«Дэкало́г, адзі́н» () — першая частка дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм зняты ў 1988 годзе польскім кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім.
Фільм «Дэкалог, адзін» адпавядае першай з Дзесяці запаведзяў: «Не май іншых багоў, апроч Мяне». Асноўнай тэмай першай часткі тэлецыкла з’яўляецца абраза святасці Бога праз ідалапаклонства, якое прадстаўлена ў фільме праз абагаўленне навукі. У сцэнарыі гэта тэма раскрываецца самым непасрэдным чынам: падымаецца пытанне існавання Бога ўвогуле, а таксама праблема стварэння сучасным чалавекам фальшывых багоў. Аўтары фільма, наўмысна пазбягаючы традыцыйнай біблейскай інтэрпрэтацыі запаведзі, ролю такога бажка аддаюць камп’ютару. «Дэкалог, адзін» расказвае гісторыю вучонага, трагедыя якога вынікае з таго, што ён цалкам давярае магчымасцям сучаснай навукі, увасобленым у камп’ютары.
Фільм дэманстраваўся на Канскім, Венецыянскім і кінафестывалях. Прэм’ера карціны на польскім тэлебачанні адбылася 10 снежня 1989 года.
Сюжэт Першая запаведзь паводле каталіцкай традыцыі: «Не май іншых багоў, апроч Мяне». Зіма. Кшыштаф (Хенрык Бараноўскі), выкладчык ва ўніверсітэце, жыве са сваім сямігадовым сынам Паўлам (Войцех Клата). Цэнтральнае месца ў іх доме займае камп’ютар, які выкарыстоўваецца для правядзення навуковых эксперыментаў і для запісу штодзённых назіранняў. Кшыштаф — рацыяналіст і атэіст.
Пасля школы Павел адпраўляецца на абед да Ірэны (), сястры яго бацькі. Цёця, глыбока веруючая жанчына, паказвае хлопчыку свае фотаздымкі з папам рымскім з паездкі ў Ватыкан. Хлопчык здзіўлены, што Ірэна і Кшыштаф, не гледзячы на тое, што яны брат і сястра, настолькі розныя і прытрымліваюцца такіх розных поглядаў. Ірэна просіць дазволу ў Кшыштафа, каб запісаць Паўла на заняткі па рэлігіі. Кшыштаф не супраць.
Бацька паказвае сыну новыя камп’ютарныя функцыі. Машына можа адказваць на самыя простыя пытанні на розных мовах і выконваць матэматычныя вылічэнні. З вялікай дакладнасцю і пры тым з вялікім запасам Кшыштаф вылічвае трываласць лёду на замерзлым возеры, дзе яго ўлюбёны сын збіраецца апрабаваць свае новыя канькі. Згодна з дадзенымі камп’ютара — гэта бяспечна. І ўсё ж, ноччу незадоўга да Божага нараджэння, бацька сам выходзіць на лёд, каб яшчэ раз праверыць трываласць лёду. Пераканаўшыся, ён дарыць сыну канькі.
На наступны дзень да Кшыштафа прыходзіць пані Езерска (), маці Марэка, сябра Паўла. Моцна ўсхваляваная, яна пытаецца ў Кшыштафа, ці ведае той, дзе знаходзяцца хлопцы. Кшыштаф супакойвае яе, сцвярджаючы, што ў гэты час яны мусяць быць на англійскай мове. Аднак, аказваецца, што настаўніца () захварэла і адпусціла іх з урока. Пані Езерска паведамляе Кшыштафу, што лёд на рацэ трэснуў.
Бацька шукае Паўла ў Ірэны і ў двары, але беспаспяхова. У рэшце рэшт, ён кіруецца да возера. Ад Яцэка, сябра яго сына, Кшыштаф даведваецца, што Павел катаўся на каньках, калі лёд трэснуў, і хлопчык праваліўся.
