Крывічы́ () — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).

На думку некаторых даследчыкаў, напрыклад Казіміра Бугі, А. Спіцына, Валянціна Сядова, магчыма, крывічы былі заходняга паходжання, з зямель сучаснай Польшчы або ГерманііЕрмаловіч, С. 29.. Самая вялікая па займанай тэрыторыі ўсходнеславянская супольнасцьЕрмаловіч, С. 28.. На аснове аднаго з аб’яднанняў (правадырстваў) крывічоў у другой палове X ст. сфарміравалася Полацкая дзяржава.

Гісторыкі па-рознаму выводзяць назву «крывічы»: ад імя вярхоўнага правадыра (Крыў/Крыва?), ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, параднёныя), ад «крывізны» мясцовасці (узгорысты рэльеф) і інш.

Крывічы займалі значны абшар Усходняй Еўропы. Яны жылі ў вярхоўях Дняпра, Дзвіны і Волгі. Звесткі пра іх змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пры апісанні падзей IX—X стст. Пра крывічоў («крывіцеінаў») пісаў таксама візантыйскі імператар і гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны. Летапіс ХІІ ст. называе полацкіх князёў «крывіцкімі» або «крыўскімі».

Падчас славянскай каланізацыі занялі землі паміж Пскоўскім возерам на поўначы і верхнім Сожам, Дзясной і Бярэзінай на поўдні; паміж вярхоўямі Волгі на паўночным усходзе і Віліі на захадзе. На поўдні крывічы межавалі з дрыгавіцкім і радзіміцкім насельніцтвам, на поўначы з наўгародскімі славенамі, на захадзе суседнічалі з балцкімі супольнасцямі. Летапіснае паведамленне знаходзіць пацвярджэнне і ў археалагічным матэрыяле. Даследчыкі не знаходзяць якога-небудзь выразнага этнаграфічнага падзелу паміж землямі, якія засялялі крывічыМяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17..

Летапіс паведамляе пра скандынаваў на поўначы Усходняй Еўропы (862), згадвае паход Аскольда і Дзіра на крывічоў (865) і захоп Алегам Смаленска (882)і Смаленскае княства… — С. 18..

Паводле займаных водных сістэм, вылучаюць крывічоў дзвінскіх, дняпроўскіх, пскоўскіх.

На тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан даследчыкі вывучаюць паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх і смаленскіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў, у якой прысутнічаюць элементы матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінах яны часта разглядаюцца як полацка-смаленская група.

Крывічы — адна з асноўных частак старабеларускага этнасу і беларускай народнасціГрынблат, С.134..

Этнонім Паводле Макса Фасмера назва магла паходзіць ад імя родапачынальніка плямён — КрываПервальф О. О., AfslPh 7, 594.. Імя Крыў, як думаюць, можа быць таксама звязана з імем-тытулам балцкага вярхоўнага жраца Крывэ-Крывайтэса.

Пра імя крывічоў ёсць легенда, што крывічы завуцца ад сярэдняй дачкі міфічнага славянскага цара Багуміра — Скрэвы, і спачатку зваліся скрывічамі. Як на доказ спасылаюцца на дакумент, якім Папа Рымскі ў 834 годзе прызначыў Ансгарыя сваім легатам да ўсіх паўночных народаў, у тым ліку да славен і скрыдэвіндаў. Апошнімі, як думаюць некаторыя аўтары, маглі быць скрывічы. Некаторыя аўтары выказаюць здагадку, што пачатковае «с/з» адпала з прычыны збегу трох зычных, і назва набыла форму «крэвы», «крывы», «крывічы»

Гіпотэзы паходжання Археалагічныя даныя сведчаць, што крывічы як племянны саюз сфармаваліся як вынік паступовай асіміляцыі (славянізацыі) прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў.

Пра паходжанне славянскіх продкаў крывічоў ёсць два асноўныя пункты гледжання. Першы звязвае іх прарадзіму з Карпатамі, другі — з тэрыторыяй паўночнай Польшчы. На думку Валянціна Сядова, спачатку крывічы прыйшлі праз Сярэдняе Панямонне на Пскоўшчыну ў VI стагоддзі (культура пскоўскіх доўгіх курганоў), пазней рассяліліся на поўдзень -- Полаччыну, Віцебшчыну і Смаленшчыну. Раннюю дату з’яўлення крывічоў у раёне Пскова тлумачаць меншай шчыльнасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з паўднёвым арэалам іх будучага рассялення.

Карпаты На карысць гіпотэзы сведчаць летапісы, якія паказваюць паходжанне крывічоў, асабліва палачан (разам з драўлянамі і дрыгавічамі) ад аселых на тэрыторыі Беларусі плямёнаў белых харватаў, сербаў і харутан, якія мігравалі ў вярхоўі Дняпра ў VI—VII стагоддзяхБелорусы // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907.

Поўнач Польшчы Гіпотэза грунтуецца на працах сучасных лінгвістаў. У прыватнасці, параўнальны аналіз У. М. Тапарова, зроблены па выніках даследаванняў А. А. Залізняком мовы ноўгарадскіх берасцяных грамат і старажытнакрывіцкага дыялекту, праведзенага С. Л. Мікалаевым, паказвае зыходную прыналежнасць дыялекту крывічоў да паўночна-заходняй славянскай дыялектнай групы.

