Леў Юр’евіч Гарошка (, в. Трашчычы, Навагрудскі павет — ; псеўданімы: Анатоль Жменя; Пракоп Каваль і інш.) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. Стрыечны брат беларускага грамадскага дзеяча Міколы ГарошкіБудаўлянін Мікола Гарошка.

Біяграфія У 1928—1931 гадах вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі, потым да 1936 года ў Львоўскай духоўнай акадэміі, у 1936—1937 у Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). Пасвячоны ў святары 17 кастрычніка 1937 года ў Львове. У 1937—1939 гг. служыў у Пінскай дыяцэзіі. У 1939 г. загадам Навагрудскага ваяводы быў выселены з пагранічнай паласы і жыў у Збуражы каля Маларыты.

У гады 2-й сусветнай вайны, з 1939 па 1944 год, жыў у Баранавічах, дзе працаваў у гандлёвай і медыцынскай школах. У сувязі з арганізацыяй Беларускага экзархата прызначаны экзархам А. Неманцэвічам сябрам Экзархальнай рады (02.05.1942). Прымаў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Мінску (1944). З 1944 у эміграцыі. У 1945 г. займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене (Германія). З восені 1945 ў Рыме. Рашэннем Усходняй кангрэгацыі ў Ватыкане ад 16.10.1946 прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Да 1958 жыў у Парыжы. У 1946 г. выдаў малітоўнік «Божым шляхам», а ў 1947—1957 гг. стварыў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам» (1947—1957) і быў аўтарам большай часткі артыкулаў. Пісаў пад псеўданімамі Л. Дварэцкі, Анатоль Жменя; Л. Іскра, Пракоп Каваль і іншымі. Аўтар шэрагу брашураў рэлігійнай тэматыкі.

У 1959 выехаў у Рым, дзе ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў.

У 1960 біскупам Ч. Сіповічам прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Дзейны член лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). У 1962 г. прыняў манаства ў капліцы Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Да 1969 г. заставаўся рэктарам Місіі і ігуменам законнага Дому ў Лондане. Быў адным з выкладчыкаў у школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага. Уваходзіў у Галоўную ўправу ЗБВБ, быў намеснікам старшыні арганізацыі. Ад імя беларусаў выступаў у Брытанскай радзе дапамогі ўцекачам. У 1964 г. стаў першым старшынём Беларускай харытатыўнай секцыі (фонду). У 1965 г. атрымаў годнасць архімандрыта.

У 1970 г. перабраўся ў Рым, дзе кіраваў Беларускай секцыяй радыё Ватыкана. Адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.

Памёр у шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Св. Панкрата ў Лондане.

Архіў дзеяча захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.

Ацэнка дзейнасці На думку гісторыка і культуролага Сяргея Абламейкі, спадчына а. Льва Гарошкі «змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне. (...) Але галоўнай справай айца Льва, бясспрэчна, было адраджэнне Уніяцкай царквы як сродку здабыцця поўнай нацыянальна-культурнай і духоўнай незалежнасці Беларусі і беларускага народу. Свае погляды ён выклаў у гісторыка-публіцыстычнай кнізе «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры», у якой расказваецца, як суседнія краіны стагодздзямі імкнуліся духоўна заняволіць беларускі народ, навязваючы яму свае формы хрысціянскага веравызнаньня ».

Гл. таксама Рунь, аб'яднанне

Літаратура — С. 489. Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 365 с. ISBN 985-11-0220-2. — С. 72. — C. 511. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.- Мюнхен : Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3. Айцец Леў Гарошка. Гарошка Леў. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930-1944 (урыўкі) // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. 2016. №38. С. 178-367. // на pawet.net Гарошка Леў. Пад знакам "рускае i польскае веры" // Спадчына. 1999. №5-6. С. 177-202.; 2000. №1. С. 142-199. // на pawet.net Горошко Лев. Судьба епископа - судьба церкви // Деды № 5, 2010. С. 167-194. // на pawet.net

Спасылкі

Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя:Культуролагі Беларусі Катэгорыя:Культуролагі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Постаці беларускага ўсходняга каталіцтва Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі