Буг, таксама Захо́дні Буг (, ) — рака ва Украіне, Беларусі і Польшчы, левы прыток Нарава. Даўжыня — 772 км, у межах Беларусі — 154 км. Вадазбор — 39,4 тыс. км², у межах Беларусі — 10,4 тыс. км².
Назва Тадэвуш Лер-Сплавінскі катэгарычна размяжоўвае назвы Буг () і Паўднёвы Буг (), лічыць іх этымалагічна рознымі. Ён звязвае Паўднёвы Буг з бег «цячэнне» і нямецкім — «ручай», прыводзіць «багно», «балота». Назву Заходняга Буга ён лічыць балта-славянскай, прыцягваючы сюды ж Дарагабуж і інш., выводзячы з магчымай асновы boug — «адхіляюся, выгінаюся». Адсутнасць здавальняючай этымалогіі адкрыла прастору для беспадстаўных здагадак. Аляксандр Брукнер адрадзіў наіўную сярэдневяковую этымалогію з гоцкага «пярсцёнак», Аляксандр Пагодзін звязаў з літоўскім bangus «страшэнны» , Юзаф Сташэўскі — з лацінскім fugio «бягу» і г. д. У Вадзіма Жучкевіча: «Значэнне асновы, магчыма, „выгіб, выгін ракі“, блізкае да „лукі“ . Відаць, тая ж аснова ў дацкай і нямецкай buchtig — „звiлiсты“». Алег Трубачоў дае такое тлумачэнне: «Буг, стар.-руск. Богъ. Гэта назва Паўднёвага Буга не мае адзінай этымалогіі. Пар. меркаванне аб ір. паходжанні ў сувязі з данскім гідронімам Багучар». П. Д. Цімашэнка гаворыць, што ў басейне Буга звычайна гэтую назву вымаўляюць як Бог, бо ў мінулым узнікала асацыяцыя з міфалагічнай істотай, і ўвогуле рэкі ўспрымаліся нашымі продкамі як паняцці адушаўлёныя, персаніфікаваныя. В. А. Ніканаў, падсумоўваючы розныя этымалагічныя версіі, прыходзіць да высновы, што «паходжанне назвы застаецца няясным»Н. Р. Смаль. Гідранімія басейна Заходняга Буга. Весці Акадэміі навук Беларусі: Серыя гуманітарных навук. Выпускі 1-4. — Навука і тэхніка. 1995.
Гідраграфія Пачынаецца на заходніх схілах Падольскага ўзвышша каля в. Вэрхабуж Львоўскай вобласці Украіны, упадае ў Загжынскае вадасховішча на рацэ Нараў у Польшчы.
Паўднёвая частка вадазбору на Падольскім узвышшы, заходняя — у межах Люблінскага ўзвышша. Сярэдняе цячэнне праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбужскай раўніне. Паўночная частка вадазбору на Мазавецка-Падляскай нізіне. Грунты пясчаныя, супясчаныя, у верхняй частцы і на ўзвышшах сугліністыя. Шмат азёр, найбольшыя Свіцязь, Пулямецкае, Лукі (Украіна), Арэхаўскае і Олтушскае (Беларусь).
У верхнім цячэнні (да ўпадзення ракі Уладаўка) даліна выразная, шырынёй 1 км, месцамі 2—3 км. Пойма вузкая, перарывістая, часта парэзаная старыцамі. Рэчышча звілістае, шырыня ракі ў межань ад 5—10 да 40—50 м. У сярэднім цячэнні (да ўпадзення ракі Мухавец) Буг выходзіць на раўніну. Даліна шырынёй 3—4 км. Пойма нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Шырыня ракі 50—75 м. На ніжнім участку даліна выразная, шырыня 1—1,5 км. Пойма вузкая, часта перарывістая. Шырыня ракі на асобных участках дасягае 200—300 м. У наваколлі Мельніка даліна перасякае пояс напорных марэн сожскага зледзянення, адкуль ледавіковыя воды некалі накіроўваліся на ўсходKondracki J. Geografia regionalna Polski. — Warszawa: PWN, 2002.
Асноўныя прытокі Справа: Луг, Капаеўка, Мухавец, Лясная, Пульва, Нурэц, Брок.
Злева: Полтва, Салокія, Букава, Гужва, Угерка, Кшна, Лівец.
Жыўленне, водны і лядовы рэжым На веснавы перыяд прыпадае 30-35 %, летне-асенні 45-50 % гадавога сцёку. Веснавое разводдзе (працягласць 1—2 месяцы) звычайна ў пачатку сакавіка, найбольшы ўзровень разводдзя ад 3 м да 6 м. У верхнім цячэнні ракі паводкі часам перавышаюць разводдзе. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад раставання снегу пры адлігах і ад дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Замярзае ў канцы снежня, лёд трымаецца да 2-й паловы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны з Беларуссю каля 50 м³/с, пры выхадзе за межы Беларусі 100 м³/с, каля г. Вышкаў (Польшча) 127 м³/с.
На рацэ Буг ёсць мяжой Польшчы з Украінай і Беларуссю. З 1 мая 2004 г. гэта ўсходняя мяжа Еўрапейскага Саюза. Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы: Клейнікі—Кукурыкі, Брэст—Цярэспаль, Дамачава—Славатычы, Тамашоўка—Уладава; на мяжы Украіны і Польшчы: Любамль—Хэлм, Усцілуг—Хрэбешаў.
На рацэ знаходзяцца гарады: Буск, Каменка-Бугская, Сасноўка, Чэрванаград, Сокаль, Усцілуг, Брэст (порт), Уладава, Цярэспаль, Драгічын, Вышкаў.
Суднаходства ў ніжнім цячэнні. Буг праз раку Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал і раку Піну злучаны з Прыпяццю, а праз Нараў, яго прыток Бебжу, Нету і Аўгустоўскі канал — з ракой Чорная Ганча, прытокам Нёмана).
Галерэя
Зноскі
Літаратура
Забокрицкая М. Р., Хильчевский В. К., Манченко А. П. Гидроэкологическое состояние бассейна Западного Буга на территории Украины. — Киев: Ника-центр, 2006. — 184 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Рэкі Львоўскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Валынскай вобласці Катэгорыя:Рэкі Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Рэкі Брэсцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Камянецкага раёна Катэгорыя:Рэкі Люблінскага ваяводства Катэгорыя:Рэкі Падляскага ваяводства Катэгорыя:Рэкі Мазавецкага ваяводства Катэгорыя:Граніцы Беларусі Катэгорыя:Памежныя рэкі
Катэгорыя:Прытокі Нарава