Гета-дакі На думку Вацлава Ластоўскага, усходнеславянскія крывічы маглі паходзіць ад вольных дакаў і гетаў . На думку Ластоўскага, пра гэта сведчыць археалогія. Петр Кёпен і Іаахім Лялевель выводзяць назву крывічоў ад дунайскага (фракійскага) народу — кробізаў, або кровічаў і лічаць крывічоў іх нашчадкамі. Восіп Турчыновіч лічыў, што крывічы паходзілі ад фракійцаў кровічаў якія мігравалі пасля ўварвання панонцаў. Як аргумент Турчыновіч выкарыстоўвае мноства падобных тапонімаў з Дакіі і Мезіі на тэрыторыі Беларусі.

Ластоўскі выказваў здагадку, што ёсць яшчэ гістарычныя даныя пра перасяленне кровічаў з-над Дуная, захаваныя ў працах гісторыкаў Старажытнага Рыму. У 1 стагоддзі нашай эры, на берагах Дуная існавала Дака-Гецкая дзяржава, якая доўгі час вяла змаганне з Рымскай імперыяй. Цар дакаў Дэцэбал, будучы акружаны рымскім імператарам Траянам ва ўласнай сталіцы, добраахвотна спаліў сябе на пагорку, каб не трапіць у рукі ворага. Далей рымскія пісьменнікі адрозніваюць дзве Дакіі:

Старую (Рымскую) Дакію, ці Траянаву, якая асталася пустой, бязлюднай, куды прыйшлося засяляць рымлянам перасяленцаў са ўсіх канцоў сваёй дзяржавы. Новую (Вольную) Дакію, калі дакі перасяляліся да Днястра і Бугу, а затым павярнулі далей на ўсход — да Дняпра і Дзвіны. З географаў , Пталемэя і, асабліва, з рымскага падарожніка «Пэнтынгерскіх табліц 210 года», на думку Ластоўскага, вынікае, што ў Падняпроўі, ад сутокаў Іпуці з Дняпром, уніз, да сутокаў Уці з Сожам (цяпер тэрыторыя Магілёўскай вобласці), жыў народ дака-гета-пар’яны. На тэрыторыі Беларусі знойдзены тэтрадрахмы тыпу Huşi-Vovrieşti, асноўная прыкмета міграцый гетаў. Да пэўнага часу самыя паўночныя знаходкі такіх манет былі зафіксаваны ў вярхоўях Заходняга Буга і Стыра (правага прытока Прыпяці)Левинский, А. Н. История гетов в лесостепи Юго-Восточной Европы (конец VI — вторая половина IV вв. до н. э.) / А. Н. Левинский // Stratum plus: Археология и культурная антропология. — Кишинев, 2010. — № 3. — С. 15-127. але знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі манетыSidarovich, V. Barbarian Imitations of Ancient Coins in the Territory of Belarus значна пашыраюць арэал іх распаўсюджання і дазваляюць выказаць меркаванне, што невялікая частка гецкага насельніцтва праз басейн Прыпяці магла дасягнуць Верхняга Падняпроўя. Варта адзначыць, што геты, якія ратаваліся ад скіфаў, сыходзілі, на думку Лявінскага, у слабазаселеныя рэгіёны. Археолаг Віталь Сідаровіч лічыць, што імаверна, такім рэгіёнам міграцый гетаў магла быць і тая частка Беларускага Падняпроўя.

Ластоўскі лічыў, што літоўскай назвай «gudai» захавалася да нашых дзён старая назва гетаў, якія выйші з-над Дунаю і аселі паміж Дзвіною і Прыпяццю, Дняпром і Нёманам у першыя стагоддзі нашай эры. Таксама, паводле Ластоўскага, гетунамі, гецікамі, рускія называлі беларусаў у Расійскай імперыі. Таксама Ластоўскі звязваў Гаўраў з Дзядоў з гетамі. На думку Ластоўскака, гіпотэза паходжання крывічоў ад кровічаў зусім не тлумачыць іх этноніма.

Люцічы і неўры Чэшскі гісторык Павел Ёзеф Шафарык лічыў продкамі крывічоў люцічаў і неўраўП. Й. Шафарик. «Славянские древности»..

Антрапалогія У зоне рассялення вяцічоў, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і севяран, знаходкі чарэпаў з аслабленым вуглом выступу носа звязваюць з тэндэнцыяй да мезакефаліі, меншым памерам падоўжнага і папярочнага дыяметра чэрапа, вузейшым тварам. У полацкіх крывічоўГ. Ф. Дебец, Палеоантропология СССР. таксама вылучаецца даліхацэфальны, з шырока выступаючым носам комплекс, падобная камбінацыя антрапалагічных прыкмет характарызуе некаторыя балтыйскія групы — латгалаў, земгалаў, жамойтаўSenojo gelezies periodo Lietuvos gyventoju kaukoliu studija, «Acta Medicinae Facultatis Vylakti Magni Universitatis», vol. IV, lasc. 1—3, Kaunas, 1937; М. В. Битов, К. Ю. Марк, Н. Н. Чебоксаров, Этни ческая антропология восточной Прибалтики, «Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции», т. 2, М., 1959.. Віктар Бунак прыйшоў да высновы пра падабенства даліхацэфальных крывічоў з алеманамі, як прадстаўнікамі паўночнага тыпу, і ўсходніх крывічоў — з сублапаноідным насельніцтвам.

Гл. таксама Славяне Вялікае перасяленне народаў Славянская каланізацыя Беларусі Крывіцкая канцэпцыя Правадырства ў крывічоў Крывы горад

Крыніцы

Літаратура

Штыхаў Г. В. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 191 с. Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с. ISBN 5-340-00614-X

Спасылкі Ян Станкевіч. «Беларускія плямёны. Крывічы.»

Катэгорыя:Славянскія плямёны

Катэгорыя:Славянскія плямёны ў Беларусі