У роспачы Кшыштаф ідзе ў касцёл. Ён падыходзіць да алтара і разбурае яго. Адна са свечак падае на бок, але не згасае. З яе пачынае сцякаць воск. Кроплі падаюць на вочы Багародзіцы, якая выяўлена на іконе. Ікона плача.
Акцёрскі склад
Вытворчасць Сцэнарый У кнізе-інтэрв’ю з Мікалаем Яздонем Кшыштаф Пясевіч успамінае, што ля вытокаў першай часткі «Дэкалога» стаялі дзве гісторыі. Адна з іх узята з жыцця самаго сцэнарыста: аднойчы ён набыў сыну канькі, той пайшоў катацца на возера і доўга не вяртаўся, і бацька пачаў хвалявацца, што лёд мог трэснуць. Гэтую гісторыю Пясевіч дапоўніў элементамі біяграфіі свайго сябра, прафесара фізікі, які выхоўваў сына, як будучага генія. У інтэрв’ю часопісу «» Кеслёўскі расказаў, што аднойчы ў дзяцінстве сам праваліўся пад лёд. І гэты ўспамін таксама адлюстраваўся ў сцэнарыі «Дэкалога, адзін».
Складанай была праца сцэнарыстаў над канцоўкай фільма. Першапачаткова «Дэкалог, адзін» мусіў завяршыцца супольнай малітвай Кшыштафа і вернікаў у касцёле каля цела Паўла. Аднак фінал фільма ў яго канчатковай форме павінен быў надаць фільму больш драматычны і неадназначны сэнс. На думку Пясевіча, «знішчэнне алтара […] з’яўляецца найвялікшым актам бунту супраць усяго, супраць сілаў сусвету, трагізму чалавечага лёсу, бясконцасці болю».
Некаторыя сцэнарныя рашэнні былі прыняты ўжо падчас здымкаў фільма. Так, у сцэнарыі ясна паказана прычына, па якой у камп’ютарных разліках таўшчыні лёду адбылася памылка — электрастанцыя, якая знаходзілася непадалёк, уначы зліла ў возера гарачую ваду — аднак, у фільме гэтаму не даецца ніякага тлумачэння.
Падбор акцёраў Гісторыя пра вучонага-атэіста была вельмі блізкай Кеслёўскаму, які задаваўся пытаннямі пра існаванне Бога і значэнне веры, таму напачатку рэжысёр сам хацеў зняцца ў ролі бацькі. Аднак гэтая ідэя не атрымала падтрымкі ў здымачнай групы, і роля была перададзена Хенрыку Бараноўскаму.
Складана было знайсці выканаўцу ролі маленькага хлопчыка. Сярод удзельнікаў кастынгу быў нават маленькі сын Кшыштафа Пясевіча, але ў яго не аказалася акцёрскага таленту. На ролю Паўла выбралі іншага акцёра, але калі 30% матэрыялу было ўжо адзнята, Кеслёўскі рашыў, што памыліўся. Неўзабаве роля была перададзена іншаму акцёру, Войцеху Клата. Крытыкі сыходзяцца на думцы, што ўва могім дзякуючы яго ігры першая частка «Дэкалога» набыла міжнародны поспех.
Саўндтрэк
Музыка, што гучыць у фільме «Дэкалог, адзін» увайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка са ўсяго тэлецыкла. Пазней музыка з фільма «Дэкалог, адзін» з’яўлялася ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995) і «Чатыры колеры Лодзі» (2014).
Выхад і прызнанне Выхад на экраны Прэм’ера фільма адбылася 16 мая 1989 года на Канскім кінафестывалі. Пазней фільм дэманстраваўся на Венецыянскім кінафестывалі 5 верасня 1989 года і на Кінафестывалі ў Чыкага 18 кастрычніка 1989 года. Прэм’ера фільма на польскім тэлебачанні адбылася 10 снежня 1989 года.
