Асман Мусаевіч Каса́еў (1916—1944) — маёр Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, камандзір партызанскага атрада Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1965).

Біяграфія Асман Касаеў нарадзіўся 11 кастрычніка 1916 года ў ауле Хурзук (цяпер — Карачаеўскі раён Карачаева-Чаркесіі). Па нацыянальнасці — карачаевец. У 1931 годзе ён скончыў пачатковую школу, у 1936 годзе — рабфак. У 1937 годзе Касаеў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Вучыўся ў кавалерыйскім ваенным вучылішчы, але праз год пераведзены ў Кіеўскае артылерыйскае вучылішча. Удзельнічаў у польскім паходзе. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на яе франтах.

Неўзабаве па пачатку вайны дывізія, у якой служыў Касаеў, трапіла ў акружэнне і разгромлена. У канцы жніўня 1941 года група байцоў і камандзіраў, сярод іх і Касаеў, дайшла да Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці Беларускай ССР і прыняла рашэнне пачаць баявыя дзеянні як партызанскае фарміраванне. Касаева абралі спачатку камісарам, а затым камандзірам партызанскага атрада, якому прысвоены нумар 121. Атрад паспяхова дзейнічаў у Магілёўскай вобласці, знішчаў гарнізоны, карныя атрады, склады, аўтабазы, камендатуры. Да канца 1943 года ў атрадзе налічвалася ўжо больш за 1200 партызан, тады яго ператварылі ў 121-ы партызанскі полк, камандзірам якога стаў Касаеў. Да лютага 1944 года полк прыняў удзел у 70 баях, знішчыў больш за 1000 салдат і афіцэраў праціўніка, падарваў 33 нямецкія эшалоны. 17 лютага 1944 года падчас пераходу паміж населенымі пунктамі ў Бярэзінскім раёне калона партызан была атакавана нямецкай авіяцыяй. Касаеў атрымаў цяжкія раненні і праз 18 гадзін, 18 лютага 1944 года, памёр.

Спачатку пахаваны ў вёсцы Хрыпялёва Бялыніцкага раёна, але ў жніўні 1948 года перапахаваны ў брацкай магіле на Вайсковых могілках па вуліцы Лазарэнкі ў Магілёве.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 года «напярэдадні 20-годдзя Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй за адмысловыя заслугі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства» маёр Асман Касаеў пасмяротна ўзнагароджаны званнем Героя Савецкага Саюза. Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Леніна і Айчыннай вайны 1-й ступені, медалём.

У гонар Касаева вёска Сермяжанка Бялыніцкага раёна перайменавана ў Асман-Касаева. Таксама ў яго гонар названы вуліцы ў Магілёве і Чаркеску, школа ў вёсцы Заполле Бялыніцкага раёна, пастаўлены абеліск у вёсцы Вугольшчына і бюст у ауле Учкулан.

Таксама ў яго гонар названы перавал за Заходнім Каўказе.

Крыніцы

Літаратура

Всенародная борьба в Белоруссии. В 3 т. —Минск: «Беларусь», 1984. Люди легенд. Выпуск 4. — М., 1971. Навечно в сердце народном. 3-е изд., доп. и испр. — Минск, 1984.

Катэгорыя:Удзельнікі польскага паходу РСЧА Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Памерлі ад ран Катэгорыя:Нарадзіліся ў Карачаева-Чаркесіі Катэгорыя:Камандзіры партызанскіх злучэнняў, брыгад і атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Маёры СССР