«Пілтда́ўнскі чалаве́к», таксама «Пільтда́ўнскі чалаве́к» () — адна з самых вядомых містыфікацый XX стагоддзя. Касцяныя фрагменты (частка чэрапа і сківіцы), выяўленыя ў 1912 годзе ў жвіровым кар’еры Пілтдаўна (Усходні Сасэкс, Англія), былі прадстаўлены як скамянелыя астанкі раней невядомага старажытнага чалавека — «адсутнага звяна» ў эвалюцыі паміж малпамі і чалавекам. На працягу сарака гадоў ўзор заставаўся аб’ектам спрэчак, пакуль у 1953 годзе майстэрскую падробку ўсё ж не выкрылі і не ўстанавілі, што гэта чэрап цалкам развітога сучаснага чалавека, наўмысна злучаны з трохі падпілаванай ніжняй сківіцай арангутана і апрацаваны біхраматам калія для імітацыі старажытнай афарбоўкі. Пытанне аб аўтарстве містыфікацыі яшчэ да канца не вырашана, але галоўным падазраваным лічыцца адвакат і археолаг-аматар Чарлз Доўсан.

Гісторыя знаходкі 15 лютага 1912 года Артур Сміт Вудвард, захавальнік аддзела геалогіі Брытанскага музея, атрымаў ліст ад археолага-аматара Чарлза Доўсана (). Той паведамляў аб сваёй знаходцы ў жвіровым кар’еры ў Пілтдаўне — часткі масіўнага чэрапа чалавекападобнай істоты. У маі Сміт Вудвард пачаў яе даследаваць і ў выніку зрабіў выснову, што фрагмент належаў да гэтага часу не вядомаму старажытнаму чалавеку, і даў новаму віду навуковую назву «Eoanthropus dawsoni» («Чалавек світання Доўсана»). Разам з Доўсанам летам ён працягнуў раскопкі, знайшоўшы і іншыя сведчанні існавання старажытнага «пілтдаўнскага чалавека»: яшчэ больш фрагментаў чэрапа, сківіцы з двума зубамі, разнастайныя акамянеласці жывёл і прымітыўныя каменныя прылады працы.

Лічачы, што знойдзеныя рэшткі належалі аднаму чалавеку, Сміт Вудвард зрабіў рэканструкцыю чэрапа, і 21 лістапада 1912 года газета «Манчэстэр Гардыян» апублікавала артыкул пра «дзіўнае адкрыццё ў Сасэксе», дзе, у прыватнасці, адзначалася, што, хутчэй за ўсё, істота, якой належаў чэрап, жыла мільён гадоў таму і што гэта найбольш ранні продак чалавека, выяўлены ў Англіі. Праз некалькі тыдняў, 18 снежня 1912 года, на пасяджэнні Лонданскага геалагічнага таварыства аб адкрыцці «пілтдаўнскага чалавека» было абвешчана сусветнай супольнасці. Знаходка, заяўленая як «адсутнае звяно» ў эвалюцыі паміж малпай і сучасным чалавекам, стала сапраўднай сенсацыяй.

Падчас прэзентацыі Доўсан паведаў гісторыю адкрыцця. У прыватнасці аб тым, што сам чэрап знайшлі, уласна, працоўныя жвіровага кар’ера, разбілі яго і раскідалі абломкі на ўчастку. Большасць фрагментаў, наколькі гэта было магчыма, пасля знайшлі. А акрамя таго, паблізу ад месца знаходкі чэрапа сам Доўсан выявіў палову ніжняй чалавечай сківіцы. Яшчэ былі знойдзены два абломкі карэннага зуба слана пліяцэнавай эпохі і моцна сплюшчаны кончык зуба мастадонта — акрамя зубоў гіпапатама, бабра і каня, фрагмента рога аленя.

