Тавары́ства прыя́целяў беларусаве́ды (ТПБ) — навуковы гурток студэнтаў-беларусаў пры Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, які дзейнічаў у 1931—1939 гадах.
Гісторыя і кіраўніцтва Таварыства было заснавана ў пачатку 1931 года і належала да так званых «акадэмічных колаў навуковых», якія аб'ядноўвалі студэнтаў паводле іх даследчых інтарэсаў. Статут арганізацыі быў афіцыйна зацверджаны сенатам універсітэта ў 1933 годзе (паводле іншых звестак — у 1934 годзе).
Знаходзілася пад апекай універсітэцкіх куратараў: да 1936 года гэтую функцыю выконваў прафесар славянскай філалогіі Эрвін Кашмідэр, а пазней — Ежы Гопэн. Кіруючым органам з'яўляўся «ўрад», які ў розны час узначальвалі В. Тумаш, Х. Ільяшэвіч, Антон Шукелойць. Выбітным дзеячам і кіраўніком ТПБ быў таксама гісторык літаратуры Станіслаў Станкевіч. Актыўны ўдзел у працы гуртка прымалі Мар’ян Пецюкевіч, І. Касяк, Ч. Будзька, Я. Клагіш, Я. Хвораст, С. Нарушэвіч і іншыя.
Мэты і структура Асноўнай мэтай таварыства з'яўлялася згуртаванне людзей, якія хацелі паглыбіць свае веды ў галіне беларусазнаўства, вядзенне сістэматычнай навуковай працы, а таксама аказанне навуковай дапамогі сябрам арганізацыі ў навучанні. Задачы рэалізоўваліся праз арганізацыю навуковых сходаў, вывучэнне і аналіз вядомых беларускіх твораў, выданне ўласных распрацовак, працу ў архівах і музеях, а таксама падтрыманне сувязей з беларускімі гурткамі іншых польскіх універсітэтаў.
Праца таварыства праводзілася ў межах чатырох секцый: філалагічнай, этнаграфічнай, гістарычна-эканамічнай і літаратурнай. Навуковымі кіраўнікамі секцый выступалі вядомыя беларускія дзеячы, у тым ліку Антон Луцкевіч курыраваў літаратурны напрамак, а Ян Станкевіч — мовазнаўства.
Навукова-даследчая дзейнасць Удзельнікі таварыства рэгулярна рыхтавалі рэфераты і праводзілі дыскусіі. Напрыклад, толькі на працягу 1934 года на 14 сходах было зачытана 16 рэфератаў.
Асаблівая ўвага надавалася арганізацыі этнаграфічных экспедыцый па тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для забеспячэння метадычнай базы гэтых даследаванняў былі падрыхтаваны і выдадзены спецыяльныя дапаможнікі і апытальнікі: «Увагі… дзеля запісывання пахаронных абрадаў і абрадаў памінальных дзён» М. Пецюкевіча (1933); «Апытальнік да збірання дыялектычных і некаторых агульных асаблівасцей беларускай (крывіцкай) мовы» Я. Станкевіча (1935).
Вынікам дзейнасці этнаграфічнага аддзела ТПБ, у якім найбольш актыўна працавалі М. Пецюкевіч і А. Шукелойць, стаў значны збор матэрыялаў: да 1938 года было сабрана 23 матэрыяльныя прадметы і 8 лінгвістычных адзінак. Члены таварыства таксама займаліся апрацоўкай практычнага польска-беларускага слоўніка і аказвалі дапамогу ў краязнаўчай працы беларускім суполкам у Латвіі.
Культурна-асветніцкая дзейнасць З 1935 года таварыства пачало фарміраваць уласную бібліятэку. Да 1937 года яе фонды налічвалі больш за 500 кніг і шмат рукапісаў.
ТПБ вяло актыўнае культурнае жыццё: арганізоўваліся канцэрты, часта з удзелам хору пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Таварыства выступала ініцыятарам розных урачыстасцей, у тым ліку мерапрыемстваў у гонар 300-годдзя з дня смерці Льва Сапегі (1933). На літаратурных вечарынах чыталі свае творы вядомыя і маладыя беларускія пісьменнікі і паэты: Макар Машара, Наталля Арсеннева, Хведар Ільяшэвіч, Максім Танк, Алесь Бярозка, Міхась Васілёк і іншыя.
Арганізацыя падтрымлівала шчыльныя кантакты з Беларускім студэнцкім саюзам і рэдакцыяй часопіса «Студэнцкая думка».
Таварыства прыяцеляў беларусаведы вымушана спыніла сваю дзейнасць у верасні 1939 года ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Арганізацыі беларускай навукі Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Беларускія арганізацыі ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939) Катэгорыя:1931 год у Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1931 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1939 годзе