Він Дызель (, сапраўднае імя Марк Сінклер — ; нар. 18 ліпеня 1967) — амерыканскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар. Заснавальнік прадзюсарскіх кампаній One Race Films і Racetrack Records, Tigon Studios. У 2002 годзе стаў уладальнікам прэміі канала «MTV» у намінацыі «Лепшая экранная каманда» за ролю Дамініка Тарэта ў фільме «Фарсаж».
Дзяцінства Марк Сінклер нарадзіўся 18 ліпеня 1967 года ў акрузе Аламіда, Каліфорнія, ЗША. З самага нараджэння ён разам са сваім братам-блізнюком Полам, які быў зусім не падобны на Віна, рос і гадаваўся маці Дэлар, якая была псіхіятрам і захаплялася астралогіяй. Сям’я жыла ў нью-ёрцкім шматкватэрным доме і адчувала недахоп грошай. Свайго сапраўднага бацьку будучы акцёр не ведаў. Він Дызель ніколі не казаў пра сваю нацыянальную прыналежнасць, але падкрэсліваў прыналежнасць да розных культур.
У 1970 годзе, ва ўзросце трох гадоў, у Віна Дызеля выявіліся першыя схільнасці да акцёрскай работы. Падчас наведвання цырка хлопчык ледзь было не прыняў удзел у выступе трупы, але яго спыніла маці, якая была тады з ім. Прыкладна ў гэты ж час у Віна Дызеля з’явіўся айчым Ірвін са зводнымі малодшай сястрой Самантай і малодшым братам, што адмоўна адбілася на грашовым дабрабыце. Але менавіта айчым, які працаваў кіраўніком тэатра і які выкладаў акцёрскае майстэрства ў Нью-Ёрцкім універсітэце, вельмі істотна паўплываў на фармаванне характару і імкненняў хлопчыка. Ірвін часта вадзіў сваіх дзяцей на тэатральныя прадстаўленні і прэм’еры кінафільмаў.
Дзейнасць у тэатры
Прыход Віна Дызеля на памост адбыўся цалкам выпадкова. У 1974 годзе, калі яму было 7 гадоў, ён разам з бандай такіх жа хлапчукоў, як і ён, вырашыў прабрацца ў адзін з мясцовых тэатраў, каб пагуляць з рэквізітам. Але на памосце апынуліся людзі, якія рэпетавалі спектакль. Група з Вінам Дызелем была заўважаная рэжысёрам. Замест таго, каб выклікаць паліцыю, гэта жанчына паклікала дзяцей і, даўшы ім у рукі сцэнарый, прымусіла прачытаць тэкст па ролях. Лепш за ўсіх атрымалася ў Віна, таму жанчына прапанавала даваць 20 долараў за кожнае яго выступленне на памосце.
Неўзабаве адбылася прэм’ера першага спектакля з удзелам Віна Дызеля — «Дзверы для дыназаўра». Яго выступленне было настолькі ўдалым, што менавіта з гэтага моманту ён пачаў марыць аб кар’еры акцёра. Аж да 17 гадоў ён выступаў на памосце тэатра, удасканальваючы свае майстэрства. Шмат у чым гэтаму паспрыяў і яго айчым.
Асабістае жыццё юнага Віна Дызеля было не зусім удалым у адрозненне ад яго акцёрскай кар’еры. У дзяцінстве ён быў параўнальна высокім і меў хударлявы целасклад. Да таго ж па характары быў яшчэ і сарамлівым. Таму будучы закаханым ў школе ў адну з сваіх аднагодак, ён ніяк не адважваўся да яе падысці, у адрозненне ад свайго брата Пола, які быў вельмі папулярны на дыскатэках. Таму на працягу некалькіх гадоў Він Дызель старанна займаўся ў спартзалах.
