Віёт (саманазва: Wishosk) — індзейскі народ на поўначы Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2018 г.) — 1 000 чал.Wiyot in United States

Гісторыя Лінгвісты мяркуюць, што продкі віёт вылучыліся з ліку астатнік алгскіх народаў 4 000 гадоў таму. Каля 900 г. н. э. яны перасяліліся на поўнач КаліфорнііCalifornia Indian Languages: Algonquian Tribes. У XIX ст. віёт насялялі ўзбярэжжа Ціхага акіяна паміж рэкамі Мэд і Іл на поўдзень ад іншага алгскага народа юрок.

Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1806 г., але доўгі час абмяжоўваліся менавым гандлем. З 1850 г. каля тэрыторый віёт сяліліся амерыканскія жывёлагадоўцы. Адносіны паміж індзейцамі і перасяленцамі былі напружанымі. Хаця сучасныя віёт адмаўляюць, што займаліся крадзяжом кароў і забойствам перасяленцаў, канфлікты з двух бакоў сталі звычайнымі. 26 лютага 1860 г. група амерыканцаў арганізавала нечаканы напад на паселішча віёт і з дапамогай халоднай зброі знішчыла ад 80 да 200 чалавек, пераважна жанчын, старых і дзяцей. Разня атрымала розгалас у каліфарнійскіх сродках масавай інфармацыі. Віёт трапілі пад апеку арміі ЗША, а потым былі пераселены ў рэзервацыю на рацэ Кламат.

З 1992 г. арганізуюцца штогадовыя дні памінання забітых у 1860 г. У 2000 г. была заснавана асобная рэзервацыя віёт.

Культура Віёт здаўна займаліся рыбалоўствам, збіральніцтвам і паляваннем. Важнае месца ў іх харчаванні займаў ласось. Рыбу лавілі з дапамогай сетак, пастак, рабілі на ручаях часовыя дамбы. Вылучаўся пласт майстроў-будаўнікоў лодак, што выдзёўбвалі з суцэльнага бярвення. Мясцовасць, населеную віёт, атачалі шырокалісцевыя лясы, дзе палявалі на аленяў і ласёў. На пляжах палявалі на ластаногіх і выкінутых на бераг кітоў. Збіралі ягады, арэхі, малюскаў. Па-майстэрску апрацоўвалі камень, драўніну, выраблялі плеценыя кашы і бісер.

Сярод віёт вылучаліся бедныя і багатыя. Асноўнае багацце складалі скуры жывёл, скальпы дзятлаў, рэдкія ракавіны. Найбольш багатыя рыбалоўныя і паляўнічыя ўгоддзі, тытунёвыя зараснікі належалі асобным сем’ям.

Традыцыйная вопратка выраблялася са скур аленяў і футра трусоў. Мужчыны апраналі футравыя повязі накшталт саронгаў, жанчыны — скураныя фартухі, якія аздаблялі махрамі і вяроўкамі. Падчас прахалоднага надвор’я карысталіся макасінамі. Жанчыны татуявалі падбародак.

Віёт будавалі вёскі ў ніжняй плыні рэк і ручаёў. У адным паселішчы жыло ад 50 да 150 чалавек. Чатырохкутныя хаціны ладзілі з дошак, крылі двускатным дахам. Пасярэдзіне даху пакідалі рухомыя дошкі для рэгулявання выхаду дыму, паколькі знутры хаціны памяшчаўся агмень. Дзверы драўляныя рассоўныя.

Віёт падзяляліся на 3 сацыяльна-тэрытарыяльныя групы: вікі, батават, непасрэдна віёт. Яны не аб’ядноўваліся для адзіных мэтаў, накшталт ваенных канфліктаў з суседзямі. На чале грамадства стаялі найбольш заможныя людзі. Асобных ваенных правадыроў не было, хаця войны здараліся часта. Воіны карысталіся лукам і стрэламі, скуранымі шчытамі і даспехамі. Войн можна было пазбегнуць праз матэрыяльныя выплаты.

Дамінавалі патрыярхальныя вялікія пашыраныя сем’і на чале са старэйшым працаздольным мужчынам. Жаніх выплочваў за нявесту выкуп, пасля чаго яна пераязджала ў яго сям’ю. Калі ў маладога чалавека не было маёмасці для выкупу, пасля жаніцьбы ён сяліўся каля сям’і жонкі і аказваў ёй дапамогу. Такія шлюбы зваліся «палавіністымі». Разводы адбываліся ў выніку шлюбнай здрады, прычым мужчыны былі ініцыятарамі разводаў радзей, чым жанчыны.

Фальклор прадстаўлены рытуальнымі танцамі, якія суправаджаліся міфалагічнымі і гістарычнымі апавяданнямі.

Мова Мова віёт належыць да алгскай групы. Апошні носьбіт памёр у 1962 г.

Рэлігія Да распаўсюджання хрысціянства традыцыйная рэлігія віёт абапіралася на культ продкаў. Найбольш знакамітым з іх быў культурны герой Gatswokwire. Яны таксама верылі ў духа-стваральніка сусвету GudatrigakwitlNative Languages of the Americas: Wiyot Indian Legends. Ён не меў чалавечага аблічча. Рытуальная частка прадстаўлена танцамі, якія арганізоўвалі старыя людзі. Вылучаўся пласт жанчын, што займаліся лекаваннем.

Спасылкі

Wiyot Tribe Wiyot Tribe, CA Official Website Wiyot — California Indians Wiyot: Countries and Their Cultures LLEWELLYN L. LOUD, ETHNOGEOGRAPHY AND ARCHAEOLOGY OF THE WIYOT TERRITORY

Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Індзейцы Паўночнай Амерыкі