Цзывай Со (, (Су Цзывэй), нар. 1981) — брытанскі архітэктар, аўтар праекта Цэрквы Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа ў Лондане.
Біяграфія Цзывай Со нарадзіўся ў КНР і вырас у Брытанскім Ганконгу. Вывучаў архітэктуру ва Універсітэце Ганконга, які скончыў у 2003 годзе.
Пазней Со пераехаў у Вялікабрытанію, дзе скончыў магістратуру па спецыяльнасці «Гісторыя будаўніцтва» ў Каледжы Вулфсана Кембрыджскага ўніверсітэта.
У 2011 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў архітэктурнага бюро Spheron Architects, з офісамі ў Лондане і Акры. Сярод кліентаў агенцтва — Рымска-каталіцкая архідыяцэзія Вэстмінстэра, Святы Прастол, Лонданскі ўніверсітэт каралевы Марыі і іншыя.
Кар’ера
Архітэктура
Беларуская царква ў Лондане
Со атрымаў міжнароднае прызнанне за праект Беларускай царквы ў Лондане, выкананы па заказе Святога Прастола. Будаўніцтва было завершана ў 2017 годзе. Беларускі храм стаў першай драўлянай царквой, пабудаванай у Лондане пасля пасля Вялікага пажару 1666 г. Царква атрымала мноства брытанскіх архітэктурных узнагарод і шырокае прызнанне з боку прафесійнай супольнасці, у тым ліку Каралеўскай акадэміі мастацтваў, і намінавана на Прэмію Еўрапейскага Саюза імя Міса ван дэр Роэ.
An Echo in Time, Бельгія У сакавіку 2018 года міжнароднае журы прызнала праект Цзывая Со пад назвай «An Echo in Time» пераможцам конкурсу праектаў першага агульнаеўрапейскага мемарыяла памяці ахвяр таталітарных рэжымаў XX стагоддзя. Узвядзенне мемарыяла плануецца ў Бруселі, Бельгія. Конкурс быў арганізаваны Еўрапейскім Саюзам. У склад журы ўваходзілі, сярод іншых Норман Фостэр і Цібар Наўрачыч.
Слонімская сінагога
У жніўня 2018 года Беларускае тэлебачанне паведаміла, што Цзывай Со сумесна з брытанскім Фондам яўрэйскай спадчыны і сям’ёй тэлевядучай Наташы Каплінскі працуе над праектам рэстаўрацыі сінагогі ў Слоніме, Беларусь, адкуль паходізць сям’я Каплінскі.
Карціны У 2018 годзе малюнкі Цзывая Со, якія сталі асновай праекта «An Echo in Time», занялі першае месца на міжнародным конкурсе малюнкаў часопіса Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў (RIBA Journal). Малюнкі Цзывая Со выстаўляліся ў Каралеўскім інстытуце брытанскіх архітэктараў у Лондане ў жніўні-верасні 2018 г., а затым у Ліверпуле.
Навуковая і грамадская дзейнасць Цзывай Со выкладае ў Вэстмінстэрскім універсітэце і з’яўляецца аўтарам навуковых артыкулаў пра беларускае народнае дойлідства і брытанскую віктарыянскую архітэктуру. Ён член наглядальнага савета Heritage Trust Network, дабрачыннай арганізацыі, якая займаецца захаваннем брытанскай архітэктурнай спадчыны.
Узнагароды і прэміі
Цзывай Со і яго бюро з’яўляюцца намінантамі і лаўрэатамі шэрагу архітэктурных прэмій. У 2016 годзе Со атрымаў прыз часопіса Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў (RIBA Journal) як «узыходная зорка брытанскай архітэктуры». У 2017 годзе ён атрымаў званне найлепшага брытанскага архітэктара ва ўзросце да 40 гадоў ад Амерыканскага інстытута архітэктараў. У кастрычніку 2017 г. З атрымаў прэмію фонду National Churches Trust як найлепшы малады царкоўны архітэктар года. У лістападзе 2018 г. было абвешчана пра тое, што Беларуская царква ў Лондане намінавана на Прэмію Еўрапейскага Саюза ў вобласці сучаснай архітэктуры (Прэмію імя Міса ван дэр Роэ).
У 2025 годзе Цзывай Со ўганараваны Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» разам з іншымі замежнікамі, адзначанымі за ўнёсак у развіццё дэмакратыі, падтрымку беларусаў і прасоўванне беларускай культуры ў свеце.
Крыніцы
Спасылкі
У Лондане з’явіцца беларуская царква памяці ахвяраў Чарнобыля // tut.by. 19 верасня 2013 г. Чаму беларуская царква стала ўлюбёным будынкам лонданцаў // «Звязда». 29 ліпеня 2017 г.
Катэгорыя:Архітэктары Вялікабрытаніі Катэгорыя:Выпускнікі Кембрыджскага ўніверсітэта