Сва́зі (саманазва Emaswazi) — паўднёваафрыканскі народ з групы нгуні. Складаюць асноўнае насельніцтва дзяржавы Эсваціні. Таксама жывуць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Зімбабвэ. Агульная колькасць (2017 г.) — 2 594 000 чал.Swazi

Гісторыя Продкамі свазі былі групы нгуні, што мігрыравалі каля XIV — XVI стст. у Паўднёвую Афрыку з рэгіёна Вялікіх азёр. Група Нкосі-Дламіні пасялілася на тэрыторыі сучаснага паўднёвага МазамбікаWho we are, дзе, відавочна, была інтэгравана ў палітычную супольнасць Тэмбэ, якая распалася ў XVIII ст. Паміж 1720 г. і 1744 г. вярхоўны правадыр Хлубі Дламіні мігрыраваў разам з паплечнікамі ўздоўж ракі Пангола на поўдзень ад сучаснага ЭсвацініDlamini III of Swaziland. Заснаваная ім дзяржава пашыралася ў выніку войн з продкамі педы. Заваяванні суправаджаліся інкарпарацыяй часткі падначаленых плямён, таму некаторыя сучасныя свазі вядуць свой род ад педы.

Асаблівую ролю ў гісторыі свазі адыграў манарх Сабхуза I (1815—1836 гг.)King Sobhuza I, нашчадак Хлубі Дламіні. Ён перамясціў цэнтр дзяржавы на поўнач, вёў паспяховыя войны і заключыў дынастычны саюз з магутным родам Ндвандэ, што насяляў землі на поўдзень ад дзяржавы Нкосі-Дламіні. Яго палітыку ўмацавання дзяржавы працягваў сын Мсваці II (1836—1868 гг.)Mswati II, які рэарганізаваў армію па прыкладу Чакі і запрасіў еўрапейскіх місіянераў. Яго рэформы спрыялі аб’яднанню стракатага насельніцтва заваяваных зямель.

Пагроза з боку бураў і зулусаў вымусіла свазі падтрымліваць саюзніцкія адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1894 г. Свазіленд трапіў у залежнасць ад Трансвааля. У 1906 г. быў абвешчаны брытанскі пратэктаратSwaziland South African History Online. У 1909 г. дзве трэці зямель свазі былі адчужаныTerritoriality, Citizenship and Peacebuilding. У 1961 г. яны ўвайшлі ў склад ПАР. У 1968 г. пратэктарат быў пераўтвораны ў незалежную дзяржаву Свазіленд (з 2018 года Эсваціні).

У нашы дні ў ПАР жыве болей свазі, чым у Эсваціні (1 392 000 чалавек у ПАР, 1 113 000 чалавек у Эсваціні). Гэта тлумачыцца не толькі адчужэннем зямель свазі ў 1909 г. Значную прычыну складае сталая эканамічная і палітычная эміграцыя з Эсваціні.

Культура

Гаспадарка Свазі здаўна займаліся пастаральнай жывёлагадоўляй і ручным земляробствам, прычым жывёлагадоўля лічылася мужчынскай, а земляробства — жаночай справай. У канцы XIX ст. з-за інфекцыйных хвароб колькасць кароў і коз значна скараціласяDictionary of African Biography, што вымусіла мужчын шукаць працу на нарыхтоўцы драўніны, буйных еўрапейскіх фермах, у прамысловасці. У нашы дні жывёлагадоўля мае другаснае значэнне.

Свазі традыцыйна вырошчваюць проса, сорга, бабовыя. З сярэдзіны XIX ст. значную ролю адыгрываюць кукуруза і фасоля. Камерцыйнае значэнне мае вырошчванне цукровага трыснягу, цытрусавых, гародніныSwazi — Economy. З распаўсюджаннем плуга мужчыны таксама былі ўцягнуты ў апрацоўку зямлі.

Народныя рамёствы засяроджаны вакол апрацоўкі драўніны, жалеза і медзі. У хатніх гаспадарках да нашых дзён вараць піва, плятуць цыноўкі, робяць тканіны і ўпрыгожванніThe Traditional Arts and Crafts of Swaziland.

Жытло

У мінулым асноўным тыпам паселішча з’яўляўся крааль. У канцы XIX ст. сфарміраваўся сядзібны земляробчы тып. Ён захаваў круглявую форму, дзе жылыя і гаспадарчыя хаціны гуртаваліся вакол вялікага двараSwazi — Settlements. Хаціны таксама мелі круглявую форму. Яны ўяўлялі сабою купалападобныя каркасныя структуры з дахам да зямлі. На каркас накладвалася сетка, плеценая з травы. У яе ўкладваўся трыснёг. Традыцыйныя хаціны дастаткова цёплыя ўзімку, улетку захоўваюць прахалоду.

