Касцёл Святога апостала Лукі і кляштар дамініканцаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці.

Гісторыя У 1664 годзе харунжым Адамам Слушкам быў заснаваны дамініканскі кляштар і ў 1674 годзе быў узведзены касцёл.

Мураваны храм быў пабудаваны ў 1779—1786 гадах у стылі барока. Побач знаходзіўся кляштар дамініканцаў і бібліятэка. На вежах размяшчаліся гадзіннік і 3 званы, адлітыя ў Рызе.

У 1830 годзе ў кляштары былі прыёр, трое айцоў дамініканцаў і 8 чалавек абслугі. Разам з дамініканцамі ў Чашніках працавалі сёстры марыявіткі, якія мелі кляштар, дзе настаяцельніцай з’яўлялася сястра Эмілія Дзяўшовіч.

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў кляштар дамініканцаў у Чашніках быў скасаваны, але касцёл заставаўся дзеючым парафіяльным. Кляштар сясцёр марыявітак існаваў кароткі час, ужо ў 1845 годзе ён быў ліквідаваны.

У 1868 годзе пасля паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў закрыты, а будынак перададзены праваслаўнай царкве i стаў Мікалаеўскім саборам.

У 1930 годзе па загадзе мясцовых уладаў вежы сабора да ўзроуню другога яруса знеслі i візуальна аб’ядналі з асноўным аб’ёмам будынка, які перарабілі пад дом культуры.

Будынак быў моцна пашкоджаны ў часы Другой сусветнай вайны. У пачатку 1960-х гадоў знеслі ўжо рэшткі сцен, з якіх мясцовае насельніцтва пасля вайны здабывала цэглу для гаспадарчых патрэб. Будаўніцтва побач новай школы толькі паскорыла прыняцце рашэння аб руйнаванні былога касцёла. На гэтым месцы цяпер знаходзіцца школьная спартыўная пляцоўка.

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Чашнікаў Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Касцёлы Чашніцкага раёна Катэгорыя:Дамініканскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:1786 год у Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока