Збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі адбылося ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, калі нявызначаныя супрацоўнікі сілавых структур пабілі і вывелі з Вярхоўнага Савета 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне», якія галадавалі ў знак нязгоды з рэферэндумам, ініцыяваным Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Перадумовы Асноўны артыкул:
У пачатку 1995 года Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка абвясціў, што згодна з канстытуцыяй краіны, ён збіраецца правесці рэферэндум па змене дзяржаўнай сімволікі, наданні дзяржаўнага статусу рускай мове і дэнансацыі Белавежскіх пагадненняў. Неўзабаве была арганізавана і падтрымка ініцыятывы ад дэпутатаў. На той час па закону прэзідэнт краіны не мог прызначаць рэферэндумы, а толькі ініцыяваць іх для разгляду Вярхоўным Саветам.
18 сакавіка 1995 года ў газеце «Звязда» з’явіліся звароты да А. Лукашэнкі, падпісаныя 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Адзін быў прысвечаны змене дзяржаўных сімвалаў, другі — наданню рускай мове статусу другой дзяржаўнай. Дэпутаты адзначалі, што «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг, якімі карысталіся «гітлераўскія прыслужнікі», набываюць асаблівую значнасць, напярэдадні 50-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і негатыўна ўспрымаюцца ў народзе. «З улікам таго, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, не да твару ёй пераймаць герб і сцяг, няхай і дружалюбнай, але іншай суверэннай дзяржавы — Літвы, якія былі зацверджаны парламентам намнога раней за нашу рэспубліку». У другім лісце адзначалася, што Закон аб мовах Рэспублікі Беларусь парушае Канстытуцыю і іншыя міжнародныя акты, а таксама абмяжоўвае правы грамадзян.
7 красавіка 1995 года ў абарону мовы і сімвалаў да Вярхоўнага Савета звярнуўся Саюз пісьменнікаў Беларусі.
23 і 24 сакавіка ў Вярхоўным Савеце праходзіла абмеркаванне пытанняў, унесеных А. Лукашэнкам на рэферэндум. Дэпутаты ад апазіцыі засяродзіліся на супярэчнасці лукашэнкаўскай ініцыятывы Канстытуцыі і законам і патэнцыйнай пагрозе расколу беларускага грамадства. Згодна артыкулу 3 Закона аб рэферэндуме Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што «на рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, якія парушаюць неад’емныя правы народу… на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы, пытанні, якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці». Пытанне аб статусе мовы якраз і трапляла пад гэту катэгорыю і, такім чынам, вынясенне яго на рэферэндум было неканстытуцыйным.
А. Лукашэнка ў сваім выступленні заявіў, што ўсе гэтыя пытанні (акрамя права прэзідэнта распускаць парламент), прысутнічалі ў яго перадвыбарчай праграме (што было не зусім так). Асаблівую ўвагу ён надаў тэме мовы і сімволікі.
Галасаванне ў Вярхоўным Савеце 10 красавіка абмеркаванне пытання аб рэферэндуму працягвалася. Тэксты прапанаваных пытанняў змяняліся некалькі разоў. Дэпутат Сяргей Навумчык згадвае, што на той час, дэпутаты, былая партыйная намеклатура і камуністы, маглі прагаласаваць па пытанні мовы і сімвалаўНавумчык, С. Дзевяноста пяты / Сяргей Навумчык; [Адк. рэд. А. Лукашук; Маст. Г. Мацур]. — [Б. м.]: [Б. в.], 2015. — 320 с. — (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-73-7.. Каб прадухіліць неспадзяванкі, 10 красавіка дэпутаты ад апазіцыі дамовіліся пайсці на крайнія меры.
11 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні ў Авальнай зале Дома ўрада (які належаў Адміністрацыі прэзідэнта), пачаў абмеркаванне з выступаў дэпутатаў Крыжаноўскага, Беленькага і Пазняка. Яны заявілі аб незаконнасці правядзення такога рэферэндума і парушэнні заканадаўчых актаў з Канстытуцыяй. Пасля гэтага дэпутаты-апазіцыянеры абвясцілі галадоўку, выйшлі са сваіх месцаў на сярэдзіну Авальнай залы і селі перад Прэзідыумам каля трыбуны.
