Чакта (саманазва: čahta; , [ˈtʃɒktɔ]) — індзейскі народ у ЗША. Чакта з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў старажытнай земляробчай Місісіпскай культуры. Традыцыйна насялялі землі на ўсход ад ракі Місісіпі. У 1831—1833 гг. большасць чакта былі пераселены ў Аклахому, дзе сфарміравалі аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое праіснавала да 1906 г.
У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Алабама, Луізіяна, Місісіпі, Тэхас. Агульная колькасць (2010 г.) — 103 910 чалавек2010 Census CPH-T-6. American Indian and Alaska Native Tribes in the United States and Puerto Rico: 2010.
Традыцыйная культура чакта зведала значны ўплыў з боку еўрапейскай, аднак у сваю чаргу паўплывала на сучасную амерыканскую культуру.
Гісторыя
Паходжанне
Згодна лінгвістычным дадзеным і міфам саміх чакта яны маюць агульнае паходжанне з чыкаса і маскогамі. Паданні чакта аб паходжанні засяроджваюцца вакол штучнага кургана Нані-Вая ў штаце Місісіпі, ў якім ёсць пячора, і які нават называюць «маці курганоў». Паводле аднаго падання, першымі з гэтага кургана нарадзіліся на свет маскогі, потым чыкаса, і ўсе яны зышлі ў іншыя месцы. Апошнімі выбраліся на свет чакта і вырашылі жыць вакол кургана. Таксама існуе паданне пра тое, што чакта прыйшлі з захаду разам з чыкаса і спыніліся каля Нані-Вая, дзе ўпершыню пазнаёміліся з кукурузайOrigin Stories. Навуковае даследаванне Нані-Вая паказала, што курган мог быць узведзены ўжо ў лясны перыяд, хаця знешне больш нагадвае насыпы Місісіпскай культуры. Сучасныя чакта лічаць, што ён быў створаны іх продкамі.
Амерыканскія вучоныя высоўваюць меркаванне, што чакта першапачаткова з’яўляліся адзіным народам з чыкаса і разлучыліся толькі ў XVII ст. Частка вучоных выводзіць іх агульных продкаў ад носьбітаў Плакемінскай культуры. Існуе таксама думка, што продкі чакта і чыкаса насяллі заходні рэгіён Місісіпскай культуры на тэрыторыі сучасных Луізіяны і АрканзасаMinahan, J. Ethnic Groups of the Americas: An Encyclopedia / J. Minahan. — Santa Barbara, Denver, Oxford: ABC-CLIO, 2013 — P. 94. Крыстафер Морыс, прыхільнік тэорыі заняпаду Місісіпскай цывілізацыі па экалагічных прычынах, зазначае, што перасяленне адбылося ў перыяд пасля з крызісу КэхокііMorris, Ch. The Big Muddy: An Environmental History of the Mississippi and Its Peoples, from Hernando de Soto to Hurricane Katrina / Ch. Morris. — Oxford University Press, 2012 — P. 21 — 22. Землі на ўсходзе былі прывабнымі, бо дазвалялі займацца не толькі земляробствам, якое ўжо не забяспечвала харчам, але і паляваннем. Патрысія Галаўэй ў спецыяльнай манаграфіі, прысвечанай паходжанню чактаGalloway, P. Choctaw Genesis, 1500—1700 / P. Galloway. — Lincoln, London: University of Nebrasca Press, 1995, сцвярджае, што продкамі чакта былі розныя фрагментарныя групы выхадцаў Місісіпскай культуры, і ў XVII ст. яны аб’ядналіся разам. Тады ж узніклі тыповыя для чакта кераміка і пахаванне.
Першы зарэгістраваны кантакт з чакта ўсталяваў у 1699 г. П’ер Лемойн. Назва чакта ўпершыню сустракаецца ў пісьмовых крыніцах толькі пад 1772 г.Definition of Choctaw by Merriam-Webster Яе этымалогія з’яўляецца спрэчнай.
