Міхаіл Псел, свецкае імя Канстанцін (1018 — 1078/97) — візантыйскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік.
Біяграфія Асноўная крыніца па жыцці Псела — яго ўласныя творы, дзе ёсць вялікія аўтабіяграфічныя ўрыўкі. Нарадзіўся, напэўна, у Канстанцінопалі, паходзіў са збяднелай арыстакратычнай сям’і з Нікамедыі, якая, паводле самога Псела, выводзіла сябе ад консулаў і патрыцыяў. Ахрышчаны пад імем Канстанцін, Псел (Psellos — заіка) — асабістая мянушка, напэўна, з-за дэфекту маўлення і, такім чынам, родавае прозвішча невядома. Пра бацькоў няма пэўных звестак.
Бацькі, быццам праз бачаныя сны, прызначылі сыну навуковую кар’еру. Вучыўся спачатку пад наглядам бацькі, потым граматыцы і піітыцы ў школе ў Канстанцінопалі. Ва ўзросце каля 10 гадоў адпраўлены па-за сталіцу, служыць сакратаром правінцыйнага суддзі, каб дапамагчы сям’і сабраць пасаг для сваёй сястры. Калі сястра памерла, Псел пакінуў службу сакратара і вярнуўся ў Канстанцінопаль працягваць адукацыю.
У 16 гадоў перайшоў да вышэйшай адукацыі, вывучаў рыторыку, філасофію і юрыспрудэнцыю. Падчас вучобы у Іаана Маўропа, пазнаёміўся з будучымі патрыярхамі Канстанцінам Ліхудам і Іаанам Ксіфілінам, а таксама з будучым імператарам Канстанцінам Дукам. У 1037 годзе паступіў на службу ў феме Месапатамія, праз сувязі атрымаў пасаду суддзі. Перад 1042 годам вярнуўся ў Канстанцінопаль, дзе пры імператары Міхаіле V Калафаце атрамаў пасаду асікрыта (малодшага чыноўніка імператарскай канцылярыі). Адсюль Псел пачаў імклівую прыдворную кар’еру. Гэтым часам дбайна займаўся навукамі, асабліва філасофіяй, вывучаў Арыстоцеля, Платона і Прокла.
У 1043 годзе напісаў панегірык імператару Канстанціну IX Манамаху і тым жа годам стаў адной з найбольш набліжаных да імператара асоб; прызначаны протасінкрытам, затым вестам і вестархам, то-бок дасягнуў 7-га чыну паводле візантыйскай табелі. Ва ўладарства (1042—1055) імператара Канстанціна IX напісаў яму яшчэ 4 панегірыкі, вельмі ліслівыя і не вартыя веры; узнагародай быў васілікат Мадыта (права збіраць падаткі з гэтага горада) і атрыманне ў харыстыкію (кіраванне) некалькіх манастыроў. Прызначаны іпатам філосафаў (ὕπατος τῶν φιλοσόφων / hypatos tōn philosophōn) — кіраўніком філасофскага факультэта Мангаўрскай вышэйшай школы. Пад канец валадарства Канстанціна IX становішча Псела з невядомых прычын пахіснулася, урэшце ён пастрыгся пад імем Міхаіл і ў 1054 годзе пайшоў у манастыр на малаазіяцкім Алімпе.
Пасля смерці імператара Канстанціна IX, Псел выкліканы з манастыра яго пераемніцай імператрыцай Феадорай, зноў набліжаны да двара і ўзнагароджаны тытулам іпертыма. Усе пазнейшыя гады заставаўся актыўным у палітыцы, быў радцам некалькіх наступных імператараў. У 1057 годзе, пасланы імператарам Міхаілам VI Стратыётыкам да паўсталага Ісаака Камніна, каб угаворваць таго на мір, Псел вельмі спадабаўся Ісааку. Сыграў значную ролю ў пераходзе ўлады ад Міхаіла VI Стратыётыка да Ісаака I Камніна, пры заняцці стальца апошнім, прызначаны праэдрам, а пазней, як бачна з перапіскі, быў вельмі блізкі з усім домам імператара. Паводле жадання Ісаака I, Псел напісаў абвінаваўчы акт супраць ранейшага свайго сябра, зрынутага патрыярха Міхаіла Кіруларыя.
