«Рок-кола» — беларускі рок-фестываль, які з 1990 года штогод праводзіўся ў Полацку і Наваполацку. Фестываль года па выніках Рок-каранацыі 2004—2005.

Агульныя звесткі Дырэктарам фестывалю быў Сяргей Анішчанка. Асновай фестывалю з’яўляўся конкурс маладых гуртоў з розных краін, таксама на фестываль запрашаліся знакамітыя рок-музыкі. У апошнім фестывалі, які прайшоў 26—27 кастрычніка 2007 года, прынялі ўдзел 25 маладых калектываў з Беларусі, Расіі і Украіны. Асноўнай умовай для канкурсантаў з’яўлялася наяўнасць у рэпертуары песні на беларускай мове.

Забарона Забаронены ў лістападзе 2007 года паводле пратакола пасяджэння Полацкага гарвыканкама: «Лічыць немэтазгодным правядзенне ў горадзе мерапрыемстваў тыпу фестывалю „Рок-кола“, чужых гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю; рэкамендаваць адказным асобам, якія адказваюць за духоўнае выхаванне моладзі, устрымлівацца ад ініцыявання падобных мерапрыемстваў». Тым не менш, аргкамітэт фестывалю разглядаў іншыя пляцоўкі для правядзення, такія як Мінск, Наваполацак, расійскі Смаленск.

Паводле «Тузін Гітоў» забарона фестывалю можа быць звязана з прызначэннем у Полацк новага старшыні мясцовага філіяла КДБ, які нібы выказаў незадаволенасць з нагоды яго правядзення. Віталь Супрановіч, кіраўнік лэйбла «БМАgroup» і аўтар фестываля «Be Free» («Права быць свабодным»), па выніках сустрэчы музыкаў у адміністрацыі прэзідэнта ў лістападзе 2007 года прыйшоў да высновы, што закрыццё «Рок‑кола» ўладамі было палітычным дзеяннем. Сяргей Анішчанка, які даў інтэрв’ю Дзмітрыю Кустоўскаму з тэлеканала «Белсат» у 2015 годзе, таксама падзяліў яго меркаванне. Андрэй Аляксандраў у сваім артыкуле на «Беларускім партызане» па праблеме таксама згадаў наяўнасць прыкмет палітычнага характару.

Ацэнкі Журналіст «Музыкальнай газеты» Таццяна Заміроўская, якой давялося пісаць справаздачу па выніках фестывалю 2001 года ў Наваполацку, назвала яго «годнай і вельмі мілай тусоўкай без напускной глянцавасці, напышлівага пафасу і незразумелых „пантоў“».

Пры аглядзе 15-га фестывалю ў 2005 годзе Анастасія Штукіна з «Музыкальной газеты» напісала: «На сённяшні дзень у Беларусі няма ніводнага гарадскога праекта, які мог бы пахваліцца такой жа папулярнасцю сярод моладзі і настолькі шматгадовай гісторыяй».

Аляксандра Паўлава, аўтар «Музыкальнай газеты», у артыкуле «» у 2007 годзе так апісвала феномен фестывалю: «Гэта ідэя, якая дапамагае быць Полацку і Наваполацку аднымі з самых рок-н-рольных гарадоў у Беларусі. Таму што існуе шмат гуртоў, якія ведаюць, што ёсць дзеля чаго працаваць, што ў іх будзе свая аўдыторыя гледачоў».

Мікіта Змітраў з сайта па выніках апошняга фестывалю «Рок-кола» пісаў: «Два дні Полацк жыў музыкай. Мяркуючы па колькасці гледачоў у самай вялікай залы гораду, рок-н-рол тут вельмі запатрабаваны».

Заўвагі

Спасылкі

Катэгорыя:Музычныя фестывалі Беларусі Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі Катэгорыя:Культура Полацка Катэгорыя:Культура Наваполацка