Беларускі полк () — адміністрацыйна-тэрытарыяльная і вайсковая адзінка казацтва ў 1654—1659 гадоў у складзе Гетманшчыны.

Самастойная адзінка Створаны ў 1654 годзе з мясцовых жыхароў на тэрыторыі, занятай маскоўскімі войскам падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Заснавальнікам палка быў праваслаўны шляхціч Канстанцін Паклонскі, які ў ліпені 1654 года прыбыў да цара Аляксея Міхайлавіча, атрымаў дазвол на стварэнне казацкага фарміравання і яму быў нададзены чын палкоўніка. Першымі салдатамі палка сталі каля 800 жыхароў Чавусаў пасля яго добраахвотнага пераходу да маскоўцаў.

Пасля здачы Магілёва (24 жніўня) увесь Магілёўскі павет перададзены Паклонскаму, што значна падняло аўтарытэт палкоўніка сярод мясцовага насельніцтва і ператварыла павет у сферу яго ўплыву. Камандны склад для палка камплектаваўся са шляхты, часам нават польскай. Так, адным з сотнікаў быў шляхціч Якавінскі, які прыняў праваслаўе. На падставе царскай граматы Паклонскаму, выдадзенай 28 снежня 1654 года, і іншых актаў полк быў арганізаваны на казацкі манер. Акрамя палкоўніка, існавала яшчэ палкавая старшына: палкавы суддзя, палкавы есавул, палкавы сцяганосец, палкавы святар. Полк падзяляўся на сотні.

Да канца 1654 года Беларускі полк налічваў каля 4 тысяч чалавек. Сумесна з украінскімі казакамі Івана Залатарэнкі Беларускі полк перамог войска Януш Радзівіла, які вымушаны быў адступіць за Бярэзіну. У лютым 1655 года Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, але яго полк застаўся верным прысязе і склаў аснову абаронцаў Малога горада Магілёва ад войск Рэчы Паспалітай.

У складзе войска Івана Залатарэнкі У ліпені 1655 года полк стаяў у Чавусах і двух войтаўствах Магілёўскага павета, якія служылі базай, на чале з наказным палкоўнікам Мацвеем Старынскім. У склад тэрыторыі яго палка ўваходзілі яшчэ гарады Чэрыкаў і Прапойск з навакольнымі сёламі. Пасля Мацвея Старынскага палкоўнікам быў К. Дзячэнка.

Камплектаванне казацкіх палкоў ішло за кошт беларускага насельніцтва. Парадзелы за зіму корпус Івана Залатарэнкі ў сярэдзіне чэрвеня зноў дасягнуў 20 тысяч чалавек, з падмацаваннем з Украіны, беларусы складалі значную частку казацкага корпуса, які паспяхова заняў цэнтральную і ўсходнюю частку цяперашняй тэрыторыі Беларусі. Да восені казакі выйшлі на Нёман і Заходні Буг.

У 1656 годзе Беларускі полк у складзе Запарожскага войска значна пашырыў сваю тэрыторыю і набыў характар, блізкі да ўкраінскіх палкавых адзінак, ён складаўся з 19 соцень. Палкавым горадам былі Чавусы. Тэрыторыя Беларускага палка змянілася з прычыны супрацьдзеяння маскоўскіх ваявод. Палком кіраваў Іван Залатарэнка, які адначасова выконваў абавязкі гетмана (наказнога гетмана, атамана) украінскіх войск у Беларусі, а пазней — Іван Нячай, які меў тытул палкоўніка Беларускага, Магілёўскага і Гомельскага.

Украінскія і беларускія казакі паступова ўвайшлі саюз з уладамі ВКЛ і шышамі, адпаведна, у канфлікт з маскоўскімі акупацыйнымі ўладамі.

У снежні 1659 года маскоўскія войскі захапілі Стары Быхаў. Пасля гэтага рэшткі Беларускага палка замацаваліся ў Слуцку. Іван Нячай трапіў у палон, палком кіраваў Дзяніс Мурашка.

Юрый Хмяльніцкі, падпісаўшы Пераяслаўскія артыкулы, адмовіўся ад прэтэнзій казацкай Гетманшчыны на беларускія тэрыторыі, саступіўшы іх Маскве, а палкоўнік Іван Нячай быў сасланы ў Сібір. У 1661 годзе была спроба аднавіць полк, але яна не ўдалася. Полк быў ліквідаваны.

Сотні Соценнымі гарадамі палка былі Акуліна, Вербіж, Гомель, Горы, Гарадзенка, Забалоцце, Заазер’е, Межава, Магілёў, Новы Быхаў, Прапойск, Рагаза, Святвозера, Слізкае, Смаляны, Уланаў, Чавусы, Чэрыкаў, Чачэрск. Адпаведна з назвай месца прыпіскі, у складзе палка фармаваліся аднайменныя сотні.

Палкоўнікі 1654—1655 — Канстацін Паклонскі / Іван Залатарэнка 1656—1659 — Іван Нячай / Дзяніс Мурашка

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Катэгорыя:Гісторыя Магілёўскай вобласці