Каланіяльны перыяд
У XVIII ст. чакта насялялі землі на тэрыторыі сучасных штатаў Місісіпі і Алабама. Яны падзяляліся на 3 тэрытарыяльныя групы Окла Фалая («доўгія людзі»), Окла Танап («людзі на процілеглым боку») і Окла Ханалія («людзі шасці гарадоў») на чале вярхоўных правадыроў мінг. Кожная група падтрымлівала пераважныя сувязі з адной з каланіяльных дзяржаў — Францыяй, Вялікабрытаніяй і Іспаніяй. З канца XVII ст. Чакта пакутвалі ад нападаў ваяўнічых чыкаса, якія захоплівалі іх у палон для продажу ў рабстваBEYOND THE DIVIDE: CHICKASAW-CHOCTAW WARFARE . Заходняя група чакта імкнулася ў барацьбе з чыкаса заручыцца падтрымкай Францыі і выкарыстаць рэгулярныя французскія ваенныя сілы супраць супернікаў. Французы таксама выкарыстоўвалі воінаў чакта супраць іншых індзейскіх плямёнChoctaw — Encyclopedia of Arkansas. У гады Амерыканскай рэвалюцыі брытанцы наймалі чакта для нападаў на натчэз і абароны Мабіла і Пенсаколы ад іспанцаў. У гэты перыяд іх агульная колькасць складала каля 15 тысяч чалавекSoutheastern Indians and the American Revolution. Дзякуючы кантактам з еўрапейцамі ў чакта з’явіліся коні і іншыя сельскагаспадарчыя жывёлы. Часам яны вандравалі або палявалі на заходнім беразе ракі Місісіпі.
У 1786 г. чакта заключылі мірнае пагадненне з ЗША. Асветнік Б. Хокінс, які падпісваў пагадненне ад імя амерыканскага кангрэса, быў у 1796 г. прызначаны часовым агентам па справах індзейцаў і падтрымліваў палітыку «акультурацыі» чакта. У ЗША гэты народ разглядаўся як адно з пяці «цывілізаваных плямён»Five Civilized Tribes. Пасля куплі Луізіяны ЗША ператварыліся ў асноўнага палітычнага партнёра. Падчас вайны 1812 г. чакта падтрымалі амерыканскі бок. Важную ролю ў ваенных і дыпламатычных зносінах з ЗША адыграў ПушматахаPushmataha — Encyclopedia of Alabama, правадыр Окла Ханалія.
«Акультурацыя» і пашырэнне кантактаў з амерыканскімі гандлярамі прывялі да ўцягвання чакта ў рынкавую эканоміку і крызісу ўлады традыцыйных правадыроў. Індзейцы звычайна плацілі за еўрапейскія тавары аленімі скурамі. У выніку неашчаднага палявання колькасць аленяў на землях чакта значна скарацілася, затое абавязкі перад амерыканскімі гандлярамі працягвалі расці. Частка чакта мігрыравала на заходні бераг Місісіпі, дзе ўмовы для палявання былі лепшыя, але прыходзілася сустракаць супраціў мясцовых плямён. Большасць працягвала займацца земляробствам, вырошчваць камерцыйныя культуры, у тым ліку бавоўну. На тэрыторыі Місісіпі і Луізіяны нават узніклі плантацыйныя гаспадаркі, што эксплуатавалі працу чарнаскурых рабоў. Для кансалідацыі трох груп чакта была створана агульная рада правадыроў. З 1819 г. пачалася актыўная місіянерская дзейнасць, адчыняліся школы. У гэтых умовах хутка узрастала роля новых правадыроў, дзяцей ад сумесных шлюбаў з еўрапейцамі або ваенных лідараў накшталт Пушматахі. Традыцыйныя правадыры выступалі супраць змен, але для падтрымання ўлады і выплаты фінансавых абавязкаў мелі патрэбу ў грошах, а таму пагаджаліся прадаваць амерыканцам абшчынныя земліMushulatubbee and Choctaw Removal: Chiefs Confront a Changing World . З 1801 г. да 1820 г. чакта заключылі 6 дагавораў, паводле якіх перадалі амерыканцам 51 912,89 км² сваіх тэрыторый. Асабліва вострыя дыскусіі сярод правадыроў узніклі вакол дагавора 1820 г. аб перадачы зямель ў Місісіпі наўзамен на большую частку Арканзаса. Пушматаха і новыя правадыры выступілі супраць абмену, але традыцыйныя правадыры на чале Мушулатубі далі згоду. Дагавор быў скарэктаваны ў 1825 г., але застаўся фактычна бяздзейсным, паколькі толькі невялікая частка чакта мігрыравала ў Арканзас, і прапанаваныя індзейцам землі былі заняты еўрапейскімі пасяленцамі.
