Дом Слёзберга — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 13. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.

Гісторыя

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая моцна пацярпела падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Давід Слёзберг звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне пашкоджанага пажарам мураванага двухпавярховага жылога дома, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, з надбудовай дадатковага паверха.

Паводле праекта гэта быў прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. З боку двара да яго прымыкаў двухпавярховы мураваны флігель, накрыты аднасхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай на другім і трэцім паверхах былі балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі кратамі. Абапал аркі былі змешчаны плоскія лапаткі. Такія ж лапаткі знаходзіліся на вуглах будынка. На першым паверсе былі прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы, на другім і трэцім паверхах — лучковыя, аздобленыя прафіляванымі ліштвамі.

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў будынка выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры, а на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы і лаўкі.

Пасля 1920 года былы дом Слёзберга нацыяналізаваны і перароблены пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў.

Пасля вайны ў выніку шматлікіх рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка, а таксама замуравана праязная арка. Былі страчаны дэкаратыўныя краты балконаў.

У савецкі час знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы.

Архітэктура

Трохпавярховая пабудова прымыкае да дома № 15, мае складаную замкнёную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрыта двухсхільным дахам. Галоўны фасад сіметрычны, яго цэнтральная частка вылучана 2 плоскімі лапаткамі. Паміж 1-м і 2-м паверхамі праходзіць карнізны пояс. Аконныя праёмы 1-га паверха прамавугольныя, 2-га і 3-га — лучковыя з простым абрамленнем, на 2-м паверсе вокны дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз. Да правай часткі дома шчыльна прымыкае аднапавярховая прыбудова з высокай ступеньчатай атыкавай сценкай.

Літаратура

Спасылкі

БУДЫНАК № 13 ДОМ СЛЁЗБЕРГА

Катэгорыя:Рэвалюцыйная вуліца (Мінск) Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1880-я гады Катэгорыя:1880-я ў Мінску