Крытыка
«Дэкалог, адзін», як асобны эпізод вялікага цыкла фільмаў, выклікаў ажыўленую рэакцыю крытыкаў. Фільм Кеслёўскага і Пясевіча шырока трактаваўся як крытыка фальшывага бога ў форме камп’ютара, або больш агульна ў форме навукі, логікі і ведаў. , аднак, выказаў думку, што фільм не замыкаецца на простым сутыкненні «рацыянальнай навукі» і «іррацыянальнай рэлігіі» і не з’яўляецца просталінейнай ілюстрацыяй тэзіса, што Бог карае за ідалапаклонніцтва.
Аглядальнікі таксама звярнулі ўвагу на аператарскія рашэнні ў фільме. адзначыў, што выкарыстанне сіняга і зялёнага колераў аператарам «робіць фільм адным з найважнейшых у стылістычным плане эпізодаў серыяла».
Разглядаючы ўвесь цыкл фільмаў, амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт назваў першы фільм самай сумнай часткай цыкла.
Аналіз thumb|«Майсей са скрыжалямі закону», Рэмбрант, 1659. Тэлецыкл «Дэкалог» складаецца з дзесяці фільмаў — па ліку наказаў у біблейскім Дэкалогу. Аднак, аглядальнікі разыходзяцца ў меркаваннях адносна адпаведнасці парадку фільмаў запаведзям. Паводле амерыканскага кінакрытыка Роджэра Эберта прамой карэляцыі няма: «У некаторых фільмах закранаецца больш чым адна запаведзь, а ў іншых — уся этычная сістэма, прапанаваная запаведзямі». Славенскі філосаф Славай Жыжак наадварот прапаноўваў трымацца строгай адпаведнасці, толькі са зрушэннем на адзін: першая частка мусіла ўказваць на другую запаведзь, другая — на трэцюю і г.д. Гэты зрух тлумачыцца тым, што Жыжак спрабаваў адаптаваць цыкл да спісу запаведзяў у праваслаўнай традыцыі. Аднак, большасць аглядальнікаў і некаторыя афіцыйныя выданні фільму трымаюцца прамой адпаведнасці з каталіцкім спісам запаведзяў. У выпадку «Дэкалога, адзін» — гэта «Не май іншых багоў, апроч Мяне».
У разрэзе гэтай запаведзі, на першы план карціны выходзіць тэма стварэння куміра, увасобленага ў камп’ютары. Камп’ютар у доме Кшыштафа не проста прылада, пакліканая служыць чалавеку, але сапраўдны ідал, вакол якога сканцэнтравана ўсё жыццё сям’і. Рэжысёр тонка акцэнтуе ўвагу на гэтым, калі паказвае што ранак маленькага Паўла пачынаецца не з малітвы, а з рашэння матэматычнай задачкі на камп’ютары. Павел падзяляе бацькаву веру ў тэхналогіі. Ён з гонарам паказвае Ірэне, як адным нажаццем на клавішу можа кіраваць дзвярыма або адкрываць і закрываць кран. Камп’ютар Паўла можа вылічыць час у іншай краіне і зрабіць выснову, што яго мама зараз спіць. Аднак ёсць і межы кантролю: камп’ютар не можа адказаць, што ёй сніцца. Тым не менш, Павел упэўнены, што магутны татаў камп’ютар ведае нават гэта.
Камп’ютар, аднак, толькі сімвал сапраўднага боства Кшыштафа: ведаў, логікі, рацыянальнасці. Прысутнічае ў яго поглядах і перавага эмпірычнага над тэарэтычным. Прымаючы важнае рашэнне — адпусціць сына пакатацца на возеры — бацька праяўляе недавер да тэарэтычных выкладак камп’ютара. Правёўшы вылічэнні, ён сам ідзе на возера і правярае трываласць лёду вопытным шляхам.