Старшыня ВС Мечаслаў Грыб заявіў, што парламент павінен па закону разгледзець прапанову прэзідэнта і прагаласаваць. Пасля гэтага перад дэпутатамі выступіў Генадзь Майсееў, які абурыўся, што напярэдадні па БТ была паказана агітацыя за новыя прапановы А. Лукашэнкі, але не далі слова ніводнаму дэпутату. У гэты час у залі з’явіўся А. Лукашэнка, які заявіў, што не адмовіцца ад сваіх прапаноў, а дэпутаты павінны іх разгледзець.
У выніку галасавання па пытаннях: «Ці згодны вы з наданнем рускай мове роўнага статуса з беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты (з агульнай колькасці 238 дэпутатаў) пры патрэбных для прыняцця станоўчага рашэнне 152 галасоў. «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новага Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў. «Ці згодны вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэнння Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў. «Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Так ці не?» набрала патрэбную для зацвярджэння колькасць галасоў — 180.
Пасля адхілення парламенцкімі камісіямі прэзідэнцкай прапановы аб ініцыяванні рэферэндума А. Лукашэнка заявіў, што парламент павінен быў галасаваць адразу за ўсе 4 пытанні. Акрамя таго, ён мог бы пагадзіцца на кансультацыйны характар пытанняў аб роспуску парламента і інтэграцыі з Расіяй, аднак настойвае на абавязковым характары пытанняў пра сімвалах і мове. Таму ён правядзе рэферэндум без яго санкцыі.
Падзеі ў ночы з 11 на 12 красавіка Яшчэ ўвечары Галіна Сямдзянава атрымала інфармацыю, што супраць удзельнікаў галадоўкі можа быць ужытая сіла. З. Пазняк звярнуўся да М. Грыба з просьбай забяспечыць іх ахову, той сказаў, што нібыта кіраўніцтва КДБ паабяцала даслаць сваіх людзей.
Пасля 18-й гадзіны прэзідэнцкая ахова запатрабавала ад журналістаў пакінуць зал. Застацца ўдалося толькі карэспандэнтцы радыё «Свабода» Алене Радкевіч. А 22:10 па БТ у праграме навін выйшаў рэпартаж пра галадаючых дэпутатаў дзе прагучалі словы: «Прэзідэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасці».
А 23:00 гадзіне ў Авальны зал увайшоў начальнік упраўлення аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзідэнта Вячаславам Каралёвым. Разам з імі было некалькі дзясяткаў чалавек у ваеннай і міліцэйскай форме, а таксама хлопцы ў скураных куртках моцнага целаскладу. Цесавец заявіў, што па тэлефоне паведамілі аб закладзенай бомбе ў будынку парламента, і запатрабаваў пакінуць будынак, бо праводзіцца эвакуацыя. Цесавец спаслаўся на загад М. Грыба пакінуць памяшканне — але, дэпутаты звязаліся са спікерам і даведаліся, што Грыб падобнага распараджэння не даваў. Тады Цесавец загадаў хлопцам, што былі з ім, прымусова вывесці дэпутатаў з залы, аднак тыя адмовіліся, калі пабачылі дэпутацкія пасведчанні і пачулі пра крымінальную адказнасць за парушэнне дэпутацкай недатыкальнасці. У гэты самы час на балконе над Авальнай залай з’явіліся два відэааператары, якія пачалі здымаць усё на камеры. Цесавец і Каралёў самі вырашылі паспрабаваць выцягнуць хоць аднаго з дэпутатаў — спачатку вырывалі з крэслаў Барыса Гюнтара, потым — Ігара Гермянчука, але дэпутаты ўзяліся за рукі і задума не атрымалася..
Пакуль ішла тузаніна, група сапёраў пад кіраўніцтвам палкоўніка са спецтэхнікай і сабакамі аглядала Авальны зал у пошуках «бомбы».
Калі ў зал увайшла прэзідэнцкая ахова, падышла да журналісткі Радкевіч, якая пісала рэпартаж за сталом старшыні ВС (бо менавіта там была настольная лампа), і забрала з дыктафона касету. Праз некалькі хвілін і саму Радкевіч вывелі з залы, завялі ў памяшканне аховы і там апытвалі.
Некалькі дэпутатаў сышлі на першы паверх, бо ўсе дзверы былі адчынены. Міліцыя прапанавала ім выйсці на вуліцу, на плошчу, без гарантыяў вяртання ў зал. Дэпутаты нават здолелі даць інтэрв’ю праз зачыненыя шкляныя дзверы журналістам, што чакалі іх з вуліцы. Тыя расказалі, што ў двор Дома ўрада праехаў картэж і ў прэзідэнцкіх пакоях запалілася святло. Сяргей Навумчык і Алег Трусаў свярджаюць, што бачылі ў двары прэзідэнцкі лімузін і лічаць, што сам Лукашэнка прыехаў тады ў будынак урада.