Вопратка У мінулым дзеці свазі амаль не карысталіся вопраткай. Толькі пасля 8 гадоў насілі кароткія скураныя повязі, дзяўчыны таксама — спадніцы з травы і кавалкі тканін. Дарослыя мужчыны апраналі повязі са скур і кавалкаў тканін, жанчыны — скураны фартух і спадніцу. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваліся бісерам. Дарослыя жанчыны збіралі валасы разам. Старыя паважаныя мужчыны сашчаплялі валасы абручомTraditional Swazi Attire .

Кухня Народная кулінарыя свазі шчыльна звязана з традыцыямі земляробства і жывёлагадоўлі. Шырока вядомы такія стравы, як умнквеба (сушаная ялавічына), кукурузная або прасяная каша шышвая, суцэльная вараная кукуруза слаай, сідлвадлва (мяса, тушанае з капустай і арахісам), эмасіемабеле (сорга з кіслым малаком) і г. д.Swaziland Food and Drink Папулярныя напоі: кіслае малако і хатняе піва ўмкамботсі.

Грамадства Галоўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадства свазі — патрылінейны экзагамны род сібонгаSwazi — Kinship, які насяляе канкрэтную мясцовасць і складаецца з дворагаспадарак індлуSwazi — Marriage and Family. Асновай індлу з’яўляецца нуклеарная або пашыраная сям'я на чале з мужчынам. Забараняюцца шлюбы знутры бацькоўскага рода, аднак дапушчальныя шлюбы з блізкімі сваякамі маці. Нароўні з хрысціянскімі шлюбамі распаўсюджаныя традыцыйныя. У апошнім выпадку муж можа мець другую жонку інхланты, што мае падпарадкаванае становішча ў дачыненні да першай, але звычайна разам з дзецьмі жыве ў асобнай хаціне і стварае сваю аўтаномную гаспадарку знутры індлу. Галоўны атрымальнік сямейнай спадчыны — старэйшы сын першай жонкі.

У XVIII — XIX ст. сярод свазі склалася палітычная сістэма, у якой дамінуючым стаў род Дламіні. З яго паходзяць манархі Эсваціні. Ніжэй за іх стаяць мясцовыя правадыры, чыя ўлада ўмоўна абмежавана радай трох старэйшын бандланканэ. Яшчэ ніжэй — главы дворагаспадарак і рады родаў лусендваSwazi — Sociopolitical Organization. У Эсваціні традыцыйная сістэма ўлады існуе поруч з сучаснай. У немалой ступені захаванню традыцыйнай сістэмы садзейнічаюць перажыткі старой сістэмы землекарыстанняG. T. Magagula, Land tenure and agricultural production in Swaziland.

Святы Свазі славуты захаваннем традыцыйных святаў і цырымоній. З іх найбольш вядомы: ІнквалаIncwala  — ваенныя цырымоніі, што суправаджаюцца адмысловымі танцамі з удзелам манарха і ахвярапрынашэннямі продкам. Нувала (свята першай садавіны)Swaziland Harvest Festival арганізуецца ў канцы года і можа працягвацца да месяца. Суправаджаецца зборам рачной пены і пладоў акацый, скончваецца ваеннымі танцамі вакол рэзідэнцыі манарха. Умхланга (свята трысняговага танца)Swaziland’s reed dance: cultural celebration or sleazy royal ritual? прысвечана дзявочай цнатлівасці. У мінулым яго наведванне нявінніцамі з 11 — 12 гадоў было абавязковым, інакш сям’я выплочвала штраф. Падчас свята манарх выбіраў сабе чарговую жонку. УмтсымбаUmtsimba — sivakashi — шлюбныя цырымоніі.

Мова Мова сісваці належыць да групы моў банту, блізкая да іншых моў нгуніSwati (siSwati). Падзяляецца на 4 рэгіянальныя варыянты. Мае афіцыйны статус у Эсваціні і суседніх раёнах ПАР.

Рэлігія Традыцыйная рэлігія свазі заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Згодна з уяўленнямі, сусвет быў створаны богам МвелінчантыTHE TRADITIONAL RELIGION OF SWAZILAND , аднак ён адыгрывае малую ролю ў дачыненні да сучаснага існавання. Свазі шануюць духаў продкаў амадлоты, на нацыянальным узроўні — былых манархаў, вераць у магію. Шырока распаўсюджана знахарстваSwazi — Religion and Expressive Culture. З 1844 г. распаўсюджваецца хрысціянстваMARJORIE FROISE, 150 YEARS OF MISSION-CHURCHES IN SWAZILAND. Большасць вернікаў-хрысціян — пратэстанты.

Зноскі

Літаратура Marwick, B. A. The Swazi. / Brian Allan Marwick. — Cambridge University Press, 2013. ISBN 9781107667303

Спасылкі Swazi — World Culture Encyclopedia Swazi facts, information, pictures The Swazi (Swati) People of Southeastern Africa Hugh Macmillan, A Nation Divided? The Swazi in Swaziland and the Transvaal, 1865—1986

Катэгорыя:Народы Афрыкі Катэгорыя:Народы банту Катэгорыя:Народы ПАР Катэгорыя:Народы Эсваціні Катэгорыя:Народы Зімбабвэ