Сідэрацыя — заворванне ў глебу зялёнай масы раслін (зялёнага ўгнаення) з мэтай яе ўзбагачэння азотам і арганічнымі рэчывамі.

Гэты тэрмін прапанаваў французскі навуковец Жорж Віль (1824-1897).

Для сідэрацыі ўжываюць, галоўным чынам, бабовыя культуры — лубін, сырадэлю, баркун, рутвіцу, чыну, канюшыну, гарошак, Crotalaria, рапс і інш.

Расліны альбо на карню заворваюць на ўчастку, радзей — скошваюць і выкарыстоўваюць для ўгнаення іншага поля, або для кампосту.

Сідэрацыя паляпшае фізічныя і фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы (буфернасць, ёмістасць паглынання, вільгацяёмістасць і т . п.), паніжае кіслотнасць, забяспечвае развіцце карыснай мікрафлоры.

Акрамя ўзбагачэння глебы арганічным рэчывам, ворны пласт узбагачаецца азотам, які быў асіміляваны клубяньковымі бактэрыямі, а таксама іншымі пажыўным рэчывамі, якія былі вынятыя каранямі сідэратаў з глыбокіх глебавых гарызонтаў.

Эфектыўнасць сідэрацыі пры паляпшэнні ўрадлівасці глебаў прыблізна такая ж, як і гною. У Нечарназёмнай зоне Расіі сярэдняя прыбаўка ўраджайнасці складае: збожжавыя — 8-10 ц з 1 га, бульба — 40-50 ц з 1 га. Сідэрацыю ўжываюць у земляробстве з глыбокай старажытнасці: Кітай, Індыя, Інданезія, дзяржавы Сярэдняй Азіі — больш за 3 тыс. гадоў. Краіны Міжземнамор'я — з IV—III стагоддзяў да н. э. Цэнтральная Еўропа (Германія, Польшча і інш.) — з XIX стагоддзя. Еўрапейская частка Расіі — з 1903 года (Чарнігаўская губерня). Сідэрацыю карысна спалучаць з унясеннем калійных і фосфарных мінеральных угнаенняў.

Літаратура Алексеев Е. К. Зелёное удобрение в нечернозёмной полосе, М., 1959; Юхимчук Ф. Ф. Люпин в земледелии, К., 1963; Алексеев Е. К., Рубанов В. С., Довбан К. И. Зелёное удобрение, Минск, 1970.

Спасылкі

Катэгорыя:Агратэхніка