Дарфурскі канфлікт — ваенны канфлікт у рэгіёне Дарфур на захадзе Судана, які пачаўся ў лютым 2003 года, калі паўстанцкія групы пачалі барацьбу з урадам Судана, які яны абвінавацілі ва ўціску неарабскага насельніцтва. Урад адказаў на атакі шляхам правядзення кампаніі этнічнай чысткі супраць дарфурскіх неарабаў. Гэта прывяло да гібелі сотняў тысяч мірных жыхароў і абвінавачванні прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра ў генацыдзе, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці ў Міжнародным крымінальным судзе.
Адзін з бакоў канфлікту складаецца ў асноўным з узброеных сіл Судана, паліцыі і «Джанджавід», груп суданскага апалчэння, якія набіраюцца ў асноўным сярод арабізаваных карэнных афрыканцаў і невялікай колькасці бедуінаў паўночнага племя рызейгат; большасць іншых арабскіх груп у Дарфуры застаецца неўцягнутымі. Іншы бок складаецца з паўстанцкіх груп, у прыватнасці ВРС і РСР, набраных у асноўным з неарабскіх мусульманскіх этнічных груп фур, загава і масаліт. Афрыканскі Саюз і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый таксама далучыліся да сумеснай місіі па падтрыманні міру ў рэгіёне, названай ЮНАМІД. Хоць урад Судана публічна адмаўляў, што падтрымліваў «Джанджавід», шматлікія звесткі пацвярджаюць сцвярджэнні, што ён забяспечыў фінансавую дапамогу і зброю, а таксама скаардынаваў сумесныя атакіUppsala Conflict Data Program Conflict Encyclopedia, Sudan, one-sided conflict, Janjaweed – civilians .
Асаблівасці Дарфура Найбольш буйной народнасцю рэгіёну з’яўляюцца фора (фур). Частка гэтага этнасу з’яўляецца арабамоўнай, але большасць кажуць на ўласнай мове. Пражываюць таксама вялікі лік араба-суданцаў, нубійцаў і некалькі дзесяткаў больш дробных народнасцяў, у асноўным негрыцяне. Некаторыя з дарфурскіх народнасцяў арабізаваныя і страцілі свае мовы, але захавалі элементы традыцыйнай культуры.
Па ладзе жыцця насельніцтва Дарфура дзеліцца на жывёлагадоўцаў-качэўнікаў, сярод якіх пераважаюць араба-суданцы, і аселае земляробчае насельніцтва, прадстаўленае чорнасукрымі народнасцямі. У гарадах пражываюць прадстаўнікі ўсіх дарфурскіх народнасцяў.
Племяны фактар гуляе вялікую ролю ў жыцці мясцовага насельніцтва. Кожнае племя мае замацаваную за ім «дору» — тэрыторыю рассялення. У межах свайго ўчастка племя з’яўляецца практычна неабмежаваным уладальнікам земляў, пашы і водных крыніц.
У культурным плане большая частка насельніцтва рэгіёну значна бліжэй да суседняга Чаду, чым да астатняга Судану, размешчанага ў даліне Ніла. Таксама Дарфур лічыцца самым засушлівым і бедным раёнам краіны.
Прычыны і перадумовы Канфлікт нарастаў даўно. З-за суровага клімату ішла зацятая канкурэнцыя за зямельныя і водныя рэсурсы паміж жывёлагадоўцамі і чарнаскурымі земляробамі, якая вылілася ў міжэтнічную барацьбу за выжыванне ў няпростым рэгіёне. Ускладненне адбылося ў канцы ХХ стагоддзя, калі пустыня стала паглынаць раней прыдатныя да пражывання зямлі, заселеныя арабамі-качэўнікамі, і тыя сталі міграваць на поўдзень. Нагодай да адкрытага ваеннага канфлікту стала пагадненне паміж Хартумам і паўстанцамі Поўдня аб падзеле прыбыткаў ад здабычы нафты. Чарнаскурае насельніцтва Дарфура лічыла, што ў дамове не былі ўлічаныя іх эканамічныя інтарэсы.
Ход падзей
Пачатак вайны У 2003 годзе супраць урада Судана выступілі дзве ваенізаваныя групоўкі: «Фронт вызвалення Дарфура», пазней пераназваны ў Суданскі вызваленчы рух (SLM/СВР), і «Рух за справядлівасць і роўнасць» (JEM/РСР)BBC Staff (24 February 2009) «Who are Sudan’s Darfur rebels?» BBC News.
