Збігнеў Казімеж Бжазінскі (; 28 сакавіка 1928, Варшава — 26 мая 2017, Фолс-Чэрч, Вірджынія, ЗША) — амерыканскі палітолаг, сацыёлаг і дзяржаўны дзеяч польскага паходжання. Дарадчык па нацыянальнай бяспецы 39-га прэзідэнта ЗША Джымі Картэра (1977—1981).

Біяграфія Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыпламата, усё свядомае жыццё правёў у Амерыцы. Пісаў пераважна на англійскай мове. Навучанне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталогію ва ўніверсітэце Мак-Гіла. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплом з адзнакай («first class honors in economics and political science»). У 1953 годзе Бжазінскі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт, атрымаў ступень доктара філасофіі і быў пакінуты пры вучылішчы. У свае 25 гадоў Бжазінскі стаецца адным з наймалодшых выкладчыкаў Гарвардскага ўніверсітэта. У 1958 годзе атрымлівае амерыканскае грамадзянства.

Свае навуковыя зацікаўленні ён рэалізуе спярша ў Цэнтры даследаванняў Расіі (Russian Research Center), a пасля, ужо ў якасці выкладчыка, у Цэнтры міжнародных адносін (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафесарам публічнага права і кіравання (public law and government) Калумбійскага ўніверсітэта. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытута міжнародных змен (Institute of International Change).

У перыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадчыка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы (дзякуючы якой у 1980—1981 гадах рабіў усё магчымае, каб пазбегчы савецкай інтэрвенцыі ў Польшчу). Прэзідэнт Джымі Картэр напіша пасля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадчыка, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія здзіўлялі сваёй дальнабачнасцю і арыгінальнасцю.

Акрамя гэтага, Бжазінскі быў членам Савета нацыянальнай бяспекі (камітэта Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і членам Прэзідэнцкага Савета па замежнай разведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амерыканска-кітайскіх дачыненняў і за ўнёсак у развіццё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бяспецы ЗША ён уганараваны прэзідэнцкім медалём свабоды.

Пасля працаваў дарадчыкам у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладчыкам амерыканскай знешняй палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных даследаванняў імя Пола Нітцэ пры ўніверсітэце Джонса Хопкінса. Амерыканская паліталогія ў адзін голас разам з Кісінджэрам і Шлезінгерам залічае Збігнева Бжазінскага ў разрад найбольш буйных амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў.

У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэкнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сацыяльна-палітычных і эканамічных адносінах. Даследаваў сацыяльна-філасофскія аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуністычнай сістэмы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыялістычных краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.).

Доктар honoris causa Кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта, Каталіцкага Люблінскага ўніверсітэта, а таксама Браціслаўскага ўніверсітэта. У 2000 годзе ён даў згоду на сваё прызначэнне старшынём камітэта «ЗША—Славакія».

Пасля анексыі Крыма і падтрымкі Расіяй сепаратыстаў на Данбасе, Бжазінскі заявіў:

Бібліяграфія

Кнігі Тоtаlіtаrіаn dictatorship and democracy. Саmbridge, 1956 (разам з К. І. Фрыдрых) Between Two Ages : America’s Role in the Technetronic Era. — Viking Press, 1970. — Power and Principle: Memoirs of the National Security Adviser, 1977—1981. — Farrar, Straus, Giroux, 1983. — . Strategy of game. Boston; New York, 1986. The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives (1997) Second chance. — Basic books, 2007.

Пераклады па-беларуску Бязладдзе. Геапалітычная пустка // ARCHE Пачатак, 1998, пер. Сяргей Петрыкевіч Агонія камунізму // Быць (або не быць) сярэднееўрапейцам. Сучаснае польскае мысленне, 2000 Жыццё з новай Ёўропай // ARCHE Скарына, 2001-1, с.27-45, пер. Сяргей Сматрычэнка Глабальнае дамінаванне ці сусветнае лідарства? Заключэнне // ARCHE Скарына, 2005-1, пер. Аляксей Ігнатовіч

Крыніцы

Літаратура

Бжазінскі Збігнеў, Arche.by

Катэгорыя:Палітыкі ЗША Катэгорыя:Антыкамуністы ЗША Катэгорыя:Палітолагі ЗША Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Кракава Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Львова Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне гарадоў Польшчы Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Гданьска Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Вільнюса