У 1984 годзе, дасягнуўшы ўзросту 17 гадоў, будучы акцёр зразумеў, што праца ў тэатры не прынясе яму істотных даходаў. Да гэтага часу ён быў ужо даволі здаровым дзецюком, што дазволіла яму без усялякага намагання ўладкавацца выкідалай у адзін з папулярных начных клубаў «Тунель» на Манхэтэне. Менавіта тады акцёр змяніў свае сапраўднае імя на «Він Дызель», а галаву стаў галіць нагала. За тыя тры гады працы выкідалай Він дамогся поспехаў у асабістым жыцці, а таксама паспеў паўдзельнічаць у шматлікіх бойках.
У гэты ж час Він Дызель паступіў у Хантэрскае вучылішча, дзе вывучаў англійскую мову і класічную літаратуру. Пры гэтым ён вучыўся пісаць і сцэнарыі, каб у будучыні, як казаў акцёр, выкарыстоўваць свае таленты для напісання роляў. У 1987 годзе ён кідае вучобу і надакучыўшую працу ў клубе і адпраўляецца са свайго роднага Нью-Ёрка пакараць Лос-Анджэлес, марачы стаць зоркай кіно.
Акцёрскі талент Віна Дызеля ў Галівудзе тады ніхто не ацаніў. Таму, пабыўшы некаторы час без працы і займеўшы даўгі, ён уладкаваўся на тэлебачанне ў якасці прадаўца ў тэлекраму. На працягу года працы Він Дызель добра зарэкамендаваў сябе і здолеў зарабіць трохі грошай. Пры гэтым ён старанна працаваў па 18 гадзін у дзень. Але акцёр разумеў, што прадавец і зорка кіно — гэта не адно і тое ж. Таму ён вярнуўся назад у Нью-Ёрк.
Пачатак здымак у кіно Сваю першую ролю (эпізадычную) Він Дызель выканаў у 1990 годзе ў драме Пэні Маршал «Абуджэнне». Акцёр, які сыграў непрыкметную ролю санітара, нават не быў паказаны ў тытрах. А сам фільм пазней быў намінаваны на прэмію «Оскар».
Тады ж маці падарыла сыну кнігу «Стварэнне фільма коштам не даражэй старэнькага аўто», напісаную Рыкам Шмітам. Гэтым яна хацела як бы сказаць Віну Дызелю, што фільм можна зняць і сваімі сіламі за невялікія грошы. Акцёру спадабалася тая мысль і пасля таго, як ён старанна вывучыў кнігу, пачаў пісаць сцэнарый для поўнаметражнай стужкі «Валацугі». Але неўзабаве зразумеў, што не ў сілах скончыць працу. Таму ён пераключыўся на нешта больш простае, вырашыўшы зняць кароткаметражку. Так ў 1995 годзе ўсяго за некалькі дзён Він Дызель напісаў сцэнарый і здолеў зняць фільм «Шматаблічны» пад музыку, напісаную ім жа. Карціна была вельмі блізкая па духу самому Віну і прысвечана множнасці культур і індывідуальнасці асобы. Акрамя таго, што ён сам зняўся ў галоўнай ролі, згуляўшы Майка, ён выступіў і ў якасці прадзюсара, выдаткаваўшы на вытворчасць 20-хвіліннага фільма ўсяго 3000 долараў ЗША. Падчас здымак Він Дызель атрымліваў мноства папрокаў і негатыўных водгукаў з боку людзей, таму так і не дарабіў канчатковую версію фільма, адклаў яго на нявызначаны тэрмін. Але дзякуючы падтрымцы айчыма Він ўсё-ткі скончыў сваю кароткаметражку. Трохі пазней яна была паказана групе прыкладна з 200 чалавек у адным з кінатэатраў Манхэтэна. У выніку фільм атрымаў станоўчыя водгукі і быў паказаны на Канскім кінафэстывалі ў маі 1995 года. Праз 4 гады, 17 жніўня 1999 г., фільм выйшаў у ЗША.
