І́ндра (; да 1925 года — Бальбінава) — буйная вёска (да 2009 года — мястэчка) на паўднёвым усходзе Латвіі. Адміністрацыйны цэнтр Індрскай воласці Краслаўскага края. Памежная чыгуначная станцыя Латвійскай чыгункі на лініі Даўгаўпілс — Полацк.

Знаходзіцца на беразе возера Шнокавас, за 32 км на паўднёвы ўсход ад Краславы, за 299 км ад Рыгі і менш чым за 6 км ад мяжы Латвіі з Рэспублікай Беларусь.

Гісторыя Па рацэ Індрыцы, якая працякае на паўночны захад ад паселішча, раней праходзіла мяжа паміж Лівоніяй і Вялікім Княствам Літоўскім. Паблізу размяшчаецца таксама археалагічны помнік — Індрыцкае гарадзішча.

Населены пункт пачаў фарміравацца на землях Бальбінаўскага маёнтка дзякуючы пракладцы Дзвінска-Віцебскай чыгункі. 24 мая 1866 года тут была адкрыта чыгуначная станцыя. Развіццё транспартнай інфраструктуры ператварыла Бальбінава ў важны гандлёвы і транспартны цэнтр. У 1925 годзе паселішчу быў афіцыйна нададзены статус шчыльнанаселенага пункта (вёскі) і новая назва — Індра.

Беларускі рух у міжваенны перыяд У 1920—1930-я гады Індра была адным з асяродкаў нацыянальна-культурнага жыцця беларускай дыяспары ў Латгаліі. Значную ролю ў гэтым адыграў вядомы беларускі педагог, паэт і грамадскі дзеяч Мікалай Талерка, які працаваў на чыгуначнай станцыі Бальбінава з 1917 па 1920 год, а ў 1940 годзе вярнуўся працаваць настаўнікам у Індру. Тут ён пабудаваў уласны дом, які ператварыў у сапраўдны краязнаўчы музей з багатымі калекцыямі гістарычных артэфактаў і вялікай бібліятэкай.

Мясцовая беларуская моладзь прымала актыўны ўдзел у тэатральным і грамадскім жыцці. 20 верасня 1931 года суседні Прыдруйскі аддзел Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі арганізаваў у Індры паказ дзвюх камедый — «Чорт у бочцы» і «Міхалка». 25 чэрвеня 1933 года ў вёсцы адбылася нарада прадстаўнікоў аддзелаў ТБМЛ з усёй Дзвіншчыны, на якой абмяркоўваліся пытанні паляпшэння працы арганізацыі.

Тэатральная дзейнасць працягвалася і пазней. 20 студзеня 1935 года артысты-аматары з Дзвінска пад кіраўніцтвам Канстанціна Александровіча прыехалі з гастролямі і паставілі тут п’есу Янкі Купалы «Паўлінка». У сваю чаргу Мікалай Талерка заснаваў у Індры дзіцячую беларускую тэатральную трупу, з якой паставіў п’есу «Цар Максіміліян». Таксама ён актыўна супрацоўнічаў з мясцовым каталіцкім святаром Уладзіславам Літаўніекам, разам з якім арганізаваў парафіяльны драматычны калектыў і паставіў п’есу Рудольфа Блаўманіса «Блудны сын».

Савецкі перыяд і сучаснасць З 1921 па 1940 гады на станцыі Індра размяшчаліся органы мытнага і памежнага кантролю Латвіі на мяжы з Савецкім Саюзам.

У савецкі час населены пункт быў цэнтрам Індрскага сельсавета Краслаўскага раёна. У мястэчку размяшчалася цэнтральная сядзіба калгаса імя Фрунзэ і цэнтральная сядзіба калгаса імя Калініна.

З 1991 года тут адноўлены органы кантролю на мяжы з Рэспублікай Беларусь. Ажыццяўляецца мытнае і пагранічнае афармленне пасажырскіх і грузавых цягнікоў. Сёння ў Індры дзейнічаюць валасная адміністрацыя, пачатковая школа, музычная і мастацкая школа, дом культуры, бібліятэка, пошта, пункт хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама Бальбінаўскі каталіцкі і Індрскі лютэранскі касцёлы.

Крыніцы

Літаратура T. Altbergs, K. Augustāne, I. Pētersone. Dzelzceļi Latvijā. — Rīga: Jumava, 2009, С. 42. ISBN 978-9984-38-698-0

T. Altbergs, K. Augustāne, I. Pētersone. Dzelzceļi Latvijā. — Rīga: Jumava, 2009, С. 42. ISBN 978-9984-38-698-0

Спасылкі

Катэгорыя:Краслаўскі край Катэгорыя:Населеныя пункты Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі