Пе́ршая бі́тва пры Артуа́ (17 снежня 1914 — 13 студзеня 1915) — бітва паміж нямецкай і французскай арміямі на шампанскім кірунку Заходняга фронту часоў Першай сусветнай вайны. Гэтая бітва, разам з першай шампанскай бітвай, стала першай сур’ёзнай спробай французскай арміі правесці наступальную аперацыю пасля завяршэння бітвы за Іпр у лістападзе 1914 года.

Гісторыя Няўдалая спроба нямецкіх войскаў глыбокім флангавым манеўрам прарвацца ўглыб Францыі, у так званым «бегу да мора», прымусіла кайзераўскае кіраўніцтва перайсці да абароны ад Паўночнага мора да швейцарскай мяжы і замацавацца за суцэльнай лініяй акопаў і ўмацаваных пазіцый, якія паступова ўсё больш і больш ускладняліся. Адначасова французскае вышэйшае камандаванне, разумеючы эканамічную важнасць багатых рэгіёнаў Бельгіі і абласцей на паўночным усходзе Францыі, якія апынуліся пад акупацыяй, спрабавала выкарыстаць сітуацыю і, нягледзячы на ўласную спустошанасць у жывой сіле і тэхніцы, правесці наступальную аперацыю на гэтым стратэгічным кірунку і паспрабаваць вызваліць рэгіён Артуа. Пад увагу прымалася таксама тое, што ў гэты час немцы паралельна праводзілі новае наступленне супраць рускіх на Усходнім фронце, і былі вельмі абмежаваныя ў магутных рэзервах на Захадзе. Больш таго, разведка дакладала, што немцы перакінулі ад чатырох да шасці карпусоў на Усходні фронт.

Суровыя пагодныя ўмовы і дрэнная арганізацыя матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сарвалі арганізаваны наступ у Артуа, толькі 17 снежня 1914 года французскія войскі 10-й арміі генерала Луі дэ Мо-Юі атакавалі пазіцыі 6-й арміі генерала князя Рупрэхта Баварскага. Разрозненыя дзеянні французскіх часцей асабліва паблізу Арасу і Вімі Рыдж зрываліся добра арганізаванай абарончай тактыкай кайзераўскіх войскаў. XXXIII-му французскаму корпусу генерала Філіпа Пэтэна ўдалося нават захапіць першую нямецкую лінію, але дрэнныя ўмовы надвор’я і адсутнасць артылерыйскай падтрымкі перашкодзілі французам у далейшым прарыве варожых рубяжоў.

25 снежня пачаўся сезон дажджоў і густога туману, які звёў на нішто ўсе далейшыя спробы наступу. 4 студзеня 1915 года французскія войскі, атрымаўшы мізэрныя тэрытарыяльныя заваёвы, спынілі далейшыя баявыя дзеянні. Тым часам, наступ у Шампані французскай 4-й арміі, які пачаўся 20 снежня 1914 года, таксама пацярпеў поўны правал.

Гл. таксама

Другая шампанская бітва Другая бітва пры Артуа Трэцяя бітва пры Артуа Фландрская бітва Бітва пры Арасе (1917)

Літаратура

G. D. Sheffield, War on the Western Front, Osprey Publishing, 2007, p. 55, ISBN 978-1-84603-210-3. Humphries, M. O.; Maker, J. (2010). Germany’s Western Front, 1915: Translations from the German Official History of the Great War II (1st ed.). Waterloo Ont.: Wilfrid Laurier University Press. ISBN 978-1-55458-259-4. Ian Sumner, French Poilu 1914-18, Osprey Publishing, 2009, p. 6, ISBN 978-1-84603-332-2.

Катэгорыя:Бітвы Германіі Катэгорыя:Бітвы Першай сусветнай вайны Катэгорыя:Бітвы Францыі Катэгорыя:Бітвы ў Францыі Катэгорыя:Канфлікты 1914 года Катэгорыя:Канфлікты 1915 года Катэгорыя:Германія ў Першай сусветнай вайне Катэгорыя:Францыя ў Першай сусветнай вайне Катэгорыя:Бітвы паводле алфавіта