Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў (, в. Вялікі Бор, Касцюковіцкі раён — , Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1994).

Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька — Гаўрыла Чыгрынаў быў старшынёй сельсавета. Маці — Хадоска Ігнатаўна была працаўніцай-калгасніцай. У сям’і было шэсць дзяцей. Бацька ўдзельнічаў у Другой сусветнай вайне.

У 1940 годзе пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Перажыў нямецкую акупацыю. У 1943 годзе, з заняццем усходу Магілёўшчыны Чырвонай арміяй, пайшоў у другі клас Вялікаборскай школы, якую скончыў у 1949 годзе. Далей вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1952 годзе. У гэты ж час Іван спрабаваў пісаць вершы.

У 1952 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. У 1950-я гады быў супрацоўнікам газеты «Прыпяцкая праўда».

У 1957 годзе скончыў універсітэт, працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965—1975 гадах ― рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». З 1975 года намеснік старшыні, а ў 1976—1986 гадах — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1987 годзе абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 года ― галоўны рэдактар часопіса «Спадчына».

У 1978 годзе ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986—1990), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах (1988—1990).

У 1988 годзе ўваходзіў у склад Дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў у Курапатах.

Народны пісьменнік Беларусі (1994).

Памёр 5 студзеня 1996 года, пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Сям’я Быў жанаты з Людмілай Прохараўнай Чыгрынавай, дзве дачкі — Таццяна і Алена. Таццяна Іванаўна Прановіч з 1984 года выкладае замежную літаратуру ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

Творчасць У друку дэбютаваў вершам «Сон трактарыста» ў 1952 годзе, як празаік — у 1958 годзе (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983).

Найбольш вядомы як аўтар пенталогіі раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996). Творы звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, адсюль назва «верамейкаўскі цыкл»). У іх адлюстравана атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне савецкага партызанскага руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці беларускага народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Аўтар п’ес — «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 годзе выйшлі выбраныя творы ў 3 тамах.

Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

Пераклаў з рускай мовы «» Усевалада Вішнеўскага.

Бібліяграфія

Зборнікі прозы «Птушкі ляцяць на волю» (1965) «Самы шчаслівы чалавек» (1967) Ішоў на вайну чалавек» (1973) «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983)

Раманы «Плач перапёлкі» (1972) «Апраўданне крыві» (1977) «Свае і чужыя» (1984) «Вяртанне да віны» (1992) «Не ўсе мы згінем» (1996)

П’есы «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986) «Следчая справа Вашчылы» (1988) «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988) «Звон — не малітва (1988) «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989) «Ігракі» (1989) «Прымак» (1994)

Кнігі крытыкі і публіцыстыкі «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983) «Паміж сонцам і месяцам» (1994)

Выбранае «Выбраныя творы : У 3 т.» (1984) «Выбраныя творы» (2008) «Выбраныя творы» (2013)

Узнагароды Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць…».

Узнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў», Народны пісьменніка Беларусі (1994).

Памяць

28 жніўня 1996 — імя Івана Чыгрынава прысвоена Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы. 2003 — адкрыта мемарыяльная дошка ў Магілёве. На будынку сярэдняй школы № 6 г. Магілёва, якая знаходзіцца на вуліцы Чыгрынава, ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Мемарыяльная дошка на доме № 29 па вуліцы Пляханава ў Мінску, у якім жыў І. Г. Чыгрынаў. У гонар Івана Чыгрынава названы вуліцы ў Магілёве (вуліца Спартыўная перайменавана ў вуліцу Чыгрынава), Касцюковічах (Вуліца Чыгрынава), Крапіўні.

Ганаровы грамадзянін Касцюковічаў. Праводзяцца выставы, прысвечаныя творчасці пісьменніка. У рамках XXXIII Дня беларускага пісьменства ў Касцюковіцкім краязнаўчым музеі адкрыта экспазіцыя, прысвечаная пісьменнікам-землякам — Алесю Пісьмянкову, Аркадзю Куляшову і Івану Чыгрынаву, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. 6 верасня 2026 года ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці адкрыты мурал, прысвечаны ўраджэнцам Касцюковіцкага раёна — А. Куляшову, І. Чыгрынаву, А. Пісьмянкову. У Касцюковічах Магілёўскай вобласці на будынку Цэнтральнай раённай бібліятэкі адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Чыгрынаву (06.09.2026).

Крыніцы

Літаратура

Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X

Спасылкі

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Сцэнарысты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы