніцкі, Глінскі сельсаветы і вёскі Бедзіна, Слабада, Федаркі Домжарыцкага сельсавета скасаванага Бягомльскага раёнаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.. 20 мая 1960 года скасаваны Асаўскі і Глінскі сельсаветы, Вітуніцкі сельсавет перайменаваны ў Юхнаўскі. 29 снежня 1961 года ўтвораны Порплішчанскі сельсавет, скасаваны Янкоўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Глыбоцкага раёна.

6 студзеня 1965 года Докшыцкі раён утвораны зноў, уключаў горад Докшыцы, гарадскі пасёлак Бягомль і 10 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі сельсаветы Глыбоцкага раёна і Валкалацкі сельсавет Пастаўскага раёна. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 10 сельсаветаў, 322 населеныя пункты. 20 кастрычніка 1995 года Докшыцкі раён і горад Докшыцы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 20 чэрвеня 2013 года Бягомльскі пассавет рэарганізаваны ў Бягомльскі сельсаветРешение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2013 г. № 278 О некоторых вопросах административно-территориального устройства районов Витебской области.

Насельніцтва У раёне налічваецца 274 населеных пункты, у тым ліку горад Докшыцы і гарадскі пасёлак Бягомль. Гарадское насельніцтва (Докшыцы, Бягомль) складае 9,3 тыс. чал. (2010).

Колькасць насельніцтва раёна мае тэндэнцыю скарачацца: 2009 — 28,8 тыс. чал. 2006 — 30,5 тыс. чал. 1971 — 49,8 тыс. чал.

Адміністрацыйны падзел Раён падзелены на 11 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Валкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Порплішчанскі, Сітцаўскі і Тумілавіцкі.

Транспарт Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі: Полацк — Маладзечна, Крулеўшчына — Лынтупы, і рэспубліканскія аўтадарогі: Лагойск — Зембін — Глыбокае — граніца Латвійскай Рэспублікі (Урбаны) , Мінск — Віцебск , Ушачы — Вілейка , Багушэўск — Сянно — Лепель — Мядзел .

Культура, СМІ

Выходзіць газета «Родныя вытокі». Бягомльскі музей народнай славы.

Сацыяльная сфера

Адукацыя

У сістэму адукацыі раёна ўваходзяць 37 устаноў рознага тыпу: сярэднія агульнаадукацыйныя школы — 8, базавыя — 2, сацыяльна-педагагічныя комплексы «школа-сад» — 3, дашкольныя ўстановы — 20, а таксама ўстановы спецыяльнай адукацыі і пазашкольнага навучання і выхавання: Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Ахова здароўя Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Докшыцкая раённая цэнтральная бальніца».

Вядомыя асобы Кастусь Акула, сапр. Аляксандр Качан (1925, Верацеі — 2008), беларускі пісьменнік, журналіст, выдавец, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі Віктар Бабіч (1935, Зальхоўе — 1997), Герой Сацыялістычнай Працы Лявон Карась (1923, Дзямідзенкі — 1954), беларускі журналіст, грамадскі дзеяч Міхаіл Міхайлавіч Кавалёў (1947, Новая Вёска), беларускі матэматык, Доктар фізіка-матэматычных навук. Сяргей Карніловіч (1929, аг. Таргуны — 1993), дзеяч беларускай эміграцыі. Галіна Пятроўна Крываблоцкая (1953, в. Янкі), беларускі мастак. Янка Юхнавец (1921, в. Забродак — 2004), беларускі паэт, пісьменнік Аляксандр Іванавіч Андарала (1950, Валасатка), беларускі навуковец-педагог. Кандыдат педагагічных навук, дацэнт. Уладзімір Іванавіч Мальта (1932, хутар Кучына — 1983), Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі (1976). Вітольд Арлоўскі (1874, Нарвідполле — 1966), расійскі і польскі доктар, прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава (1954, Навасёлкі), беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар. Казімір Мельхіёравіч Хршчановіч (1794, маёнтак Быстроцк (каля в. Шунеўка) — 1871), беларускі архітэктар. Вядомы як аўтар многіх значных будынкаў Мінска. Іосіф Казіміравіч Гоферт (1826, в. Лайкова — 1906), расійскі жывапісец-акварэліст, партрэтыст, фатограф. Лявон Гмырак (1891, в. Параф'янава — 1915), беларускі крытык, публіцыст і празаік. Ян Бабровіч (1902, в. Параф'янава — 1943), дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст. Леаніла Усцінаўна Гарэцкая (Чарняўская) (1893, аг. Таргуны — 1976), беларускі празаік, перакладчык, педагог, жонка класiка беларускай лiтаратуры Максiма Гарэцкага. Віталь Міхайлавіч Баравой (1916, суч. Параф'янаўскі с/с. — 2008), беларускі святар Рускай Праваслаўнай Царквы, протапрасвітар, прафесар, доктар багаслоўя, настаўнік. Станіслаў Бжастоўскі (1733, Валкалата — 1769), вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, ваявода інфлянцкі (1767—1769).

Крыніцы

Літаратура Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. Пашкоў і інш.; маст. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — 749 с. Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с. Барыс С. В. Побыт жыхароў Докшыцкага раёна ў 1-й палове ХХ ст. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 18 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2015. — 376 с. ISSN 2221-9919

Спасылкі

Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт Спіс населенных пунктаў Докшыцкага раёна па сельсаветах Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць» Пералік аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Докшыцкага раёна Выдатныя мясціны на партале globustut.by Фотаздымкі адметных мясцін Докшыцкага раёна на сайце Radzima.org

Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1940 годзе Катэгорыя:Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1965 годзе