Каланіялізм — сістэма панавання групы прамыслова развітых краін (метраполій) над астатнім светам у XVI—XX стагоддзях. Каланіяльная палітыка — гэта палітыка эксплуатацыі (атрымання прыбытку) метраполіямі з дапамогай ваеннага, палітычнага і эканамічнага прымусу народаў, краін і тэрыторый пераважна з іншанацыянальным насельніцтвам, як правіла, эканамічна менш развітых.
У слоўніку англійскай мовы Collins каланіялізм вызначаецца як «практыка, з дапамогай якой магутная краіна непасрэдна кантралюе менш моцныя краіны і выкарыстоўвае іх рэсурсы для павялічэння ўласнай улады і багацця». Энцыклапедычны слоўнік Webster’s вельмі шырока вызначае каланіялізм як «палітыку нацыі, якая імкнецца пашырыць або захаваць сваю ўладу над іншымі людзьмі або тэрыторыямі». Інтэрнэт-слоўнік Merriam-Webster прапануе некалькі азначэнняў: «панаванне народа або тэрыторыі замежнай дзяржавай або нацыяй», «практыка пашырэння і падтрымання палітычнага і эканамічнага кантролю нацыі над іншым народам або тэрыторыяй» і «палітыка або вера ў набыццё і захаванне калоній». Злом каланіяльнай сістэмы (дэкаланізацыя) адбыўся ў другой палове XX стагоддзя з набыццём незалежнасці Індыяй і шэрагам афрыканскіх краін. Але і ў посткаланіяльны перыяд развітыя заходнія краіны захоўваюць сваё эканамічнае (а часам і палітычнае) панаванне над многімі краінамі Трэцяга свету (неакаланіялізм) .
Самыя раннія выпадкі выкарыстання слова калонія — гэта лацінскае азначэнне жахара рымскіх паселішчаў па-за межамі Рыма — калоніі, а ў эпоху Рымскай імперыі — залежнага селяніна, або вайсковага пасяленца «калона» — жыхара паселішча — калоніі. У Новы час слова калонія і форма «каланіст» пачаў ужывацца і адносіцца да паселішчаў і плантацый Новага свету, куды эмігравалі, засяляліся мужчыны, якія перадавалі свой статус сем’ям. Пераасэнсаванне журналістамі і палітыкамі рэчаіснасці 19 ст. стварыла тэрмін, які ў пачатку 20 ст. пашырыўся свае значэнне і цяпер служыць гістарычнай акрэсленнем еўрапейскай імперскай экспансіі і імперыялістычнага падпарадкавання азіяцкіх і афрыканскіх народаў, а таксама парадыгмай для аналізу формы кіравання. Вызначэнне каланіялізму стала актуальным і неабходным дзеля разумення і стварэння зместу міжнароднага антыкаланіяльнага руху. Яно абмяркоўвалася на Бандунгскай канферэнцыі 1955 года, і кантэксты, да якіх яно прымянялася, зараз спрэчныя. Гэта паняцце выйшла на пярэдні план ў распрацоўцы навуковымі коламі сацыяльных навук у канцы 20 ст., пасля чаго пачалі развівацца посткаланіяльныя даследванні.
Згодна з сучаснымі канцэпцыямі — каланіялізм манапалізуе ўладу, разумеючы заваяваныя або апанаваныя землі і людзей як ніжэйшыя. Ен грунтуюецца на перакананні у праве і перавазе мацнейшага над зваяваным, апраўдвае любыя свае дзеянні перакананнямі ў цывілізацыйнай місіі па паляпшэнні жыцця падуладных і іх зямлі. Гістарычна часта каланіялізм ўкаранёны рэлігійных перакананнях — у веры ў місію пашырэння хрысціянства ці ісламу, як адзіна вернага вучэння, а таму добрага для ўсіх, якімі б сродкамі яно не ажыццяўлялася. Гэтыя перакананні і фактычная каланізацыя аж да сёння ўстанаўліваюць так званую каланіяльнасць, якая трымае каланізаваных сацыяльна-эканамічна адрознымі і падпарадкаванымі праз сучасную біяпалітыку сексуальнасці, гендару, расы, інваліднасці і класа. Сярод іншых праяваў гэты падзел і сістэма адносін прыводзіць да міжсекцыйнага гвалту і дыскрымінацыі.
Хоць розныя формы каланіялізму існавалі па ўсім свеце, гэтая канцэпцыя была распрацавана як апісанне еўрапейскіх каланіяльных імперый мадэрнай эпохі. Яны распаўсюдзіліся па ўсім свеце з 15 стагоддзя да сярэдзіны 20 стагоддзя. Ахапілі 35 % сушы Зямлі да 1800 года і дасягнулі піку ў 84 % да пачатку Першай сусветнай вайны. Еўрапейскі каланіялізм выкарыстоўваў меркантылізм, прыватныя зафрахтаваныя і акцыянерныя кампаніі, каб ствараць складаныя каланіяльныя сістэмы.
