Інстытут генетыкі і цыталогіі (скарочана ІГІЦ НАНБ) — навукова-даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 года.

Гісторыя У кастрычніку 1965 года стварылі Інстытут генетыкі і цыталогіі (ІГЦ) на аснове Аддзела генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР, заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай аспірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётр Ракіцкі і Мікалай Турбін, члены-карэспандэнты А. М. Іпацьеў і Уладзімір Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце з’явілася дактарантура. За савецкім часам даследаванні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Картэль і Любоў Хатылёва, член-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; селекцыйна-генетычны комплекс, які да 1989 года быў біялагічнай доследнай станцыяй; 10 лабяраторый — 1) малекулярнай генетыкі, 2) гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, 3) генетыкі збожжавых культур, 4) мутагенезу, 5) цытагенетыкі раслін, 6) антымутагенезу, 7) агульнай цытагенетыкі, 8) радыяцыйнай генетыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасці, 10) генетыкі фітаімунітэту.

Да 1998 года асноўнымі кірункамі даследаванняў Інстытута былі: генетычныя асновы селекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасць і генетыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генетычная і клетачная інжынерыя, матэматычная генетыка. У выніку даследавання палепшылі разуменне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Удалося даказаць важкасць цытаплазматычных спадчынных структур для ўстойлівасці раслін да хвароб, вывучыць генетычныя заканамернасці арганізацыі і выяўлення геномаў раслін. Стварылі арыгінальныя генетычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культур і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генетычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагароджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007).

Адразу пасля 9 жніўня 2020 года з Інстытута генетыкі і цыталогіі былі звольнены трое супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстахНезалежны прафсаюз заявіў пра звальненьні ягоных сябраў у Акадэміі навук. 4 ліпень 2021 . Улетку 2021 года да звальнення «са згоды бакоў» вымушаны адначасова некалькі сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага: старшыня першаснай арганізацыі Ксенія Панцялей, скарбнік Аляксандра Носава, кантралёр-рэвізор Ілона Сахарута, сябры Марына Багданава і Марына Шаптурэнка. Таксама пра непадаўджэнне кантракту паведамілі Алене Аксёнавай.

Дзейнасць На 2018 год кірункамі дзейнасці Інстытута было: вывучэнне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека; генетычная і клетачная інжынерыя; распрацоўка генетычных асноў адбору раслін, жывёл і мікраарганізмаў; стварэнне выніковых геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяроддзя; вывучэнне пытанняў біябяспекі, захавання генетычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаннем. Ажыццяўляўся прыём у аспірантуру па 3-х спецыяльнасцях: генетыка, малекулярная генетыка і біятэхналогія. У дактарантуру прымалі па спецыяльнасці генетыка. На 2023 год у ІГЦ працавала звыш 155 даследчыкаў, з іх 2 акадэмікі, 3 члены-карэспандэнты, 8 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук. З 2005 года Інстытут штогод выдаваў па-руску зборнік навуковых прац «Малекулярная і дастасоўная генетыка» (ISSN 1999-9127). Міжнародныя даследаванні ажыццяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краін: 10 устаноў з 4 краін Азіі — Грузія (Цэнтр эксперыментальнай медыцыны імя Івана Берыташвілі), Казахстан (3: Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт), Таджыкістан (3: Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт) і Турцыя (3: Універсітэт Атацюрка); 23 установы з 7 краін Еўропы — Балгарыя (Інстытут раслінных генетычных рэсурсаў), Іспанія (Інстытут медыцынскай геномікі), Польшча (3: Інстытут генетыкі і селекцыі жывёл Польскай акадэміі навук), Расія (13: Інстытут малекулярнай біялогіі Расійскай акадэміі навук), Славенія (Нацыянальны інстытут біялогіі Славеніі), Украіна (3: Інстытут клетачнай біялогіі і генетычнай інжынерыі НАН Украіны) і Эстонія (Эстонскі біяцэнтр).

Структура На 2023 год Інстытут генетыкі і цыталогіі ўключаў: 8 лабараторый — 1) экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, 2) генетычнай і клетачнай інжынерыі, 3) цытагеномікі раслін, 4) нехрамасомнай спадчыннасці, 5) малекулярнай генетыкі, 6) генетыкі чалавека, 7) генетыкі жывёл, 8) малекулярных асноў стабільнасці геному; групу біяінфарматыкі 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябяспекі і генетычных рэсурсаў; Цэнтр калектыўнага карыстання «Геном»; Аддзел навукова-інавацыйнай працы; Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій; Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў.

Паслугі На 2018 год Інстытут генетыкі і цыталогіі аказваў наступныя паслугі: аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання на ўтрыманне генетычна мадыфікаваных інгрэдыентаў (ГМІ); аналіз відавой прыналежнасці мясных складнікаў; ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэнне сельскагаспадарчых раслін, жывёл і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах; генетычнае ўсталяванне відавой прыналежнасці асятровых; ДНК-выпрабаванне схільнасці чалавека да спадчынных захворванняў; аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасці чалавека (спартыўная паспяховасць і адчувальнасць да лекаў); аналіз фрагментацыі ДНК сперматазоідаў; распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябяспекі; правядзенне семінараў і кансультацый па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці; садзейнічанне доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгод.

Кіраўнікі Мікалай Турбін (1965—1971) Любоў Уладзіміраўна Хатылёва (1971—1994) Мікалай Картэль (1994—2004) Аляксандр Кільчэўскі (2004—2014) Валянціна Аляксандраўна Лемеш (2014—2018) Руслан Іванавіч Шэйка (2018—2023) Павел Міхайлавіч Марозік (з 1 лістапада 2023 па красавік 2024)Кадровые изменения Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак (з 1 красавіка 2024)Навука. — 2024. — 26 сакавіка. — С.2

Літаратура

Спасылкі

Нацыянальны каардынацыйны цэнтр біябяспекі Нацыянальны каардынацыйны цэнтр генетычных рэсурсаў Генетычны пашпарт (Лабараторыя генетыкі чалавека)

Катэгорыя:Акадэмічная вуліца (Мінск) Катэгорыя:Генетыка ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1965 годзе Катэгорыя:1965 год у Мінску