Перасяленне ў Аклахому
Хаця пагадненне 1786 г. з ЗША гарантавала чакта іх правы на ўласную зямлю, з павелічэннем белага насельніцтва на поўдні і стварэннем плантацыйных гаспадарак ціск на чакта ўзмацняўся. Ён тлумачыцца патрэбай пасяленцаў у зямлі, зацікаўленасцю ўладаў штата Місісіпі ў падатках з новых тэрыторый і наўмыснымі або скажонымі ўяўленнямі пра чакта як паляўнічых, якія валодаюць празмернымі абшарамі і не ўпісваюцца ў белую земляробчую цывілізацыю. Знакаміты амерыканскі даследчык Уільям Кларк упэўніваў дэлегатаў чакта ў карысці перасялення на захадThe Choctaw Removal .
28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. 27 верасня 1830 г. рада чакта і прадстаўнікі ЗША заключылі дагавор у Дэнсінг-Рэбіт-Крык аб перамяшчэнні чакта з Місісіпі на тэрыторыю сучаснай Аклахомы (сама назва штата паходзіць з мовы чакта, Okla Humma значыць «чырвоныя людзі»Touring Native Oklahoma: ‘The Land of ‘Red People’). Дагавор 1830 г. уключаў наступныя ўмовы1830 Treaty of Dancing Rabbit Creek:
Перадача тэрыторый у Аклахоме для арганізацыі аўтаномнай супольнасці чакта, незалежнай ад законаў ЗША, але пад пратэктаратам ЗША Чакта атрымоўваюць грашовыя кампенсацыі за згубленыя землі ў Місісіпі, асобныя штогадовыя кампенсацыі належаць правадырам Перавозка ў Аклахому здзяйсняецца за кошт ЗША ЗША абавязваецца наладзіць транспарт і паштовую службу ў Аклахоме за свой кошт Чакта, якія адмаўляюцца ад перасялення, атрымоўваюць у Місісіпі ў валоданне 2,6 км² зямлі і дадатковыя землі для дзяцей, пасля чаго атрымоўваюць грамадзянства ЗША
Перасяленне чакта адбывалася трыма хваляміTrail of Tears: Канец 1831 г. чакта перавозіліся на параходах, а потым на іншых суднах па рацэ Місісіпі і яе прытокам, але апошні адрэзак шляху былі вымушаны перамяшчацца пешшу. У паўднёвых далінах Місісіпі пачалася снежная бура, дажджы размылі зямлю. Гэта зацягнула перамяшчэнне. Нарыхтаваных амерыканцамі ежы, адзежы і коўдраў не хапала, сярод перасяленцаў пачаўся голад. Кастрычнік 1832 г. ахопліваў самую вялікую хвалю перасяленцаў у 6000 — 7000 чалавек. Арганізацыяй міграцыяй чакта займалася армія ЗША. Для эканоміі ваенныя скарацілі харчовае забеспячэнне і вылучылі толькі па 5 вазоў на кожную тысячу мігрантаў. У выніку впошні адрэзак шляху пешшу ішлі нават старыя і дзеці. Сярод перасяленцаў адбылася эпідэмія халеры. Снежань 1833 г. Было перамешчана 900 мігрантаў.
