Мост кветак () — назва двух мерапрыемстваў, якія адбыліся на беразе ракі Прут на савецка-румынскай мяжы. У ходзе мерапрыемстваў упершыню пасля Вялікай Айчыннай вайны пераход савецка-румынскай мяжы ажыццяўляўся без прад’яўлення дакументаў, якія б сведчылі асобу. Падчас правядзення акцый з абодвух берагоў ракі Прут на ваду былі пушчаны кветкі, што і дало назву гэтым падзеям.
Першы «Мост кветак» Першая акцыя адбылася 6 мая 1990 года з 13:00 па 19:00 па мясцовым часе. Падчас першага «Моста кветак» жыхарам Румыніі дазволілі перасячы раку Прут у бок Малдаўскай ССР без прад’яўлення якіх-кольвек дакументаў. Уздоўж мяжы працягласцю 700 км па Пруту былі абсталяваны 8 пунктаў пераходу праз мяжу: Мойкань — Перарыта, Стынка — Касцешты, Ясы — Унгень, Унгень — мост Унгень, Албіца — Леўшэнь, Фэлчыў — Ціганка, Аанча — Кахул, Галац — Джурджулешты.
У акцыі ўдзельнічала каля 1,2 млн чалавек . Сведкі параўноўвалі гэтую падзею з падзеннем Берлінскай сцяны, якое дазволіла ўз’яднацца шмат якім сем’ям — раку Прут называлі «воднай Берлінскай сцяной». У раёне Унгеня каля 250 000 чалавек перайшлі мяжу.
Дэманстрацыю арганізавалі Культурны саюз за адзінства румын у свеце, Культурнае таварыства Бухарэст — Кішынёў і Народны фронт Малдовы. Ужо раніцай на румынскім беразе з’явіліся тысячы грамадзян, якія неслі кветкі і апускалі іх у ваду. Неўзабаве кінутыя ў ваду кветкі склалі сімвалічную сцежку. У поўдзень група святароў выканала царкоўны гімн Te Deum, пасля якога ўпершыню за доўгі час па абодвум берагам Прута загучалі званы. У рэку зноў былі кінуты кветкі, і грамадзяне пайшлі праз мост, сустракаючыся з роднымі і блізкімі. Да 6 гадзін вечара працягваліся святкаванні, народныя гулянні, гульні.
Пасля гэтай падзеі працэдура перасячэння мяжы Малдаўскай ССР з Румыніяй была значна спрошчана.
Другі «Мост кветак» Другая акцыя падобнага кшталту адбылася 16 чэрвеня 1991 года. У гэты раз грамадзяне Малдаўскай ССР змаглі перасячы мяжу Румыніі без прад’яўлення дакументаў. Згодна са справаздачай Rompres, больш за 150 000 жыхароў Бесарабіі перайшлі мяжу каля Скулені і прыбылі ў жудзец Ясы. Сярод тых, хто перайшоў мяжу, была дэлегацыя Парламента Малдовы на чале з мэрам Кішынёва Мікалаем Косціным. У Галацы перад Царквой Успення Багародзіцы быў усталяваны крыж, які сімвалізуе адзінства Румыніі і Малдовы.
Рэакцыя У жніўні 1991 года Прэзідэнт Рэспублікі Малдова Мірча Снегур прапанаваў свайму румынскаму калегу Іону Іліеску правесці перамовы аб заключэнні афіцыйнага саюза Малдовы і Румыніі: у такім выпадку Снегур мог стаць віцэ-прэзідэнтам Румыніі. Прапанова Снегура засталась без адказа. Прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран па просьбе Міхаіла Гарбачова ў тэлефоннай размове з Іонам Іліеску папрасіў румынскага лідара не рабіць ніякіх неабдуманых дзеянняў у сувязі з дэманстрацыямі.
Літаратура King, Charles. The Moldovans. Hoover Press, 2000, ISBN 0-8179-9792-X.
Спасылкі
Катэгорыя:Распад СССР Катэгорыя:1990 год у Малдове Катэгорыя:1991 год у Малдове Катэгорыя:1990 год у Румыніі Катэгорыя:1991 год у Румыніі Катэгорыя:Гісторыя Малдовы Катэгорыя:Гісторыя Румыніі