На іншым сэнсавым плане карціны адбываецца сутыкненне поглядаў Кшыштафа і яго сястры Ірэны. Некаторыя аглядальнікі разглядаюць іх вобразы, як супрацьстаянне розуму і веры, рацыянальнага і іррацыянальнага, эмпірычнага і духоўнага. Аднак, не гледзячы на кантраст вобразаў і супрацьстаянне ідэй, носьбіты гэтых ідэй не праяўляюць варожасці. Ірэна ні словам не папракае Кшыштафа і не настройвае сына супраць бацькі і яго поглядаў, а Кшыштаф не супраціўляецца імкненню Ірэны адвесці хлопчыка ў нядзельную школку, хоць гаворыць аб гэтым з яўным скепсісам. Адзначаюць, што Пясевіч у час напісання сцэнарыя знаходзіўся пад уплывам , і «Дэкалог, адзін» мог быць для яго ілюстрацыяй тэзісу аб узаемным уплыве веры і навукі. У адным з інтэрв’ю ён прызнаваўся, што яму глыбока запаў у душу выраз: «Навука можа ачысціць веру ад прымхаў і забабонаў, а вера можа абараніць навуку ад ідалапаклонства».
Кульмінацыя фільма, дзе Павел правальваецца пад лёд і гіне, наводзіць на думку аб граху і пакаранні. Даверыўшыся свайму ідэалу — навуцы, логіцы, рацыянальнасці — Кшыштаф парушае першую запаведзь і нясе кару. Паводле Жыжака, у гэтым фільме Бог «наказвае дзіця за віну бацькі». Адначасова з тым, ён называе першую частку цыклу гісторыяй «пра траўмуючае ўмяшанне бессэнсоўнай выпадковай Рэальнасці, у якой адсутнічае інтэрсуб’ектыўнае напружанне іншых серый». Паводле іншай інтэрпрэтацыі, смерць хлопчыка не з’яўляецца пакараннем ці выпадковасцю, але актам барацьбы Бога за душу Кшыштафа. Кшыштаф закамянелы ў сваім скептыцызме, яго жыццё поўнае парадку і сістэмы, і Божы провід руйнуе гэтую сцяну адзіным магчымым спосабам, даючы гэтым шанец Кшыштафу змяніць сваю душу, даць яе ўратаваць. Адначасова з гэтым адбываецца і бітва за душу Паўла. Хлопчык зачараваны магутнасцю тэхналогій і захоплены вобразам свайго бацькі. І Бог забірае яго, пакуль хлопчык канчаткова не стаў на шлях скептыцызму і бязвер’я. З Боскага меркавання ён хутчэй мусіць згубіць сваё жыццё, чым страціць сваю душу.
Гл. таксама Дэкалог (тэлецыкл)
Крыніцы
Літаратура Кнігі
Артыкулы
Спасылкі Дэкалог, адзін; Дэкалог, два на сайце «AlloCiné» (на 04.09.2025) Дэкалог, адзін на сайце «Česko-Slovenská filmová databáze» (на 04.09.2025) Дэкалог, адзін на сайце «FilmAffinity» (на 04.09.2025) Дэкалог, адзін на сайце «filmportal.de» Дэкалог, адзін на сайце «FilmWeb.pl» (на 04.09.2025) (на 04.09.2025)
Катэгорыя:Фільмы-драмы 1989 года Катэгорыя:Фільмы Польшчы 1989 года Катэгорыя:Фільмы-драмы Польшчы Катэгорыя:Тэлевізійныя фільмы Польшчы Катэгорыя:Фільмы на польскай мове Катэгорыя:Фільмы пра Варшаву Катэгорыя:Фільмы пра рэлігію Катэгорыя:Фільмы Кшыштафа Кеслёўскага Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Кеслёўскага Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Кшыштафа Пясевіча Катэгорыя:Фільмы, музыку да якіх напісаў Збігнеў Прайснер Катэгорыя:Фільмы, знятыя ў Польшчы Катэгорыя:Дэкалог (тэлецыкл)