Гідралагічны заказнік «Пунішча» — гідралагічны заказнік мясцовага значэння аб’яўлены на землях Кляноўскага лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Аршанскі вопытны лясгас» у Дубровенскім раёне з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных лесабалотных экалагічных сістэм і ўнікальных прыродна-ландшафтных комплексаў з удзелам дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Гідралагічны заказнік размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Дубровенскага раёна. Агульная плошча заказніка складае 63 га. Заснаваны 8 снежня 2008 года.
Апісанне На тэрыторыі гідралагічнага заказніка забараняецца: правядзенне меліярацыйных работ, а таксама работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і гідралагічнага рэжыму, скідванне неачышчаных сцёкавых вод у навакольнае асяроддзе; выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на корані, спальванне рэшткаў драўніны; пашкоджанне і знішчэнне драўляна-хмызняковай расліннасці, парушэнне натуральнага глебавага покрыва, за выключэннем выканання лесагаспадарчых работ, а таксама работ па ахове і абароне ляснога фонду; здабыча торфу, касьба і правядзенне суцэльных высечак лесу; збор і нарыхтоўка рэдкіх і знікаючых раслін; прымяненне ядахімікатаў для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін; стаянка механічных транспартных сродкаў, развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне асобных палатак або палатачных гарадкоў, іншых месцаў адпачынку па-за ўстаноўленымі месцамі; размяшчэнне жылых забудоў, памяшканняў для часовага пражывання (садовых домікаў, дач).
Заказнік амаль цалкам пакрыты лесам. У незабалочаных масівах пераважаюць бяроза і хвоя, па балоце — елка, бяроза, асіна, ляшчына. На верхавіне пануе багун (20 %). На пераходным і верхавым балоце сустракаюцца журавіны (5-20 %) і чарніцы (10-50 %).
Прамысловыя жывёлы: лось, кабан, ліса, янот, цецярук. Гідрасетка адсутнічае. Праходнасць — балота глейкае.
У Чырвоную кнігу РБ занесены: чорны бусел — 1 пара, малы падворлік — 3 пары, змеяед — 1 пара, трохпальцы дзяцел — 2 пары, барадатая няясыць — 1 пара, — 2 пары, сокал-каршачок — 2 пары, махнаногі сыч — 3 пары, вераб’іны сыч — 1 пара.
Літаратура Гідралагічны заказнік мясцовага значэння «Пунішча» // Прыродная спадчына Дубровеншчыны : [эколага-краязнаўчы даведнік] / склад. Н. А. Дударава. — Наваполацк : ІП Маладзечкін А. У., 2015. — С. 40. Дубровенский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. — [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. — С. 18.
Катэгорыя:Гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння Беларусі Катэгорыя:Геаграфія Дубровенскага раёна Катэгорыя:2008 год у Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2008 годзе