У выніку паміж 1830 г. і 1834 г. з Місісіпі ў Аклахому адправілася 14 000 чакта, але прыкладна 2500 з іх загінулі падчас перамяшчэння. У 1834 г. у Аклахоме апынулася 11 500 чакта, у тым ліку каля 1000 чарнаскурых рабоў. Перасяленні ў Аклахому таксама адбываліся ў 1845—1854 гг. і 1902—1903 гг.The Choctaw Nation of Oklahoma
Чакта падзялілі свае новыя тэрыторыі на 3 раёны Машулатубі (паўночны захад), Пушматаха (паўднёвы захад) і Апукшунубі (паўднёвы ўсход). Найбольш заходнія землі былі зданы ў арэнду чыкаса. У 1834 г. правадыры трох раёнаў падпісалі пагадненне пра стварэнне адзінай рады для кіравання з цэнтрам у Тушкахоме. Будынак для яе паседжаняў быў названы Нані-ВаяAustin C. Megli, The Choctaw Nation of Oklahoma: History, Influences, and Contemporary Setting of the Choctaw Legal Structure . У 1838 г. і 1842 г. былі прыняты Канстытуцыі нацыі чакта, што ўключалі арэндаваныя чыкаса землі ў асаблівы раён, ствараліся прадстаўнічыя заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя органы ўлады, адзіныя ваенныя сілы, якія назіралі за парадкамChoctaw (tribe) — The Encyclopedia of Oklahoma History and Culture. Фінансаванне адбывалася за кошт штогадовых выплат з боку ЗША па дагаворам 1825 г. і 1830 г. Пры перасяленні змянілася структура грамадства, паколькі на новых землях чакта аддавалі перавагу жыццю не ў вялікіх вёсках, а ў прыватных хутарах. У 1860 г. 14 % насельніцтва (2 349 чалавек) складалі чарнаскурыя рабыHow Native Americans adopted slavery from white settlers. У 1855 г. чыкаса адасобіліся ад чакта. Актыўна праводзілася місіянерская дзейнасць, атэісты не мелі права займаць дзяржаўныя пасады.
Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША чакта Аклахомы выступалі на баку Канфедэратыўных Штатаў. У 1861 г. быў падпісаны адпаведны дагаворARTICLES OF CONFEDERATION ENTERED INTO BETWEEN MUSCOGEES, SEMINOLES, CHOCTAWS, AND CHICKASAWS AND THE CONFEDERATE STATES OF AMERICA July 1, 1861. чакта сфарміравалі некалькі ваенных падраздзяленняў і прымалі ўдзел у баях на баку канфедэратаў. У 1866 г. пасля паражэння Канфедэратыўных Штатаў чакта і чыкаса былі вымушаны падпісаць у Вашынгтоне мірнае пагадненне з ЗШАTREATY WITH CHOCTAW AND CHICKASAW, 1866. Яно адмяняла рабства, дазваляла ЗША будаваць праз землі індзейцаў чыгунку, умешвацца ва ўнутраныя справы. Пасля Грамадзянскай вайны на тэрыторыі чакта з’явілася шмат выхадцаў з ЗША. У 1902 г. фактычна была ліквідавана асобная судовая сістэма чакта. У 1905 г. прадстаўнікі гэтага народа ў Аклахоме выступалі за стварэнне індзейскага штата Секвоя. Але ў 1906 г. Кангрэс распусціў урад чакта. Толькі ў 1971 г. правы на выбранне сваіх правадыроў былі ўзноўлены.
У нашы дні нацыя чакта ў Аклахоме валодае племяннымі тэрыторымі, кіруецца племянной радай з 12 чальцоўTRIBAL COUNCIL, актыўна займаецца культурнай і камерцыйнай дзейнасцю.
Чакта на гістарычнай радзіме