А 00:41 гадзіне 12 красавіка сапёры скончылі агляд будынка, пратакол ад дэпутатаў падпісалі Алег Трусаў і Барыс Гюнтар.
А 2:35 першым людзей у камуфляжы заўважыў Валянцін Голубеў, які перад гэтым прыадчыніў дзверы ў фае. Ён крыкнуў: «Пад’ём! Ваенныя з аўтаматамі і ў масках!». Голубеў расказаў, што ў фае, выстраіўшыся некалькімі шэрагамі, стаялі ваенныя ў форме, са зброяй, у масках з супрацігазамі, усяго «чалавек пяцьсот альбо шэсцьсот». Галадуючыя паўскоквалі і паселіся ў ложы, дзе звычайна сядзяць члены Прэзідыума Вярхоўнага Савета. На балконах залы пасяджэнняў з’явіліся людзі з відэакамерамі (як мінімум двое).
А 2:48 у зал увайшлі Цесавец, Каралёў і з імі невядомы чалавек у паўваенным адзенні (пазней Навумчык апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра «Альфы», потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі). Дэпутатам далі 5 хвілін, каб пакінуць памяшканне. Дэпутаты дамовіліся, што будуць супраціўляцца, калі іх пачнуць выдаляць з памяшкання: схопяцца адзін за аднаго, а калі нападаючым удасца разарваць ланцуг, то паспрабуюць зрываць маскі і чапляцца — колькі хопіць сіл — за сталы і крэслы.
А 2:51 у адзін момант расчыніліся ўсе дзверы, у залі загарэлася святло і туды ўварваліся прыкладна 200 чалавек у чорных масках і цёмных камбінезонах, за імі беглі спецназаўцы ў шлёмах, рэспіратарах і з дубінкамі, а па перыметры залі стаялі аўтаматычкі.
Беленькі потым казаў, што адзін з першых у чорным зрабіў у паветры сальта і ўдарыў нагамі ў грудзі Пазняка. Гермянчук згадваў: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з края. На Пазняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы»Гермянчук, І. Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара / Ігар Гермянчук // Свабода. — 1995. — №. — 15 красавіка. — С.. Пазняк і Гермянчук паспелі сарваць з некалькіх нападнікаў маскі. Лідара апазіцыі білі асабліва жорстка, пісаў потым Навумчык: «Адзін „гарыла“ ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазняка білі аб сцяну. Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджанняў рознай цяжкасці».
Лявон Баршчэўскі згадваў, што яму закруцілі рукі за спіну, «прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярочнага праходу, які ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцужком стаялі ваенныя ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны з іх імкнуўся чаравікам патрапіць мне ў твар».
Па згадках Лявона Баршчэўскага: «Маглі б проста вынесці ці вывесці. Але білі вельмі жорстка. Ботамі ў твар, выломвалі рукі, лупілі дубінкамі, наставіўшы аўтаматы, на што не было ніякай патрэбы. Мы ж былі бяззбройныя». Па словах дэпутата Голубева: «Я памятаю такі момант, што два чалавекі крутнулі мне рукі гэтак, што я, стоячы, ударыўся галавою аб падлогу і ў гэты момант атрымаў дручком па пазваночніку, і ногі адняліся. Мяне проста пацягнулі. Галава яшчэ працавала, але супраціўляцца я ўжо не мог».
Усіх дэпутатаў моцна збівалі пакуль выводзілі ці выносілі з Вярхоўнага Савета. Пасля дэпутатаў кідалі ў міліцэйскія машыны. У машынах у дэпутатаў спыталі іх хатнія адрэсы, але тыя сказалі везці іх у пракуратуру. Там уночы былі выкліканы два дзяжурных пракурора і складзена заява. Туды ж прыехала і хуткая.
А 4-й усе дэпутаты, раскіданыя ў розных месцах сталіцы, сабраліся каля атэля «Кастрычніцкі» і пайшлі ў «лечкамісію», якая знаходзілася непадалёку, на вул. Чырвонаармейскай. Туды ж прыехалі журналісты.
12 красавіка