Яку́б Брэ́тцар (таксама Брэцар; ; 23 ліпеня 1690 — 11 жніўня 1733) — мастак-манументаліст, жывапісец, манах-езуіт. Прадстаўнік мастацтва барока, адзін з ранніх стваральнікаў ілюзіяністычных роспісаў у сакральнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія Нарадзіўся 23 ліпеня 1690 года ў Пінску (У літоўскай і польскай мастацтвазнаўчай літаратуры месцам нараджэння мастака часам пазначаецца Польшча). У 1712 годзе ў Вільні ўступіў у ордэн езуітаў. Усё сваё кароткае жыццё мастак прысвяціў мастацкаму афармленню святынь свайго ордэна ў розных гарадах Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у маладым узросце — у сорак тры гады, 11 жніўня 1733 года ў родным Пінску.

Творчасць У 1714—1715 гадах Якуб Брэтцар выканаў выяву каталіцкага святога Андрэя Баболі ў віленскім касцёле Святога Казіміра. Пасля гэтага жывапісец працаваў у Слуцку, дзе ў 1715—1717 гадах аздабляў інтэр’ер драўлянага касцёла Святой Тройцы (будынак не захаваўся да нашых дзён). Паводле даследаванняў мастацтвазнаўцы Далі Клаюмене, у Слуцку ён стварыў чатыры ілюзіяністычна жывапісныя алтары, якія імітавалі аб’ёмную архітэктуру.

У 1717—1721 гадах Брэтцар працаваў у Полацку. Ён размаляваў марыянскую капліцу (садаліцыю) у рэфектарыі езуіцкага калегіума, а таксама напісаў абразы «Укрыжаванне», «Маці Божая» і шэраг партрэтаў. У 1721—1722 гадах мастак выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціі і ілюзорны алтар Маці Божай у мінскім езуіцкім касцёле.

У 1723—1724 гадах ён працаваў у Нясвіжы і зноў у Слуцку. З 1724 па 1726 год майстар займаўся залачэннем алтароў у нясвіжскім касцёле Божага Цела. Вярнуўшыся ў Вільню, на працягу 1726—1731 гадоў у мясцовым доме прафесаў Брэтцар напісаў партрэты генералаў ордэна езуітаў і манахаў-мучанікаў.

У 1731—1732 гадах жывапісец працаваў у Віцебску, дзе размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле Святога Іосіфа (не захаваліся), а таксама стварыў абразы святога Андрэя Баболі і святога Тадэвуша. З 1732 года ён зноў працаваў у Нясвіжы і Пінску. Звесткі пра канкрэтныя працы Брэтцара ў пінскіх касцёлах не выяўлены.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мастакі Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Пінску Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1690 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 23 ліпеня Катэгорыя:Памерлі ў Пінску Катэгорыя:Памерлі ў 1733 годзе Катэгорыя:Памерлі 11 жніўня Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Мастакі барока