Менавіта дзякуючы такому поспеху «шматаблічны» Він Дызель вярнуўся ў Лос-Анджэлес, дзе зноў пачаў працаваць тэлепрадаўцом і капіць грошы. На іх ён збіраўся экранізаваць сваю першую задумку — карціну «Валацугі». У 1996 годзе пасля 8 месяцаў руплівай працы ён разам са сваім сябрам Джонам Сэйлам назапасілі больш за 50 тысяч долараў, што дазволіла ім прыступіць да здымак фільма. Він Дызель выканаў галоўную ролю ў сваёй карціне — Рык. У пачатку 1997 года — 18 студзеня, фільм «Валацугі» быў паказаны на кінафестывалі «Сандэнс». Водгукі пра карціну апынуліся станоўчымі, таму ў Віна з’явіліся дадатковыя сродкі для раскруткі яго фільма. Аднак продажы былі не вельмі вялікія (у ЗША фільм выйшаў праз амаль 11 гадоў — 15 студзеня 2008 года). Таму, зноў адчуваючы недахоп сродкаў, Він Дызель вярнуўся ў Нью-Ёрк.
Але зусім скора з Вінам Дызелем звязаўся адзін з слуг Стывена Спілберга, які заўважыў пачаткоўца акцёра пасля прэм’еры фільма «Валацугі» на фестывалі. Аказалася, што знакаміты рэжысёр жадаў асабіста сустрэцца з ім. Пасля іх гутаркі Стывен Спілберг запрасіў Віна Дызеля зняцца ў фільме «Выратаваць радавога Раяна» пра Другую сусветную вайну з Томам Хэнксам у адной з галоўных роляў. Гэта быў першы вопыт Віна ў вялікім кіно. Падчас здымак ён хадзіў са сваёй відэакамерай і здымаў усё, што адбываецца, што вельмі ўразіла Стывена Спілберга. Па сцэнарыі, напісаным спецыяльна для Віна Дызеля, акцёр выканаў у карціне другарадную ролю — радавога Адрыяна Капарза, якога забілі ў першай палове фільма. Прэм’ера фільма адбылася 24 ліпеня 1998 года і за ўвесь час пракату ён сабраў амаль 500 мільёнаў долараў. У пачатку 1999 года карціна атрымала 11 намінацый на прэмію «Оскар», 5 з якіх выйграла. Стывен Спілберг стаў лаўрэатам як «Лепшы рэжысёр». Сам жа Він Дызель разам са сваімі таварышамі па фільме, выканаўцамі галоўных роляў, быў намінаваны на прэмію Гільдыі кінаакцёраў ЗША ў катэгорыі «Лепшае выкананне роляў групай акцёраў».
У 1999 годзе выйшаў мультфільм «Сталёвы гігант», зняты рэжысёрам Брэдам Бердам і які распавядае пра добрага, але не зразумелага людзьмі з-за сваіх гіганцкіх памераў, робата. Він Дызель агучыў галоўнага героя гэтай карціны зноў жа дзякуючы поспеху яго фільма «Валацугі». Так здарылася, што на фестывалі «Сандэнс» яго заўважыла адна з жанчын, якая працавала на Брэда Берда і дапамагала яму ў ажыццяўленні набору работнікаў. Яна прапанавала Віну Дызелю прайсці праслухоўванне перад здымкамі мультфільма. У выніку ён абышоў многіх вядомых галівудскіх акцёраў і прыняў удзел у карціне. Мультфільм быў вельмі цёпла прыняты гледачамі, але ў пракаце ён нават не акупіў сябе, сабраўшы ўсяго 23 мільёны долараў супраць 70, затрачаных на яго вытворчасць. Гэта адбылося з-за таго, што таварыства Братоў Варнераў перад прэм’ерай правяло слабую рэкламную кампанію.
Прызнанне і слава У пачатку 2000 года выйшлі адразу тры карціны з удзелам Віна Дызеля. 30-га студзеня ізноў на кінафестывалі «Сандэнс» адбылася прэм’ера фільма Бэна Янгера, дзе акцёр зняўся ў адносна невялікай ролі брокера Крыса Варыка.
