Афо́гнак () — востраў у складзе Кадзьякскага архіпелага. Належыць да амерыканскага штата Аляска. Плошча — 1 812,6 км². Насельніцтва (2000 г.) — 169 чалавек.

Геаграфія Афогнак — другі па плошчы і насельніцтву востраў Кадзьякскага архіпелага. Мае вулканічнае паходжанне. Уваходзіць у зону Ціхаакіянскага вогненнага кальца. Тут часцяком здараюцца землятрусы. Берагі моцна парэзаны фіёрдамі, утворанымі ледавікамі плейстацэнавай эпохі. Для ландшафтаў характэрны скалістыя ўзвышшы. Найвышэйшае ўзвышша дасягае 776 м над узроўнем акіяна.

Прырода Значную частку вострава займаюць яловыя лясы, лугі, балоты і тундра. Фаўна прадстаўлена шматлікімі птушкамі, грызунамі, лісамі, бурымі мядзведзямі, ластаногімі, ласямі. Каля берагоў сезонна з'яўляюцца кіты. У 1892 г. для захавання мясцовай дзікай прыроды быў створаны дзяржаўны парк.

Асаблівасці культуры Значная частка астравіцян прадстаўлена карэннымі насельнікамі — сугпіят, якія арганізаваны ў аўтаномную абшчыну. Іх продкі пасяліліся на архіпелаге ў 2 тысячагоддзі да н. э. У канцы XVIII ст. востраў практычна спусцеў з-за эпідэмій вірусных захворванняў, выпадкова занесеных расійскімі здабытчыкамі. Зноў пачаў засяляцца толькі пасля 1840-х гг. Многія сучасныя сугпіят спавядаюць праваслаўе.

Эканоміка Асноўнымі заняткамі насельніцтва з'яўляюцца рыбалоўства, праца ў запаведніку, абслугоўванне турыстаў.

Спасылкі Afognak Native Corporation Alutiiq Education Afognak Island State Park

Катэгорыя:Кадзьякскі архіпелаг