Уладзі́мір Мікала́евіч Наві́цкі (нар. , ) — беларускі спартыўны журналіст і тэлекаментатар. Начальнік аддзела каментараў і падрыхтоўкі тэматычных праграм галоўнай дырэкцыі спартыўнага вяшчання Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі.
Біяграфія Нарадзіўся 8 мая 1954 года ў Брэсце ў сям’і ваеннага.
Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-энергетык». Пазней — завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ з чырвоным дыпломам.
У спартыўную журналістыку трапіў дзякуючы лісту, які напісаў у дырэкцыю спартыўных праграм. Пасля гэтага Уладзіміра Навіцкага запрасілі працаваць на радыё, а праз тры гады даручылі весці тэлерэпартаж. Каля года прапрацаваў пазаштатным карэспандэнтам у штотыднёвым радыёчасопісе «Спартыўная арбіта», рабіў матэрыялы самых розных жанраў. Пасля выпрабавальнага тэрміну яму прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў ролі каментатара. Спачатку хадзіў на стадыён «Дынама» з рэпарцёрам і за 15—20 хвілін да заканчэння матча, седзячы на трыбуне, распавядаў пра тое, што адбываецца на полі. У жніўні 1981 года правёў першы паўнавартасны рэпартаж пра матч чэмпіянату СССР «Дынама» (Мінск) — «Пахтакор» (Ташкент). Некаторы час пісаў артыкулы для газеты «Прессбол», у першым нумары газеты было некалькі яго матэрыялаў. Каля года супрацоўнічаў з газетай «Знамя юности», дзе быў футбольным аглядальнікам.
Асвятляў практычна ўсе буйныя спартыўныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх спартсменаў, у тым ліку працаваў сярод шасці савецкіх каментатараў на чэмпіянаце свету па футболе ў Італіі (1990), працаваў на зімовай алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці (2002), летняй алімпіядзе ў Пекіне (2008), зімовай алімпіядзе ў Ванкуверы (2010), чэмпіянаце свету па хакеі ў Германіі (2010).
Сям’я Жанаты. Сын — Віталь Навіцкі (5 сакавіка 1981 — 21 сакавіка 2022) працаваў прэс-сакратаром у МНС Рэспублікі Беларусь.
Крылатыя фразы Аўтар шэрагу знакамітых крылатых фраз: «Моцна, але недакладна», «Над полем бліскаюць маланкі… Нашыя ідуць у наступ», «Удар — бэлька!».
Узнагароды Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2007), Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларускі спартыўны Алімп» (2017).
Спасылкі
Владимир Новицкий: репортажи высокого напряжения // «Спортивная панорама» Інтэрв’ю з Навіцкім у газеце «7 дней» Владимир Новицкий: «Поверьте, я не расстраиваюсь оттого, что не знаю группы „Дай Дарогу!“» на сайце «Ultra-Music» Владимир Новицкий. Ничего не забывается
Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Спартыўныя журналісты Катэгорыя:Спартыўныя каментатары