25 лютага атрады СВР захапілі горад Гола паблізу мяжы з Чадам, а 4 сакавіка яго атрады паспрабавалі захапіць Эль-Фашэр, але былі адкінуты ўрадавымі войскамі. 6 верасня ўрад і СВР пры пасярэдніцтве Чада падпісалі пагадненне аб спыненні агню, дамовіўшыся пачаць поўнамаштабныя перамовы па ўрэгуляванні канфлікту. Аднак неўзабаве кіраўніцтва баевікоў абвінаваціла ўрад у зрыве дамовы. Узрастанне і інтэнсіўнасць канфлікту вымусіла ўлады перакінуць у Дарфур буйныя ваенныя падмацаванні, больш шырока і актыўна стала падлучацца ваенная авіяцыя. Урад Судана задзейнічаў арганізаванае з мясцовых арабамоўных качэўнікаў апалчэнне «Джанджавід» («д’яблы/джыны на конях»), якія рэгулярна здзяйснялі напады на чарнаскурых фермераў, спальваючы пры гэтым цэлыя вёскі і здзяйсняючы іншыя віды гвалту. Апалчэнцы выганялі чорныя плямёны для вызвалення сельскагаспадарчых зямель. Аналагічныя мерапрыемствы праводзілі іх праціўнікі супраць араба-суданцаў.
У лютым 2004 годзе ўрад пасля захопу горада Ціне на мяжы з Чадам абвясціў аб сваёй перамозе над паўстанцамі, аднак баевікі захоўвалі кантроль над сельскімі раёнамі.
Спробы мірнага ўрэгулявання 23 жніўня 2004 года ў сталіцы Нігерыі Абуджы пачаліся шматбаковыя перамовы па ўрэгуляванні дарфурскага крызісу з удзелам прадстаўнікоў паўстанцкіх груповак і суданскага ўрада. Сустрэча праходзіла пад эгідай Афрыканскага саюза пры ўдзеле Лігі арабскіх дзяржаў, а таксама Эрытрэі, Лівіі, Уганды, Чада і Малі. Перамовы практычных вынікаў не прынеслі.
18 кастрычніка ў Трыпалі (Лівія) адбыўся саміт з удзелам дэлегацый Лівіі, Судана, Чада, Егіпта і Нігерыі, а таксама прадстаўнікоў двух паўстанцкіх груповак Дарфура, дзе была зроблена спроба ўрэгуляваць крызіс сіламі саміх афрыканцаў. Судан выступіў тут з шэрагам ініцыятыў, напрыклад, правесці дэцэнтралізацыю ўлады ў правінцыі, стварыўшы органы мясцовага самакіравання. Урад таксама абвясціў аб згодзе значна павялічыць ваенны кантынгент Афрыканскага саюза ў Дарфуры — з 465 да 4,5 тыс. чалавек. На саміце ў Лівіі ўдзельнікі дамовіліся, што праблему Дарфура трэба вырашаць сваімі сіламі, без умяшання міжнароднай супольнасці.
5 мая 2006 года ў Абуджы (Нігерыя) паміж урадам Судана і СВР было падпісана першае мірнае пагадненне.
У лютым 2010 года ўрад Судана і РСР падпісалі пагадненне аб спыненні агню, з папярэднім пагадненнем імкнуцца да міру. РСР меў найбольшую выгаду ад перамоваў і мог імкнуцца да паўаўтаноміі гэтак жа, як Паўднёвы Судан. Аднак перамовы былі сарваны абвінавачваннямі, што суданская армія пачала рэйды і паветраныя ўдары па вёсцы, дзе хаваліся баевікі, парушыўшы пагадненне па толу. РСР паабяцала байкот перамоў.
Працяг канфлікту
Увечары 29 верасня 2007 года больш за 1000 узброеных баевікоў суданскай вызваленчай арміі напалі на ваенную базу афрыканскіх міратворцаў у горадзе Хасканіта і пасля шматгадзіннага бою, захапіўшы на базе зброю, яны спалілі яе дашчэнту. У выніку гэтага нападу загінулі дзесяць міратворцаў, сем з якіх былі з Нігерыі. «Рух за роўнасць і справядлівасць», у сваю чаргу, абвінаваціў у інцыдэнце непасрэдна ўрадавыя войскі. Услед за гэтым суданская армія ўзяла Хасканіту, пасля чаго населены пункт быў цалкам спалены.