У гэты ж час на амерыканскім тэлебачанні быў паказаны фільм «Чорная дзірка», дзе Він Дызель згуляў пакуль яшчэ нікому невядомую ролю Рычарда Б. Рыдыка. 18 лютага 2000 года на экраны выйшла фантастычная карціна «Апраметная цемра», дзе акцёр выканаў галоўную ролю. Змест кіно просты. Група касмічных падарожнікаў у выніку аварыі патрапіла на невядомую планету, якую насялялі зласлівыя пачвары, якія выпаўзаюць на паверхню па начах. Аднак Він Дызель, які валодаў дастатковай харызмай, здолеў годна згуляць ліхадзея Рычарда Б. Рыдыка, які ўмеў бачыць у цемры і сталаўшага адзінай надзеяй на выратаванне тых, хто выжыў. Тым не менш здымкі праходзілі для акцёра няпроста — ён ледзь не вывіхнуў плячо, а з-за спецыяльных кантактных лінзаў, якія рабілі яго вочы святлівымі ў цемры, пашкодзіў сабе вочы. Пасля яму прыйшлося праходзіць курс рэабілітацыі ў адной з бальніц. У выніку фільму з бюджэтам у 23 мільёны долараў ўдалося больш чым у 2 разы перавысіць зборы над выдаткамі.
2001 год замацаваў поспех Віна Дызеля. 18 чэрвеня на амерыканскія экраны выйшаў баявік «Фарсаж» рэжысёра Роба Кохэна, дзе акцёр сыграў ролю Дамініка Тарэта, завадатара банды вулічных гоншчыкаў, якія займаюцца дробным разбоем. Таксама адну з галоўных роляў выканаў тады яшчэ невядомы Пол Уокер. З-за таго, што сцэнарый фільма быў напісаны на аснове матэрыялу, апублікаванага ў часопісе «Вайд» і які распавядае пра гонкі, якія нелегальна праводзяцца ў Лос-Анджэлесе, Віну Дызелю перад здымкамі прыйшлося адправіцца ў гэты горад, каб самому ўсё ўбачыць. Акрамя гэтага акцёр прайшоў падрыхтоўку ў школе каскадзёраў. Такі падыход да здымак не толькі акцёраў, але і рэжысёра, які здолеў годна падабраць музыку і якасна зняць усе сцэны пагоні і трукаў, дазволіў сабраць для фільма даход, ў некалькі разоў перасягнуўшы сродкі, затрачаныя на яго вытворчасць. У 2002 годзе на цырымоніі ўзнагароджання прэміяй канала «Эмціві» Він Дызель і Пол Уокер ўзнагароджаныя ў намінацыі «Лепшая экранная каманда». Акрамя гэтага Він Дызель быў намінаваны ў катэгорыі «Лепшая мужчынская роля», але прайграў Уілу Сміту, які сыграў у фільме «Алі».
За тое кіно Він Дызель палучыў свой першы заробак у памеры некалькіх мільёнаў долараў ЗША. Далей Він Дызель не захацеў зняцца ў працягу. Ён хацеў за свой удзел у кіно вялікіх грошай. Яму іх не далі, бо вытворцы думалі, што галоўнае ў кіно не ўдзел Віна Дызеля, а мноства пагонь і вялікая колькасць возаў. Вытворцы настойвалі на «танным» вяртанні акцёра ў кіно. 30 красавіка 2002 года Він Дызель адмовіўся ад удзелу ў здымках. Разам з ім адмовіўся ад удзелу Роб Кохэн. Аднак вытворцы аказаліся правыя. Кіно было знятае і выйшла на экраны летам 2003 года. Зняў фільм рэжысёр Джон Сінглтан «Падвойны фарсаж», патраціўшы 76 мільёнаў долараў ЗША, сабраў 236 мільёнаў долараў ЗША.
Працяг кар’еры
У канцы 2001 года ў Італіі адбылася прэм’ера фільма «Вышыбалы», вытворчасць якога была пачата яшчэ ў 1999 годзе і выхад некалькі разоў адкладаўся. У многіх іншых краінах карціна выйшла на шырокія экраны толькі ў 2002 годзе. Він Дызель выканаў ролю Тэйлара Рыза, сябра сына аднаго з уплывовых мафіёзных босаў Брукліна.