Пасля Доўсана выступіў Сміт Вудвард са сваімі высновамі адносна знойдзенага. Ён змястоўна далажыў аб будове чэрапа, пры гэтым адзначыўшы, што той мае ўсе асноўныя рысы роду Homo і аб’ём мозгу не менш за 1070 см³. У прамове, ілюстраванай дыяпазітывамі і схемамі, Вудвард зрабіў здагадку, што ўзор належыць асобе жаночага полу, абгрунтаваў сваё меркаванне аб тым, што яе можна разглядаць як прадстаўніка да гэтага часу невядомага віду Homo, і прапанаваў новую назву для яго.

У далейшай працяглай дыскусіі навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што форма знойдзенага чэрапа, будова вушэй і скронева-ніжнясківічнага сустава характэрныя для істоты супрацьлеглай чалавекападобнаму тыпу, у адрозненне ад неандэртальцаў. З іншага боку, тады шыя павінна быць спарахнелай і «малпападобнай», а форма падбародка — выступаючай, як у сабакі. Нягледзячы на гэта і іншыя наяўныя супярэчнасці, большасць навукоўцаў падтрымалі адкрыццё Чарлза Доўсана. Па здагадках, гэта адбылося таму, што на той час у палеанталогіі Вялікабрытаніі быў застой і яе практыкі ад безвыходнасці хацелі верыць у тое, што нарэшце з’явілася ўнікальная і неацэнная знаходка. Раскопкі ў пячоры Кра-Маньён у Францыі, у цясніне Неандэрталь і ў Гайдэльбергу ў Германіі далі свету ўражальныя знаходкі старажытных людзей. У Вялікабрытаніі ж не было зусім нічога, а пілтдаўнскае адкрыццё давала вучоным тое, чаго яны хацелі, — «самага першага англічаніна» і доказ таго, што і Англія была важным звяном у фарміраванні нашага віду. Акрамя таго, згулялі сваю ролю і расісцкага кшталту меркаванні аб тым, што найбольш раннія знаходкі выкапняў чалавечых астанкаў павінны быць зроблены менавіта ў Заходняй Еўропе як нібыта «найбольш прагрэсіўным» рэгіёне свету.

Чарлз Доўсан працягнуў раскопкі са сваім сябрам, ксяндзом езуітам П’ерам Тэярам дэ Шардэнам, які вучыўся палеанталогіі і геалогіі. Менавіта ён 30 жніўня 1913 года і знайшоў ікол, які, на думку Сміта Вудварда, бясспрэчна належаў выяўленай раней сківіцы. Пасля, у 1914 годзе, быў знойдзены яшчэ адзін артэфакт — старажытная прылада працы, выразаная з косткі выкапнёвага слана. Завяршыла карціну апошняя знаходка, зробленая Доўсанам ў пачатку 1915 года на адлегласці каля двух міль ад папярэдніх, у Шэфілдскім парку, — два скамянелыя абломкі чалавечага чэрапа і карэнны зуб, якія, па яго здагадцы, належалі яшчэ адной асобіне Eoanthropus dawsoni. Крыху пазней ён выявіў яшчэ частку ніжняга карэннага зуба прадстаўніка да гэтага часу нявызначанага вiда насарогаў. Інфармацыю аб знойдзеным Сміт Вудвард апублікаваў не адразу, а значна пазней — у 1917 годзе, праз пяць месяцаў пасля смерці Доўсана ад сепсісу ў жніўні 1916 года. Пасля гэтага ніякіх іншых доказаў існавання «пілтдаўнскага чалавека» ўжо ніколі выяўлена не было.

24 ліпеня 1921 года Брытанскі музей наведаў прэзідэнт Амерыканскага музея прыродазнаўства Генры Файрфілд Осбарн, які да таго меў вялікія сумневы адносна каштоўнасці адкрыцця. Але, агледзеўшы пілтдаўнскія знаходкі, ён таксама прызнаў іх: «Якім бы парадаксальным гэта ні было, тым не менш гэта праўда…»

На месцы знаходкі Чарлза Доўсана ў Пілтдаўне 23 ліпеня 1938 года быў усталяваны мемарыяльны камень. Падчас яго адкрыцця брытанскі антраполаг Артур Кіт (), які ў свой час быў адным з галоўных скептыкаў, выступіў з прамовай. Ён заявіў, што гэта вялікі гонар для яго, і адзначыў важнасць працы Чарлза Доўсана.

