Паду́шка — пасцельная рэч у выглядзе сшытага меху з напаўняльнікам, якая выкарыстоўваецца як апірышча для галавы, спіны ці ног (напрыклад, пры малітве).

Мінуўшчына

Першае выкарыстанне падушак датаванае прыкладна 7000 гадоў да н. э. у Месапатаміі, ужывалі іх толькі заможныя людзі.

Старажытныя егіпцяне выраблялі драўляныя ці каменныя падушкі, каб класці на іх галовы памерлых.

Старажытныя грэкі і рымляне пачалі вырабляць мягчэйшыя падушкі, набіваючы іх трыснягом, пер’ем, саломай. Імі па-ранейшаму карысталіся пераважна заможныя людзі; аднак з’явілася традыцыя браць падушкі ў царкву, каб маліцца на каленях ці класці на іх Святое Пісанне. У старажытным Кітаі падушкі традыцыйна выраблялі з бамбуку, нефрыту, парцаляны, дрэва ці бронзы. Найбольш папулярнымі ў часы дынастыі Тан (618—907) сталі керамічныя падушкі. Каб упрыгожыць іх, кітайцы выраблялі падушкі рознай формы ці малявалі на іх жывёл, раслін і людзей.

Склад Падушка складаецца з напаўняльніка, набітага ўнутр меха ці покрыва. Покрывы, вырабленыя з тэкстылю, называюцца на́валкамі, наўле́чкамі.

Напаўняльнікі абіраюць з меркаванняў зручнасці, пругкасці, кошту. Найбольш распаўсюджаныя — паралон, поліэстэр, латэкс. Сінтэтычныя напаўняльнікі камфортныя, таннейшыя і даўжэй захоўваюць форму. Здаўна выкарыстоўваліся натуральныя напаўняльнікі: пер’е, пух, воўна, бавоўна, грэчка пасяўная, салома. Найбольш зручныя і распаўсюджаныя з іх — пер’е ды пух, аднак яны ж і найдаражэйшыя.

Гл. таксама Коўдра Матрац

Спасылкі

Катэгорыя:Прадметы побыту