Алена Маслюкова (нар. 6 лютага 1965, Светлагорск Гомельскай вобласці) — беларуская экалагічная актывістка і праваабаронца, кіраўніца светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Біяграфія Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці «Гісторыя» з атрыманнем кваліфікацыі «Гісторык. Выкладчык гісторыі і грамадазнаўства» (1988). У 1988—1996 гадах выкладала гісторыю і грамадазнаўства ў сярэдняй школе ў рабочым пасёлку Сасновы Бор (каля Светлагорска). У 1996 годзе пачала выкладаць гістарычныя дысцыпліны і сусветную мастацкую культуру ў светлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе працавала да рэарганізацыі ўстановы ў 2001 годзе.

З 2001 года зноў працавала ў школе, з 2008 — у светлагорскай школе № 10. 6 лютага 2014 года перамагла на светлагорскім раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», але на абласны этап яе не адабралі праз пазначэнне ў анкеце сваёй партыйнасці «сябра Партыі БНФ», таму Светлагорскі раён на абласным этапе ніхто не прадстаўляў. 1 ліпеня 2014 года дырэктарка школы № 10 не падоўжыла кантракт з Аленай Маслюковай, ёсць меркаванне, што адбылося гэта праз яе актывісцкую дзейнасць і актыўную грамадскую пазіцыю.

З 2015 года ўзначальвае светлагорскую філію Праваабарончага цэнтру «Вясна». Асноўнай спецыялізацыяй Алены Маслюковай стала абарона экалагічных правоў. Праваабаронца з’яўляецца адной з лідарак ініцыятывы супраць запуску завода па вытворчасці бялёнай цэлюлозы ў Светлагорску. 9 кастрычніка 2018 года праваабаронцу Алену Маслюкову суд Светлагорскага раёна пакараў штрафам памерам 612,50 беларускіх рублёў як арганізатарку флэшмобу супраць «смярдзючага» завода, які прайшоў 15 верасня 2018 года ў Светлагорску. У абарону праваабаронцы выступіла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, якія заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед Алены Маслюковай і іншых экалагічных актывістаў.

Таксама Алена Маслюкова ўдзельнічае ў іншых кампаніях Праваабарончага цэнтру «Вясна» — «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і іншых. Актыўна бярэ ўдзел у інфармацыйных акцыях праваабаронцаў.

1 чэрвеня 2019 года Алена Маслюкова абрана ў кіруючы склад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыйАсамблея НДА — Рабочую групу секцыі «Правы чалавека».

У 2020 годзе Алена Маслюкова стала гераіняй міжнароднага фотаконкурсу «Партрэты сілы» Фонду Дамоў правоў чалавека, прысвечанага жанчынам-праваабаронцам.

У кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі на тры гады калоніі паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Узнагароды

Прэмія Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый у намінацыі «Грамадская лідарка года» (2019, разам з актывісткай Святланай Гатальскай з руху «Маршыруй, дзетка!»Маршыруй, дзетка!, які прасоўвае ў Беларусі прыняцце закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту).

Спасылкі

ад «Аб’ектыў» Белсат ад «Вясны» ад Еўрарадыё

Катэгорыя:Экалогія ў Беларусі Катэгорыя:Праваабаронцы Беларусі Катэгорыя:Праваабарончы цэнтр «Вясна»