Прэмія Цёткі — прэмія ў гонар беларускай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Заснавальнікі прэміі — РГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», дабрачынны фонд «Вяртанне» і Беларускі ПЭН-цэнтр. Заснавана ў канцы 2015 года, уручаецца з 2016 года. Адзіная недзяржаўная беларуская літаратурная прэмія, якая даецца за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры і кнігавыдання.
Прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. Уручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (аўтару кнігі незалежна ад роду літаратуры: проза, паэзія, драматургія) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі).
Пераможца ў кожнай з намінацыі атрымлівае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000 доларам ЗША паводле курсу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (у выпадку калектыўнага аўтарства прэмія дзеліцца між усімі аўтарамі). Адпаведна палажэнню аб прэміі заяўляць кнігі на конкурс маюць права выдавецтвы, аргкамітэт прэміі, члены журы, сам аўтар або мастак.
Гісторыя Прэмія заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і дабрачынным фондам «Вяртанне». Апякункай прэміі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў абраная Алаіза Пашкевіч (Цётка), аўтарка «Першага чытання для дзетак беларусаў», стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, рэдактарка часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка». Упершыню прэмія была ўручаная ў 2016 годзе. Лаўрэатамі першай прэміі Цёткі сталі Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі «Сем ружаў», і Кацярына Дубовік, ілюстратарка гэтай жа кнігі. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 3 мая ў прасторы «Корпус8».
У 2020 годзе ўпершыню цырымонія ўручэння адбывалася без асобнага мерапрыемства. У сувязі з праблемамі з-за COVID-19 ва ўмовах часовай ізаляцыі ўсе абмеркаванні праходзілі анлайн. 14 кастрычніка 2021 года, калі ў чарговы раз былі абвешчаныя пераможцы Прэміі Цёткі, імпрэзы, прысвечанай дзіцячай літаратуры, таксама не было.
Лаўрэаты
2016 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Надзея Ясмінска, за кнігу «Сем ружаў». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Кацярына Дубовік, за кнігу «Сем ружаў».
2017 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Уладзімір Арлоў, за кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Павел Татарнікаў, за кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».
2018 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Валеры Гапееў, за кнігу «Мая мілая ведзьма». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Лізавета Лянкевіч, за кнігу «Азбука. Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна.
2019 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Вера Бурлак, за кнігу вершаў «Фантазюркі». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Кацярына Дубовік, за кнігу Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты».
2020 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Зараслава Камінская, за кнігу вершаў «Калядны стол. Некулінарная кніга». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Вераніка Шпак, за кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня „Зубраня“ наведала».
2021 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Вольга Гапеева, за кнігу «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Валерый Славук, за кнігу «Вядзьмар, які рабіўся ваўком».
2022 год Лаўрэат у намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» — Антон Францішак Брыль, за кнігу «Мышыныя Каляды». Лаўрэат у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне» — Лілія Бусарава, за кнігу Эдзі Агняцвет «Мой рыжы Бім».
2023 год У літаратурнай намінацыі перамогу падзялілі: Ева Вайтоўская — за кнігу «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) — «за смелую імправізацыю паводле японскага сюжэту і беларускі свет гарэзлівага юнацтва»; Валер Гапееў — за кнігу «Вольнеры. Прадвесце» (выдавецтва «Янушкевіч», 2023) — «за адкрыццё новай прасторы беларускага міфапаэтычнага космасу». У мастацкай намінацыі перамагла Лізавета Лянкевіч — за ілюстрацыі да кнігі Яна Бжэхвы «Акадэмія доктара Клякса» (выдавецтва «Папуры», 2023) — «за сучасны падыход да стварэння ілюстрацый і кніжнага афармлення».
2024 год У літаратурнай намінацыі пераможцамі сталі: Альгерд Бахарэвіч — за кнігу «Капітан Лятучая Рыба» (выдавецтва «Янушкевіч», 2024) — за мастацкую трансфармацыю вобразу выгнання ў вялікае падарожжа насустрач свету; Эльга Папова — за кнігу «Мора ў горадзе» (выдавецтва «Янушкевіч», 2024) — за лёгкі і нязмушаны аповед пра мора, якое заўсёды з табой. У мастацкай намінацыі пераможцам стала Маргарыта Аніс (кодавае імя) — за ілюстрацыі да кнігі Веранікі Юлляш «Розум, смеласць і добрае сэрца» (выдавецтва «Лубін», 2024) — «за ўдумлівы падыход да стварэння графічнага нарытыву і імерсіўнага макету».
Заўвагі
Крыніцы
Спасылкі Сайт прэміі Палажэнне аб прэміі Цёткі
Катэгорыя:Беларускія літаратурныя прэміі