Выкрыццё З самага пачатку рэканструкцыя чэрапа «пілтдаўнскага чалавека» ў выкананні Сміта Вудварда выклікала шмат сумненняў. У прыватнасці, Артур Кіт яшчэ падчас першага паказу 18 снежня 1912 года выказаў меркаванне аб тым, што скронева-ніжнясківічны сустаў чэрапа падобны да сустава сучаснага чалавека і «малпападобны» ікол несумяшчальны з ім. Пасля, у чэрвені 1913 года, са злепкаў пілтдаўнскіх фрагментаў, якія паступілі ў Музей Англійскага каралеўскага хірургічнага каледжа, ён самастойна змадэляваў чэрап і выявіў, што чарапной поласці ў рэканструкцыі Сміта Вудварда яшчэ да таго ж і не хапае мінімум 250—300 см³. А. Кіт выклаў свае меркаванні спачатку ў вузкім коле навукоўцаў, сярод якіх быў і яго даўні сябар, прафесар анатоміі з Манчэстэра, Графтан Эліёт Сміт. Але адзіным, каго ён змог тады пераканаць, быў брытанскі заолаг Эдвін Рэй Ланкестэр. Гэта не спыніла Артура Кіта, і ён, адстойваючы сваё меркаванне, паказаў на анатамічныя неадпаведнасці ў рэканструкцыі Вудварда замежным навукоўцам, удзельнікам Міжнароднага медыцынскага кангрэса, які праходзіў у жніўні 1913 года ў Лондане, і надрукаваў адпаведны матэрыял у «Таймс». Такія дзеянні выклікалі абурэнне навуковай супольнасці Вялікабрытаніі, а Эліёт Сміт разарваў сяброўства з Кітам.

Зрэшты, пазней да Артура Кіта далучыўся анатам Дэвід Уотэрстан (), які 13 лістапада 1913 года выказаў свае крытычныя заўвагі адносна пітлдаўнскай знаходкі ў публікацыі часопіса «Nature» і зрабіў выснову, што сківіца практычна ідэнтычная шымпанзэ, а фрагменты чэрапа, па сутнасці, маюць чалавечае аблічча, а таму было б нелагічна лічыць, што яны маглі належаць адной асобіне.

У 1915 годзе амерыканскі заолаг Герыт Сміт Мілер апублікаваў вынікі больш дэталёвага вывучэння злепкаў пілтдаўнскіх узораў з высновай аб тым, што сківіца належыць выкапнёвай шымпанзэ. Пасля такая кропка гледжання атрымала значную падтрымку і сярод іншых навукоўцаў, у прыватнасці французскага палеантолага Марселена Буля.

І нарэшце, у 1923 годзе нямецкі анатам Франц Вейдэнрэйх (), прааналізаваўшы рэшткі, паведаміў, што гэта чэрап сучаснага чалавека і сківіца арангутана з падпілаванымі зубамі.

Акрамя таго, рэшткі старажытных людзей, знойдзеныя ў наступныя гады ў Афрыцы, Кітаі, Інданезіі і іншых частках Азіі і Еўропы, не сведчылі аб наяўнасці вялікага мозгу і малпападобнай сківіцы, як у «пілтдаўнскага чалавека». Наадварот, яны наводзілі на думку аб тым, што спачатку сківіца і зубы набылі чалавекападобны выгляд, а ўжо потым значна развіўся і мозг. Калі рознагалоссяў стала занадта шмат, каб іх можна было ігнараваць, і з’явіліся новыя метады даследаванняў, пілтдаўнскія рэшткі зноў пачалі аналізаваць.