У 1059 годзе Псел паспяхова інтрыгаваў за заняцце стальца Канстанцінам X Дукам, урэшце, быў набліжаным і гэтага імператара, атрымаў чын протапраэдра. Для сына імператара, Міхаіла Дукі, напісаў некалькі падручнікаў. Таксама значнай была роля Псела ў пераходзе ўлады ад Канстанціна X Дукі да Рамана IV Дыягена ў 1068 годзе, але гэтая змена паменшыла значэнне Псела пры двары. Адыграў ролю і ў пераходзе ўлады ад Рамана V Дыягена да Міхаіла VII Дукі ў 1071 годзе, пасля паланення Рамана ён параіў Міхаілу VII разаслаць па імперыі ўказ з аб’вяшчэннем пра пазбаўленне папярэдніка стальца. Калі Раман быў аслеплены, Псел звярнуўся да яго з суцяшальным лістом. Пры Міхаіле VII Псел спачатку быў вельмі уплывовым — пісаў лісты ад імя імператара, складаў хрысавулы, разбіраў цяжбы і інш.
Напэўна, Псел, настаўнік Міхаіла ў валадарства яго бацькі Канстанціна X Дукі, дапамагаючы перамагчы праціўніка і айчыма Рамана і атрымаць уладу Міхаілу VII, разлічваў на больш значныя пазіцыі. Аднак, імператар, відаць, непрацяглы час быў прыхільны Пселу — пасля сярэдзіны 1070-х гадоў няма звестак пра якую-небудзь яго ролю пры двары. Уласныя аўтабіяграфічныя ўрыўкі Псела на гэтым часе перапыняюцца, таму мала звестак пра яго познія гады. Некаторыя навукоўцы думаюць, што Псел у 1070-я гады вымушаны зноў пайсці ў манастырPerikles P. Joannou: «Psellos et le monastère «». Byzantinische Zeitschrift 44: 283—290..
Дата смерці Псела пэўна невядома. Некаторыя навукоўцы датуюць яе 1078 годамHerbert Hunger: Die hochsprachliche profane Literatur der Byzantiner. 2 vols. München 1978., неўзабаве па звяржэнні Міхаіла Дукі, або каля 1076—1077 гадоў, са спасылкай на запісы тагачаснага візантыйскага гісторыка Іаана Занары. Іншыя прапануюць і пазнейшыя датыIoannes Polemis: «When did Psellos die?» Byzantinische Zeitschrift 58: 73-76., у т.л. лічаць, што ў 1096 годзе Псел яшчэ жыў.Памятники византийской литературы IX—XIV веков. — М., 1969. — С. 134;Михаил Пселл. Хронография. — М., 1978. — С.198 (артыкул Я. М. Любарскага);Культура Византии. Вторая половина VII—XII века. — М., 1989. — С. 49; Вядома, што епіскап охрыдскі Тэафілакт пісаў брату Псела, суцяшаючы: «Твой брат не памёр, ён пайшоў да Бога, вызваліўся ад пакутлівага жыцця і хваробаў»P. Gautier, Theophylacte d’Achrida. Lettres. Corpus Fontium Historiae Byzantinae. Series Thessalonicensis 16.2. Thessalonica: Association for Byzantine Research, 1986. Letter 132.
Дзейнасць
Агульныя ацэнкі Аўтар вялізнай колькасці твораў рознага жанру і галін навукі — рытарычных, філасофскіх, гістарычных, палемічных, граматычных, прававых, агранамічных, медыцынскіх, матэматычных, музычных трактатаў. Служыў пры дзевяці імператарах, у т.л. імператарскім радцам, пры імператары Канстанціне IX Манамаху (1042—1055) быў імператарскім сакратаром, суддзём, іпатам філосафаў. Таму не меў устойлівых перакананняў, хітрасцю і ліслівасцю быў тыповы візантыйскі чыноўнік, не цураўся хабараў. Аднак, Псел — выбітная здольнасцямі і ведамі асоба. Працяглы час Псел быў выкладчыкам заснаванай ім жа ў Канстанцінопалі школе, дзе навучаў рыторыцы, філасофіі і гісторыі права; асаблівую ўвагу надаваў філасофіі Платона. Рытарычныя яго практыкаванні прадстаўлялі часта дзіўны выбар тэм, узору, напрыклад, пахвалы бласе, вошы або блашчыцу; відавочна, для Псела важным бачылася толькі ўменне прыгожа складаць фразы. Па творах Псела можна скласці ўяўленне пра візантыйскую адукаванасць XI ст. Вельмі важныя жывыя і цікавыя мемуары Псела (выдадзеныя Сафай ў 1874 г.) і шматлікія лісты яго да імператараў, патрыярхаў, розных высокапастаўленых асоб, манахаў і іншых. Першае выданне твораў Псела выйшла ў 1503 годзе.
