Хаты́ньРапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с. — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Знаходзілася за 54 км на паўночны ўсход ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск — Віцебск у Каменскім сельсавеце. Спалена карнікамі ў 1943 годзе. Перад вайной у вёсцы жылі 156 чалавек. Пасля вайны не адрадзілася, на яе месцы створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь».
Гісторыя Згадваецца ў 1536 годзе ў абмежаванні маёнтка КораньНГАБ у Мінску, ф. 1769, воп. 1, спр. 9, с. 84. Згадана пад 1551 годам, калі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў менскаму старосту Васілю Цішкевічу прывілей набываць «землі і дварцы» ў Піліповічах, Слагавішчы і Хатыні, якія належалі беларуска-літоўскім татарам. Тым часам абшар татарскіх уладанняў на Лагойшчыне ахопліваў вялікую пушчу абапал дарогі з Лагожска на Плешчаніцы, з падданымі ў сёлах Ніўкі, Хатынь, Губа, Слагавішча. Васіль Цішкевіч купіў у мясцовых татар сярод іншых і сяло Хатынь, прычым татары пазней скардзіліся, што пры пакупцы Цішкевіч іх пакрыўдзіў. Былыя татарскія ўладанні затым аб’яднаны ў адзіны маёнтак Губа.
У сярэдзіне XVI стагоддзя Хатынь была даволі вялікім сялом, налічвала 13 службаў, тым часам «служба» складалася звычайна з 2—3 і болей «дымоў» — сялянскіх гаспадарак. Адпаведна, колькасць «дымоў» у Хатыні была прыблізна 30—40, а жыло ў вёсцы не менш за 200 чалавек. Хатынцы мелі права на «ловы» (паляванне) у пушчы, займаліся бортніцтвам, то-бок здабывалі мёд, воск і іншыя прадукты пчалярства. Агулам даніна хатынцаў уладальнікам зямлі Тышкевічам складала 20 пудоў мёду, а серабшчызна — па 12 грошай ад «сахі» (зямельнага надзелу), штогод.
Знішчэнне вёскі
У час Другой сусветнай вайны, раніцай 22 сакавіка 1943 года на скрыжаванні дарог Плешчаніцы—Лагойск і Казыры—Хатынь савецкія партызаны атрада «Мсцівец» абстралялі легкавую машыну, у якой ехаў гаўптман (капітан) Ганс Вёльке, камандзір адной з рот 118-га паліцэйскага батальёна, які быў сфарміраваны ў асноўным з палонных чырвонаармейцаў. Вёльке быў першым немцам, які заваяваў залаты алімпійскі медаль у лёгкай атлетыцы. Разам з былым лёгкаатлетам былі забітыя яшчэ некалькі паліцаяў-украінцаў. Паліцаі 118-ы батальёна выклікалі на дапамогу спецыяльны батальён штурмбанфюрара Оскара Дырлевангера. Па дарозе з Лагойска, паліцаі арыштавалі і неўзабаве расстралялі групу мясцовых жыхароў — лесасекаў. Да вечара 22 сакавіка, карнікі па слядах партызан выйшлі да вёскі Хатынь, якую спалілі разам з усімі яе жыхарамі. Камандаваў расправай начальнік штаба 118-га паліцэйскага батальёна Рыгор Васюра, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.
Мемарыяльны комплекс
Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Хатынь і іншых беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі разам з насельніцтвам у Вялікую Айчынную вайну, быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года.
Царква Раства Божай Маці
Грэка-каталіцкая (ўніяцкая) царква ў гонар Раства Божай Маці асвечана 6 лістапада 1794 года. Пасля скасавання царкоўнай уніі стала праваслаўнай. Паводле інвентарных апісанняў ХІХ стагоддзя царква была маленькай — даўжыня толькі каля 10 м. Пабудавана з бруса, гонтавы дах, дашчатая падлога, чатыры акны, вежка з купалам, вялікі алтар разной работы. Паводле іншых апісанняў царква была вырашана прамавугольным зрубам на падмурку (15 х 8,5 х 5,5 аршын). Сцены чляніліся 2 вялікімі і 2 малымі вокнамі. На франтальнай частцы дашчатага даху ўзвышалася 4-слуповая званіца. Помнік народнага драўлянага дойлідства. Была прыпісана да Спаса-Праабражэнскай царквы ў Лагойску. У 1895 годзе царкву адрамантавалі. Па адной версіі царква на пачатку XX стагоддзя разбурана савецкімі ўладамі. Па іншай, як успамінаў выжыўшы жыхар вёскі Віктар Жалабковіч, царква прастаяла да Другой сусветнай вайны і спалена вясной 1943 года.
Адноўлена ў 2022—2023 гадах па ініцыятыве дырэктара мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артура Зельскага. Яна ўяўляе «зборнае аблічча» традыцыйнай драўлянай вясковай царквы XVIII ст. гэтага рэгіёну з выкарыстаннем вядомых з інвентарных апісанняў гістарычных параметраў хатынскага храма (навуковы кіраўнік архітэктар Раман Забела). Царква знаходзіцца на бліжэйшым да гістарычных вясковых могілак пагорку, дзе некалі стаяў першы храм. Размяшчэнне царквы дапасавана да візуальных прасторавых сувязяў мемарыяльнага комплексу і навакольнага ландшафту, захавана арыентацыя на паўночны ўсход.
Крыніцы
Спасылкі
Старыя фатаздымкі Хатыні на віртуальным музеі горада Лагойска
Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі Катэгорыя:Зніклі ў 1943 годзе