Ірына Фролаўна Ухванава (нар. , Мінск, БССР) — беларускі філолаг і сацыёлаг, спецыяліст па дыскурс-даследаванням. Доктар філалагічных навук (1997; з 1980 — кандыдат філалагічных навук), прафесар (1997; з 1980 г. — дацэнт). Загадчыца кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі БДУ (1999). Член рэдкалегіі міжнароднага часопіса «Respectus Philologicus» (Вільня, Літва).

Біяграфія Ірына Фролаўна нарадзілася 19 чэрвеня 1951 года ў Мінску ў сям’і Ф. П. Шмыгава — беларускага вучонага-гісторыка і дыпламата, удзельніка Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 г. у складзе дэлегацыі БССР.

Скончыла Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (1973), аспірантуру Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў (1978) і дактарантуру БДУ (1994). Стажыравалася на кафедры англійскай мовы філалагічнага факультэта МДУ (1981), на кафедры камунікацыі і кафедры грамадскіх навук Школы мас-медыя Хамберсайдскага ўніверсітэта (Англія, 1996), была ўдзельніцай гадавой школы Інстытута федэралізму Фрыбурскага ўніверсітэта (Швейцарыя, 1993), сацыялагічнай летняй школы Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (Прага, Чэхія, 1995), вучылася па Праграме Фулбрайта на кафедры палітычнай адукацыі і адміністравання Каледжа адукацыі і чалавечага развіцця ўніверсітэта штата Мінесота (ЗША, 1998). З 1973 пастаянна працуе ў БДУ: выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры англійскай мовы гуманітарных факультэтаў, з 1999 да 2011 — загадчык кафедры англійскай мовы і маўленчай камунікацыі. Адначасова з 1991 па 1995 працавала аналітыкам у сацыялагічнай службе «Грамадская думка» у Мінску.

У 1980 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Адбор і семантычная апрацоўка лексікі сродкамі буржуазнай прапаганды», у якой дала апісанне чатырохпазіцыйнай лінгвасеміятычнай мадэлі плана зместу складанага моўнага знака (слова), якое дазволіла выявіць механізм семантычнага маніпулявання зместам моўнага знака (слова) і ідэалагічнага кантролю над зместам лексічных адзінак мовы. Працягнуўшы працу над тэарэтычным асэнсаваннем семантычнага механізму мовы і выйшаўшы на ўзровень сказа, тэксту, а затым і макратэксту, пабудавала аўтарскую каўзальна-генетычную тэорыю плана зместу складанага моўнага знака (слова, сказа, тэксту, макратэксту), якая з’явілася асновай для нараджэння шэрагу новых якасных методык аналізу тэксту як сацыялагічнага дакумента. Дадзены кірунак навуковага пошуку атрымаў сваю рэалізацыю ў доктарскай дысертацыі «План зместу моўнага знака: сутнасць і фенаменалогія (на матэрыяле тэкстаў СМІ)», абарона якой адбылася ў БДУ ў 1995 годзе. Пазней працавала над аптымізацыяй тэхналогій дыскурсных даследаванняў і дыскурснай экспертызы ў розных галінах дзейнасці: СМІ, рэлігія, дзелавы свет, палітыка.

У час навуковай стажыроўкі ў замежных універсітэтах і навуковых цэнтрах выканала і абараніла праекты, прысвечаныя сучасным тэхналогіям даследавання дыскурсу і тэкстаў СМІ, аналізу феномену даверу СМІ ў посткамуністычных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На факультэтах журналістыкі, філасофіі і сацыяльных навук БДУ, у шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі і ЗША чытала лекцыі па такіх спецыяльных дысцыплінах, як «Тэхналогія палітычнай журналістыкі», «Камунікатыўная лінгвістыка», «Дыскурсныя методыкі ў сацыялагічным даследаванні» і інш.

Удзельнічала ў рэалізацыі шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных навукова-даследчых праектаў: «Вывучэнне грамадскай думкі ў СМІ Беларусі» і «Сродкі па вывучэнні грамадскай думкі і СМІ Беларусі», якія праводзіліся Цэнтрам сацыялагічных даследаванняў БДУ і Міжнародным інстытутам палітычных даследаванняў; была нацыянальным каардынатарам і аўтарам пры напісанні нацыянальнай справаздачы ў рамках праграмы ААН «Жанчыны Беларусі ў люстэрку эпохі» (1996-97), якая праводзілася пры фінансавай падтрымцы Міністэрства адукацыі РБ і БДУ, каардынатарам праекта Інстытута вайны і свету «IWPR Parliamentary Election Media Monitoring Project» (2000), кіраўніком групы дыскурс-аналітыкаў у рамках міжнароднага даследчага праекта «Кампаратыўныя даследаванні харызматычных палітычных лідараў Расіі, Беларусі, Украіны: зараджэнне, мабілізацыя, устойлівасць» (2000-02). Прымала ўдзел у міжнародных сацыялагічных і лінгвістычных канферэнцыях і кангрэсах, у тым ліку ў якасці сінхроннага перакладчыка з англійскай мовы на рускую і з рускай мовы на англійскую.

Навуковыя працы Аўтар больш як 100 навуковых прац, апублікаваных у Беларусі, Расіі, Украіне і Узбекістане, а таксама ў Германіі, Канадзе, Нарвегіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі і інш. З’явілася ініцыятарам, рэдактарам і адным з аўтараў серыі навуковых выданняў «Метадалогія даследаванняў палітычнага дыскурсу» — калектыўнай манаграфіі з удзелам лінгвістаў, сацыёлагаў, журналістаў і спецыялістаў па тэорыі камунікацыі, у тым ліку вядучых навукоўцаў свету, такіх як, у прыватнасці, Тойн Ван Дэйк (Нідэрланды) і Артур Аза Бергер (ЗША).

Узнагароды Ганаровая грамата БДУ — 1984, 1987, 2001, 2006 гг. Грамата БДУ — 2005 г. Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу РБ — 2006 г. Падзяка рэктара БДУ — 2011 г. Грамата міністэрства адукацыі РБ — 2011 г.

Спасылкі

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Сацыёлагі Беларусі