Дэкаланізацыя, якая пачалася ў 18 стагоддзі, паступова прывяла да незалежнасці калоній хвалямі, прычым асабліва вялікая хваля дэкаланізацыі адбылася пасля Другой сусветнай вайны паміж 1945 і 1975 гадамі. Каланіялізм аказвае пастаянны ўплыў на шырокі спектр сучасных параметраў жыцця, бо навукоўцы паказалі, што варыяцыі ў каланіяльных інстытутах могуць тлумачыць варыяцыі ў эканамічным развіцці, тыпах рэжымаў, і дзяржаўных магчымасцях. Некаторыя навукоўцы выкарыстоўвалі тэрмін неакаланіялізм для апісання працягу або навязвання элементаў каланіяльнага панавання праз ускосныя сродкі ў сучасны перыяд.
Тыпы каланіялізму
The Times у пачатку ХХ ст. іранізавала, што ёсць тры тыпы каланіяльнай імперыі: «Англійская, якая заключаецца ў стварэнні калоній з каланістамі; нямецкая, якая збірае каланістаў без калоній; французская, якая стварае калоніі без каланістаў». Гісторыкі часта адрознівалі розныя катэгорыі каланіялізму, якія перакрываюцца па змесце, але ў цэлым фармуюць тыпы каланіялізму: пасяленчы, эксплуатацыйны, сурагатны, унутраны, нацыянальны, гандлёвы.
Пасяленчы — засяленне насельніцтвам метраполіі зямель знешняй калоніі.
Сурагатны — засяленне ў калонію іншых народаў дзеля замацавання чужых зямель пад уладай адміністрацыі метраполіі (напр. ірландцы, індусы, негры ў заморскай Брытанскай імперыі, ці немцы, беларусы, украінцы ў кантынентальнай Расійскай імперыі).
Эксплуатацыйны — стварэнне няроўных рамачных умоў (ад культурнага дамінавання, маржы ў эканоміцы, да законаў і вайсковага кантролю) паміж метраполіяй і калоніяй дзеля выцягвання максімуму прыродных рэсурсаў, эканамічных і сацыяльных капіталаў на карысць кіруючай эліты метраполіі.
Унутраны каланіялізм мае два супрацьлеглыя па змесце і накірункі: Станоўчы — стварэнне сеткі адукацыі, камунікацый, засваенне людскімі пасяленнямі тэрыторыі, развіцце прамысловасці і сацыяльных стандартаў насельніцтва ўнутры ўласнай дзяржавы, за кошт падцягвання правінцыі да больш высокага эканамічнага развіцця метраполіі. Адмоўны— сістэма няроўных адносін паміж сталіцай і правінцыяй, калі рэсурсы перыферыі высмоктваюцца ў сталіцу не развіваючы, ці нават маргіналізуючы рэгіены адкуль яны забіраюцца і знішчаючы лакальныя культурныя асаблівасці ў межах уніфікацыі і мадэрнізацыі.
Нацыянальны — змяшэнне пасяленчага і ўнутранага каланіялізму — калі пасяленцы і каланіяльная адміністрацыя, а потым мясцовыя і цэнтральныя палітыкі, ствараюць асобную палітычную самасвядомасць у людзей, якія або спачатку належаць да культуры і этнасу мітраполіі, або блізкія да яго. Напрыклад, Тайвань у Кітаі, французскія вест-ідыйскія і ціхаакіянскія астравы, Канада ці Аўстралія сталі палітычнымі нацыямі не столькі з-за ўласнага жадання, колькі з-за геаграфіі — немагчымасці метраполіі аператыўна і эфектыўна кіраваць на месцы..
Гандлёвы каланіялізм — сітуацыя XIX — пачатку XX ст. — калі заходнія краіны праломвалі ізаляцыянісцкія памкненні іншых дзяржаў і прымушалі іх уключацца ў сваю сістэму сусветнага гандлю на сваіх умовах, прыклад Опіумныя войны ў Кітаі.
Імперыялізм vs каланіялізм адрознівалі такія навукоўцы, як Янг, які пісаў, што імперыялізм рэалізуе дзяржаўную палітыку, тым часам як каланіялізм можа адлюстроўваць камерцыйныя намеры груп і індывідаў, хоць і падтрымлівацца сілай. Саід сцвярджаў, што каланіялізм мае на ўвазе геаграфічнае аддзяленне паміж калоніяй і імперскай уладай. Ён адрозніваў іх, сцвярджаючы, што імперыялізм уключае ў сябе «практыку, тэорыю і погляды дамінуючага цэнтра метраполіі, які кіруе аддаленай тэрыторыяй», у той час як каланіялізм адносіцца да «паселішчаў на аддаленай тэрыторыі». Сумежныя наземныя (кантынентальныя) імперыі, такія як Расійская, Кітайская або Асманская, традыцыйна называліся імперыялістычнымі, хоць яны таксама перасялялі насельніцтва на свае аддаленыя тэрыторыі па сушы, а не моры..