Нягледзяны на высокую адкукаванаць, веды Псела ў латыні былі даволі няпэўнымі, так ён паблытаў Цыцэрона з Цэзарам, што цытуецца як яскравы прыклад парадыгмы страты Усходняй Рымскай імперыяй у эпоху Высокага Сярэднявечча амаль усёй сваёй сувязі з намінальнымі рымскімі каранямі.
Гістарычныя працы Аўтар двух гістарычных твораў — «Кароткай гісторыі цароў старэйшага Рыму, а таксама малодшага за выняткам тых цароў, што не здзейснілі нічога вартага памяці, якая пачынаецца з Ромула» і «Хранаграфіі»Михаил Пселл. Хронография. -- М., 1978. -- С. 232 (артыкул Я. М. Любарскага).
Найперш вядомы «Хранаграфіяй», якая ахоплівала падзеі 976—1078 гадоў -- час валадарства чатырнадцаці імператараў і імператрыц. У гістарычнай працы Псела, сярод іншага паведамляецца пра варага-рускі наёмны корпус у Візантыі, набегі качэўнікаў — печанегаў і полаўцаў. «Хранаграфія» — найважнейшая крыніца па гісторыі апошняга рускага паходу на Візантыю ў 1043 годзе. Праца цікавая тым, што Псел многія падзеі апісвае як відавочац і непасрэдны ўдзельнік.
Матэматычныя працы З матэматычных прац найбойльш вядомая, асабліва ў XVI ст., была перакладзеная на лацінскую Ксіландэрам і выдадзеная ў 1556 г. пад загалоўкам: «Arithmetica, Musica, Geometria et Astronomia». Апроч гэтага поўнага выдання, выйшлі таксама асобныя часткі працы, з выданняў такога роду вядомы: «Ψέλλόυ τών περί άριθμητικής συνοψις» (1538), «Arithmetica, Musica et geometria Mich. Pselli» (1592), «M. Pselli compendium mathematicum» (1647). Працы Псела маюць яркі адбітак сваёй эпохі поўнага заняпаду грэчаскай матэматыкі. Арыфметычная частка працы змяшчае толькі адны імёны і падраздзяленні лікаў і адносін, паміж якімі зрэдку сустракаюцца сцвярджэнні ўзору: «адзініца не лік, а корань і пачатак лікаў», «двойчы два і два, складзенае з двума, роўныя, чаго з іншымі лікамі не бывае». У аддзеле музыкі даюцца тлумачэнні тонаў і іх відаў. Урэшце, аддзелы геаметрыі і астраноміі змяшчаюць толькі тлумачэнні асобных вучэнняў без якіх-небудзь доказаў. З іншых твораў Псела былі надрукаваны «Liber de lapidum virtutibus» (1615) і «De terrae situ, figura et magnitudine».
Аўтарству Міхаіла Пселла належыць так званы «лагічны квадрат», дзе навочна выяўлены адносіны розных відаў меркаванняў. Яму належаць назвы розных modi () фігур. Гэтыя назвы, латынізаваныя, перайшлі ў заходнюю лагічную літаратуру. Псел, наследуя Тэафраста, пяць modi чацвёртай фігуры адносіў да першай. Найменне відаў мела ў Псела мнеманічныя мэты. Яму ж належыць і агульнаўжывальная абазначэнне літарамі колькасці і якасці меркаванняў (а, е, i, о). Лагічныя вучэнні ў Пселла носяць фармальны характар. Праца Пселла была перакладзена Уільямам з Шэрвуда і стала распаўсюджанай праз пераробку Пятра Іспанскага (Папы Яна ХХІ). У падручніку Пятра Іспанскага заўважна тое ж імкненне да мнематэхнічных правілаў. Лацінскія назвы відаў фігур, якія прыводзяць ў фармальных логіках, ўзяты ў Пятра Іспанскага. Пётр Іспанскі і Міхаіл Псел ўяўляюць сабой росквіт фармальнай логікі ў сярэднявечнай філасофіі.Логический квадрат // Философская Энциклопедия. В 5-х т. / Под редакцией Ф. В. Константинова. — М.: Советская энциклопедия, 1960—1970.Логический квадрат // Словарь по логике / А. А. Ивин, А. Л. Никифоров. — М.: Туманит, изд. центр ВЛАДОС, 1997.
Багаслоўскія працы