У ліпені 2020 года ў раёне гарадоў Кутум (14-га чысла), Абудос (24-га) і Мійстэры (з 25 па 26-га) адбыліся масавыя забойствы і сутыкненні. Кіраўніцтва Судана і сумесная місія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Афрыканскага саюза ў Дарфуры (ЮНАМІД) звязвалі масавыя забойствы з зямельнымі канфліктамі з-за правоў на занятак сельскай гаспадаркай, якія ўзніклі паміж неарабскімі племяннымі фермерамі-масалітамі і арабскімі плямёнамі бедуінаў, якіх урад лічыць адказнымі за напады. Завяршэнне вайны 31 жніўня 2020 года чатыры групоўкі (Рух за справядлівасць і роўнасць, Суданскі альянс, Збор сіл вызвалення Судана і адна фракцыя ВРС) падпісалі з новымі ўладамі (Суверэнны савет Судана) Джубінскае мірнае пагадненне. Яны прыпынілі антыўрадавую дзейнасць і далучыліся да працэсаў па дэмакратызацыі Судана.
Наступствы
У канцы красавіка 2023 года, на фоне супрацьстаяння паміж генераламі Бурханам і Дагала, канфлікт абвастрыўся: 28 красавіка ў рэгіёне адбыліся сутычкі арабаў з масалітамі.
Ваенныя злачынствы Абодва бакі ў канфлікце абвінавачвалі адзін аднаго ў сур’ёзных парушэннях правоў чалавека, уключаючы масавыя забойствы, згвалтаванні і рабаванні мірных жыхароў. Крызіс прыняў міжнародныя маштабы, калі больш за сто тысяч бежанцаў, якія пераследваліся атрадамі «джанджавідаў», хлынулі ў суседні Чад, што прывяло да сутыкненняў паміж «джанджавідамі» і чадскімі памежнікамі. Былы дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл ахарактарызаваў сітуацыю як генацыд або акты генацыду.
1 сакавіка 2012 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт міністра абароны Судана М. Хусейна па абвінавачванні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў Дарфуры ў 2003—2004 гадах.
Замежны фактар
У 2004 годзе ў краіну была накіравана група назіральнікаў ААН, якая паступова вырасла да міратворчага кантынгенту. Адной з галоўных прычын гэтага можна лічыць гіганцкі паток бежанцаў, якія лінулі ў суседнія краіны, асабліва ў Чад. Гуманітарны крызіс таксама турбаваў Францыю, былую метраполію Чада, якая не жадала хаосу ў сваёй былой калоніі. Між тым французскія кампаніі асцерагаліся страты сваіх радовішчаў у ДарфурыПроектный блог по курсу "Конфликтология".
Згодна з штогоднікам SIRPI, з 2001 па 2007 год асноўным прыхільнікам суданскага ўрада з’яўляліся Расія і Кітай. Так, у 2004 годзе на долю Расіі прыйшлося 99% ад агульнага ліку ваенных закупак Судана — 297 мільёнаў долараў. Паводле тых жа даных, РФ было пастаўлена ў Судан ў 2006 годзе 41%, а ў 2007 годзе 96% зброі і боепрыпасаў, на агульную суму ў 54 мільёна долараў. Аднак Кітай і Расія гэтыя абвінавачванні ў парушэнні эмбарга ААН на продаж зброі ўдзельнікам дарфурскага канфлікту адхілілі. Прадстаўнік Судана ў ААН таксама назваў гэтыя абвінавачванні неабгрунтаванымі.
Пэўную падтрымку ўладам аказалі таксама Іран і Беларусь. Паведамлялася, што прададзеныя ў 2000-я апошняй Судану БТРы і верталёты Мі-24 выкарыстоўваліся ў баях супраць дарфурскіх баевікоўТоp-10 обвинений Беларуси в сомнительных оружейных сделкахТорговля оружием и будущее БелоруссииЗавоюет ли Беларусь позиции на глобальных рынках оружия?.
Гл. таксама
Другая грамадзянская вайна ў Судане Сутыкненні ў Паўднёвым Дарфуры Канфлікт у Паўднёвым Кардафане і Блакітным Ніле
Зноскі
Літаратура
Спасылкі Photographer's Account - "The Cost of Silence: A Traveling Exhibition"
Катэгорыя:Войны XXI стагоддзя Катэгорыя:Войны Судана Катэгорыя:Палітычныя крызісы