«Малада́я Белару́сь» — літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны альманах, які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу на беларускай мове беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» у 1912—1913 гадах. Друкаваўся адначасова кірыліцай і лацінкай. Меў літаратурна-мастацкі, сацыяльна-палітычны і навукова-краязнаўчы аддзелыУ. Конан. «Маладая Беларусь» // — С. 49.. Выступаў з ідэяй пашырэння беларускай нацыянальнай асветы, культуры, школьнай справы. Змяшчаў на сваіх старонках беларускую бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу беларускага друкуУ. М. Конан. «Маладая Беларусь» // — С. 550..
У канцы 1911 года вестка пра альманах з’яўляецца на старонках «Нашай нівы», а у 1912 годзе выходзіць першы сшытак часопісаС. Александровіч. Пуцявіны роднага слова // Полымя. — 1967. — № 8. — С. 214.. Сшытак меў аб’ём 166 старонак і тыраж 1500 экзэмпляраўН. Ракіцкая. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн., 1989. — С. 73.. У звароце «Да чытачоў» рэдакцыя часопіса абвясціла сваёй задачай «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб, умацаваўшы ў ім свядомыя адносіны да нашай справы, мець у ім беларуса-грамадзяніна». «Наша ніва» адгукнулася на першы сшытак артыкулам, у якім былі адзначаны такія яго недахопы, як маленькая колькасць пісьменнікаў у выпуску, а таксама слабыя карэктура і эстэтычны выгляд.
Нягледзячы на тое, што выйшла толькі 3 сшыткі (два ў 1912 і адзін у 1913 годзе), часопіс пакінуў выразны след у гісторыі беларускай літаратуры: упершыню друкаваліся драматычная паэма Янкі Купалы «Сон на кургане», некаторыя вершаваныя апавяданні Якуба Коласа, апавяданні «Асеннія лісты», «Лішняя» і «Зялёнка» Цёткі, «Абразкі» Змітрака Бядулі, «Амерыканец» А. Новіча, вершы Цішкі Гартнага, Хведара Чарнышэвіча, Алеся Гурло, Канстанцыі Буйло, Янкі Журбы, Альфонса Петрашкевіча. У артыкулах Антона Навіны (Антона Луцкевіча) «На дарозе да новага жыцця» і «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» абгрунтавана адраджэнская канцэпцыя беларускай гісторыі.
Літаратура
«Маладая Беларусь» // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. Т. 3: Карчма — Найгрыш / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — : БелСЭ, 1986. — С. 406. Мышкавец І. В. «Маладая Беларусь» // Максім Багдановіч: энцыклапедыя / склад. І. У. Саламевіч, М. В. Трус; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — С. 328. — 608 с.: іл. — ISBN 978-985-11-0584-3.
Спасылкі
Катэгорыя:Альманахі Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове