Ганна Баляславаўна Місу́на ( — , Масква) — беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг. Першая жанчына-геолаг на Беларусі і ў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні.
Нарадзілася ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца. Спачатку навучалася дома, потым у гімназіі ў Рызе. Пасля смерці бацькі Ганне прыйшлося вярнуцца дахаты: даглядаць хворую маці, выхоўваць малодшых братоў. Адначасова яна займалася самаадукацыяй, пісала навукова-папулярныя артыкулы.
У 1893 годзе, дабіўшыся невялікай прыватнай стыпендыі, Ганна Місуна едзе ў Маскву, дзе вучыцца на Вышэйшых жаночых курсах. Пасля іх заканчэння ў 1896 годзе працавала з буйнейшымі вучонымі-геолагамі У. І. Вярнадскім і В. Д. Сакаловым. Тады захапілася вывучэннем слядоў старажытных зледзяненняў.
У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы. Асаблівую вядомасць набылі публікацыі па геалогіі Гродзенскай і Мінскай губерняў; яна склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.
У Ганны Місуны было шырокае кола навуковых інтарэсаў: яна вывучала жалезныя руды і каменны вугаль Тульскай, падземныя воды Цвярской губерні, геалогію Крыма. З 1906 г. Ганна Місуна займаецца вучэбна-арганізатарскай і педагагічнай дзейнасцю, спачатку ў якасці асістэнта Вышэйшых жаночых курсаў, а потым, з 1919 г., дацэнта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там з яе ўдзелам быў арганізаваны геалагічны пакой, які паступова ператварыўся ў музей. Многія яе вучні сталі буйнымі вучонымі.
Літаратура Александровіч, Д. Дачка Беларусі [Ганна Місуна] // Родная прырода. — 1998. — № 5. — С. 27. Ляўкоў, Э. Першая жанчына — геолаг Беларусі // Родная прырода. — 1984. — № 2. — С. 16.
Москва. Энциклопедический справочник. — М.: Большая Российская Энциклопедия. 1992.
Спасылкі Белорусские имена в мировой науке и технике (Миссуна Анна Болеславовна) // Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Анна Болеславовна Миссуна // Дзяржаўны геалагічны музей імя У. І Вярнадскага РАН
Катэгорыя:Геолагі Беларусі Катэгорыя:Геолагі Расіі Катэгорыя:Палеантолагі Расіі Катэгорыя:Палеантолагі Беларусі Катэгорыя:Палеантолагі Расійскай імперыі Катэгорыя:Геолагі Расійскай імперыі