У 1949 годзе англійскі антраполаг Кэнэт Оклі () правёў серыю тэстаў фторнага аналізу знойдзеных акамянеласцяў, якія паказалі, што знаходкам, верагодна, не больш за 50 000 гадоў. Пасля гэтага для больш стараннага вывучэння матэрыялаў да Оклі далучыліся прадстаўнікі Оксфардскага універсітэта: антраполаг Вілфрыд ле Грос Кларк () і анатам Джозэф Вайнер (). Сумеснымі намаганнямі яны высветлілі, што пілтдаўнскія фрагменты чэрапа і сківіцы належалі двум розным відам — чалавеку і малпе, хутчэй за ўсё, арангутану. Драпіны на паверхні зубоў, якія відаць пад мікраскопам, паказалі на тое, што яны былі падпілаваныя знізу, каб больш быць падобнымі да чалавечых. Навукоўцы таксама выявілі, што большасць знаходак з пілтдаўнскага кар’ера былі штучна састараныя і пафарбаваныя пад колер мясцовага жвіру. З усяго гэтага яны зрабілі выснову, што «пілтдаўнскі чалавек» — гэта нахабная падробка і вытанчаны навуковы падман, аб чым і паведамілі грамадскасці 30 лістапада 1953 года публікацыяй у «Таймс».

Складнікі знаходкі Як высветлілася з часам, для містыфікацыі аб «пілтдаўнскім чалавеку» быў створаны цэлы шэраг фальшывых археалагічных знаходак. Фрагменты чэрапа Усяго было знойдзена 5 фрагментаў чэрапа. Іх карычневую афарбоўку патлумачылі наяўнасцю жалеза ў жвіровым кар’еры. На сёння лічыцца, што фрагменты былі штучна афарбаваныя з выкарыстаннем сульфату жалеза і іх узрост складае толькі каля 1 тыс. гадоў. Сківіца і зубы Сама сківіца не падобная да чалавечай, але ў спалучэнні з зубамі вонкава падобная да сківіцы, знойдзенай у 1907 годзе ў Гайдэльбергу і датаванай 500 тыс. гадоў таму. У 1953 годзе высветлілася, што сківіца і зубы, верагодна, належалі арангутану, а зубы былі падпілаванымі, каб быць блізкімі да чалавечых. Ікол Ікол, знойдзены ў жніўні 1913 года, па памеры быў сярэднім паміж малпавым і чалавечым, а значыць, пацвердзіў статус «пілтдаўнскага чалавека» як прамежкавага звяна ў эвалюцыі. Таксама меў карычневую афарбоўку. У 1955 годзе тэсты пацвердзілі, што ікол, верагодна, быў афарбаваны пігментам, вядомым як карычневы вандэйк. Рэканструяваны чэрап Рэканструкцыі чэрапа, зробленыя з аналагічных фрагментаў Смітам Вудвардом і Артурам Кітам, значна адрозніваліся і сталі аб’ектам працяглых спрэчак у навуковых колах. У 1953 годзе было выяўлена, што знаходкам значна менш гадоў, чым меркавалася, а таксама што фрагменты чэрапа і сківіцы належаць двум розным відам. Прылады працы Знойдзены ў 1914 годзе абломак косткі выкапнёвага слана з прыкметамі апрацоўкі чалавекам быў прадстаўлены як прылада працы для капання. Цяпер устаноўлена, што прылада была выраблена з дапамогай сталёвага нажа. Каменныя прылады і акамянеласці жывёл Знойдзеныя шматлікія зубы жывёл і прылады працы з крэменю сталі доказам таго, што «пілтдаўнскі чалавек» працаваў з выкарыстаннем інструментаў, і паказвалі на яго рацыён харчавання. У 1953 годзе з дапамогай тэстаў высветлілі, што знаходкі паходзяць не з Пілтдаўна, а камяні штучна афарбаваныя. Таксама выклікала падазрэнні, што пры такой колькасці зубоў выкапневых жывёл не знойдзена ніякіх іншых костак.

Храналогія 1908 — знойдзеныя першыя фрагменты чэрапа «пілтдаўнскага чалавека», або, па меншай меры, так сцвярджае Чарлз Доўсан