Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Ві́льна» () — шостая брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1926—1937 гадах у гарнізоне каля Вільні.

Гісторыя На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры. На трэцім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе распараджэння міністра ўнутраных спраў №1099 ад студзеня 1926 года была заснавана шостая памежная брыгада.

Да моманту стварэння брыгады дзяржаўную мяжу з Латвіяй у раёне Слабодкі ахоўваў 19-ы памежны рэзервовы батальён разам з 18-ым і 19-ым кавалерыйскімі эскадронамі. Станам на пачатак сакавіка 1926 г., у склад брыгады ўваходзілі 20-ы памежны батальён у Новых Свянцянах, 21-ы памежны батальён у Немянчыне, 22-ы памежны батальён у Новых Троках, 23-ы памежны батальён у Аранах, 24-ы памежны батальён у Сейнах, а таксама 18-ы, 19-ы і 20-ы кавалерыйскія эскадроны. Даўжыня ўчастка памежнай паласы, вызначанай для аховы брыгадай складала 583 км, глыбіня дасягала 30 км. Камандаванне знаходзілася ў Вільне (па звестках 1931 года, на вуліцы Вастрабрамскай, 7).

У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана пры 21-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа.

У 1927 годзе ў складзе брыгады адбыліся рэарганізацыйныя змены: утвораны камандаванне 6-й паўбрыгады аховы памежжа, 29-ы рэзервовы батальён і тры памежныя роты для 19-га, 22-га і 23-га памежных батальёнаў. Камандаванню шостай паўбрыгады былі падпарадкаваны тры батальёны (23-ы, 24-ы і 29-ы) і 19-ы кавалерыйскі эскадрон. Астатнія падраздзяленні засталіся ў непасрэдным падпарадкаванні камандаванню брыгады.

Аб’яднаныя ў ліпені 1929 г. 3-я і 6-я памежныя брыгады займелі назву «Вільна» згодна з правілам, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву ў адпаведнасці з мясцовасцямі іх размяшчэння. Пры гэтым, абавязковая нумарацыя частак захоўвалася, але праз два гады цалкам была скасавана. Таксама, у выніку злучэння брыгадаў, было ліквідавана камандаванне 6-й паўбрыгады і заснаваны два палкі: «Вілейка» і «Глыбокае».

З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пры 21-ым памежным батальёне ў Вільні, а ў 1931 г. сапёрныя роты з’явіліся пры ўсіх памежных брыгадах. Яны дзяліліся на 4 часткі і называліся паводле адзінак іх размяшчэння. У брыгадзе «Вільна» была ўтворана рота другога тыпу, якая складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і трох сапёрных узводаў па тры дружыны ў кожным. Штат роты складаўся з чатырох афіцэраў, адзінаццаці ўнтэр-афіцэраў і 91 шараговага жаўнера.

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго дадзеная брыгада была расфармавана. Палкі, якія ўваходзілі ў яе склад, сталі самастойнымі падраздзяленнямі, падпарадкаванымі непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа.

Структура

Арганізацыя ў снежні 1927 года Камандаванне брыгадай 6-я памежная паўбрыгада 19-ы памежны батальён 20-ы памежны батальён 21-ы памежны батальён 22-ы памежны батальён 18-ы кавалерыйскі эскадрон 20-ы кавалерыйскі эскадрон

Арганізацыя ў 1934 годзе Камандаванне брыгадай Полк «Вілейка» Полк «Глыбокае» 19-ы памежны батальён «Слабодка» 20-ы памежны батальён «Новыя Свянцяны» 21-ы памежны батальён «Немянчын» 22-і памежны батальён «Трокі» Рота сапёраў «Вільна»

Кіраўніцтва сакавік 1926 — чэрвень 1927 — палкоўнік пяхоты Стэфан Віктар Паслаўскі 16 чэрвеня 1927 — 23 лютага 1929 — падпалкоўнік сапёраў Артур Уладзімір Горскі 23 лютага 1929 — 1930 — палкоўнік пяхоты Францішак Карэва сакавік 1935 — сакавік 1937 — палкоўнік пяхоты Мар'ян Юзаф Ацэткевіч

Зноскі

Літаратура

Катэгорыя:Корпус аховы памежжа Катэгорыя:1926 год у Вільні