Сацыялогія (ад  — грамадскі і  — слова) — навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сацыяльных супольнасцей і працэсаў, пра сацыяльныя адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сацыяльны арганізм.

Асноўная мэта сацыялогіі — аналіз структуры сацыяльных адносін у тым выглядзе, у якім яны складваюцца ў ходзе сацыяльнага ўзаемадзеяння. Метадалагічна сацыялогія ў значнай ступені базіруецца на эмпірычных даследаваннях. Сацыялогію адносяць да грамадскіх альбо гуманітарных навук.

Гісторыя Тэрмін увёў стваральнік гэтай навукі А. Конт, які сінтэзаваў найбольш плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сацыяльную дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»: тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай.

Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі сацыялогіі ажыццявіў Г. Спенсер, які стварыў канцэпцыю сацыяльных інстытутаў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей.

Канцэпцыя сацыялагізму найбольш поўна адлюстравана ў працах Э. Дзюркгейма, які вызначаў прадмет сацыялогіі як сацыяльныя факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай.

Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сацыяльных з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў сацыялогіі статыстыкі. М. Вебер вызначаў сацыялогію як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы. Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сацыяльнага дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы.

П. А. Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» сацыялогію і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сацыяльных заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асноўных тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх інстытутаў, сацыяльная палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання сацыялогіі адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналітычнага падыходу, тэарэтычныя пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэтычныя арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філасофскімі плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» сацыялогія Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сацыяльных дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х гадах у сацыялогіі існавала некалькі тэарэтычных арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т. Парсанс, Р. К. Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

Гл. таксама Прыкладная сацыялогія Гісторыя сацыялогіі Спіс сацыёлагаў Дзень сацыёлага Сацыяльная праца

Звязаныя дысцыпліны Сацыяльная антрапалогія Сацыяльная філасофія Сацыяльная псіхалогія Паліталогія Грамадазнаўства Дэмаграфія Сацыяметрвя Статыстыка Біясацыялогія Дэцэсіянізм

Цэнтральныя паняцці Сацыялізацыя Таварыства Чалавецтва Цывілізацыя Улада Стратыфікацыя Індывід Асоба

Літаратура Гідэнс Э. Сацыялогія. Кароткія і крытычныя ўводзіны: Пер. з анг. мовы / Гідэнс Энтані. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 120 с. — ISBN 985-458-086-5 Ігнатовіч П. Р. Сацыялогія. Вучэб. дапам. — Мн.: Бел. дзярж. ўн-т культуры і мастацтваў, 2001. — 261 с. — ISBN 985-6579-38-4