Калі каланісты сяліліся ў раней заселеных раёнах, грамадства і культура людзей у гэтых раёнах змяняліся назаўсёды. Каланіяльныя практыкі прама і ўскосна прымушалі каланізаваныя народы адмовіцца, альбо змяняць сваіе традыцыйныя культуры і ўстанаўліваць складаныя сістэмы ўлады, так званыя каланіяльнасці. Напрыклад, еўрапейскія каланізатары ў Злучаных Штатах, Аўстраліі, Канадзе ўкаранялі сетку і праграмы школ-інтэрнатаў, каб прымусіць дзяцей карэннага насельніцтва асімілявацца ў гегемонную культуру.
Культурны каланіялізм прывёў да з’яўлення культурна і этнічна змешаных нацый, такіх як метысы Амерыкі, а таксама расава падзеленых папуляцый, такіх як тыя, што сустракаюцца ў французскім Алжыры або ў Паўднёвай Радэзіі ці ПАР часоў апартэіда. Фактычна, усюды, дзе каланіяльныя дзяржавы ўстанавілі паслядоўную і працяглую прысутнасць, існавалі гібрыдныя супольнасці. Яскравымі прыкладамі ў Азіі з’яўляюцца англа-бірманцы, англа-індыйцы, еўразійскія сінгапурцы, філіпінскія метысы, крыстангі і макаонцы. У Галандскай Ост-Індыі (пазней Інданезія) пераважная большасць «галандскіх» пасяленцаў насамрэч былі еўразійцамі, вядомымі як індаеўрапейцы, якія фармальна належалі да еўрапейскага юрыдычнага класа ў калоніі.
Паводле геаграфічнага размяшчэння цэнтра і калоній вылучаюць заморскі (Фінікія, Грэцыя, Брытанія, Гішпанія, Партугалія) і кантэнентальны (Македонія, Рымская, Асманская, Расійская імперыя і інш.) каланіялізм.
Гісторыя У шырокім сэнсе стварэнне нераўнапраўных адносін паміж метраполіяй і калоняй або цэнтра з перыферыяй і пасяленне уласных грамадзян на чужой тэрыторыі вядома з Антычнасці. Фінікійцы, егіпцяне, грэкі, македонцы, рымляне стваралі свае паселішчы на чужых землях. Рымляне ў паселішчы на захопленых дзяржавай землях засялялі спачатку ветэранаў-легіянераў, потым залежных ад багацеяў вольных сялян-арандатараў — калонаў. У гэтым сэнсе пасяленне на пусташах і захоп чужых земляў германцамі, рамеямі, вікінгамі, арабамі, славянамі, венграмі, манголамі, веніцыянцамі, генуэзцамі, туркамі і інш. племянымі дзяржавамі Сярэднявечча таксама былі каланіяльнай актыўнасцю. Разам з тым, кантроль палітыкаў над тэрыторыяй і жыццём людзей быў мізэрным і з’ява еўрапейскай дамінацыі вядомая нам пад назвай каланіялізма і імперыялізма набудзе завершаныя рысы толькі ў пач. ХХ ст.
Лічыцца, што сучасны каланіялізм пачаўся з іспанскага заваявання Канарскіх астравоў, калі «адносіны, звязаныя з дамінаваннем, сталі відавочна каланіяльнымі». Пасля падзення Канстанцінопаля пад уладу Асманскай імперыі ў 1453 годзе прыпыніўся стары гандль па кантынеце і марскія шляхі, адкрытыя партугальскім прынцам Генрыхам Мараходам (1394—1460), сталі цэнтральнымі ў гандлі. Пошук выйся падштурхнуў Эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Кастыльская карона сутыкнулася з Амерыкай у 1492 годзе праз марскія падарожжы і пабудавала гандлёвыя пасты або заваявала вялікія тэрыторыі. Тордэсіласкі дагавор падзяліў тэрыторыі гэтых «новых» зямель паміж Іспанскай каронай і Партугальскай каронай у 1494 годзе.
У XVII стагоддзі нарадзіліся Нідэрланская «каланіяльная імперыя» і Французская «каланіяльная імперыя», а таксама англійскія заморскія ўладанні, якія з сярэдзіны XIX ст. сталі Брытанскай імперыяй. Таксама былі створаны дацкія заморскія калоніі і шведскія заморскія калоніі, Якуб Кетлер, васал Рэчы Паспалітай, у другой палове XVII паспрабаваў стварыць курланскія калоніі ў Гамбіі і Табага, але няўдала.