ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» — беларуская кампанія па вытворчасці мяса, якая размешчана ў Гродна.

Гісторыя Гарадская рэзня адкрылася ў 1912 годзе на сённяшняй вуліцы Камунальнай (былая Рэзніцкая)Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 168. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.. У дзень апрацоўвалі да трыццаці галоў жывёлы, на бойні працавала шэсць работнікаў. Гэта была сумая буйная, але не адзіная скатабойня ў горадзе. Гродзенскія рэзнікі аб’ядноўваліся ў хрысціянскі ды яўрэйскі цэхі. Паводле стану на 1936 г. праўленні гэтых цэхаў знаходзіліся па адрасах Брыгіцкая, 11 і Брыгіцкая, 5. Яўрэйскі цэх быў значна большы за хрысціянскі.

У 1924 годзе кіраўніком гарадской рэзні быў В. Леантовіч. Тады ж, у 1920-х, рэзню забяспечылі фільтрамі паводле англійскага праекту, каб вада, што скідвалася ў суседні Літоўскі ручай, была трохі чысцейшай.

З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе рэзню нацыяналізавалі і надалі ёй назву «Гродзенскі мясакамбінат». Па стане на 1 мая 1940 года тут працавала 104 чалавекі. Сярод найлепшых стаханаўцаў быў Пейсах Бурлан, які ў гэты год выканаў норму на 180%.

У 1944 годзе Гродзенскі мясакамбінат адноўлены пасля вайны і пачынае выпускаць сваю прадукцыю. Праз год, у 1945 годзе, аб’ём вытворчасці ў дзень складае 2000 кг каўбасных вырабаў. У 1953 годзе быў пабудаваны каўбасны цэх магутнасцю тры тоны каўбасных вырабаў у змену.

Старое прадпрыемства не магло цалкам вырашыць пытанні забеспячэння прадукцыяй насельніцтва. Таму ў 1970 годзе пачалося будаўніцтва новага прадпрыемства за рысай горада (сёння — вуліца Мясніцкая). Агульная плошча тэрыторыі прадпрыемства — 10,6 га. Новы мясакамбінат пачаў выпуск прадукцыі ў 1972 годзе, цалкам уведзены ў эксплуатацыю ў 1973 годзе, вытворчыя магутнасці за змену ў месяц мяса склалі 63 тоны.

У 2001 годзе ў 7 км ад Гродна было пачата будаўніцтва агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маёнтак „Каробчыцы“», стылізаванага пад старадаўнюю сядзібу XVIII стагоддзя. Гэты праект курыраваў асабіста генеральны дырэктар мясакамбіната Анатоль Грышук.

У 2003 прайшла рэканструкцыя ўсіх вытворчых падраздзяленняў. У 2009 быў уведзены ў эксплуатацыю новы цэх па выпуску каўбасных вырабаў з субпрадуктаў, што забяспечыла павелічэнне вытворчых магутнасцяў на 50%. У 2011 праведзена рэканструкцыя ўласнага сельгаспрадпрыемства «Поречанка» (тэрыторыя гаспадаркі — 1921 га, сельскагаспадарчыя ўгоддзі — 921 га, ворныя землі — 418 га). У 2015 датэрмінова здадзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці сыракапчоных вырабаў, вытворчыя магутнасці павялічаны да 500 тон у месяц.

Сучасны стан прадпрыемства У 2019—2021 гадах прадпрыемства было ўзбуйнена праз далучэнне да яго саўгаса «Воранаўскі», гандлёвага прадпрыемства «Нарач» і ААТ «Плодаагароднінасэрвіс», адкрылася вытворчая пляцоўка ў Лідзе на базе збанкрутаванага Лідскага мясакамбіната.

У 2021 годзе на прадпрыемстве працавала 2125 чалавек, у 2022 годзе — 2459 чалавек. Чысты прыбытак прадпрыемства ў 2021 годзе склаў 16,139 млн рублёў, у 2022 — 22,782 млн рублёў.

У верасні 2022 года на плошчы Савецкай у Гродне адкрылі Алею Славы гродзенскіх прадпрыемстваў. Першая табліца на ёй была размешчана ў гонар Гродзенскага мясакамбіната з нагоды яго 110-годдзя.

Прадпрыемства ў час палітычнага крызісу 2020 года У пачатку верасня 2020 года 853 работнікі мясакамбіната склалі зварот з шэрагам патрабаванняў да ўладаў. Яны патрабавалі правесці новыя прэзідэнцкія выбары, спыніць гвалт і пакараць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыях. Каб супакоіць супрацоўнікаў на прадпрыемства прыязджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. У чэрвені 2021 на прадпрыемстве пачалі збіраць подпісы супраць санкцый Еўрасаюза.

Гістарычныя будынкі мясакамбіната Комплекс гістарычных будынкаў Гродзенскага мясакамбіната, які складаецца з 16 пабудоваў, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Паводле праекта дэтальнага планавання цэнтра Гродна і Генеральнага плану развіцця горада да 2030 года гэтае месца адвялі пад сядзібную забудову. Участак прадавалі з аўкцыёна з траўня 2019 года і ў жніўні 2023 года ў выніку прадалі за 570 тысяч рублёў.

Спасылкі

Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Прадпрыемствы Гродна Катэгорыя:Вытворцы прадуктаў харчавання Беларусі Катэгорыя:Прадпрыемствы харчовай прамысловасці Беларусі Катэгорыя:1912 год у Гродне