Румынская рэвалюцыя 1989 года () — антыкамуністычнае паўстанне, якое прывяло да звяржэння ўрада прэзідэнта Сацыялістычнай Рэспублікі Румыніі Нікалае Чаўшэску.
Румынія з’яўляецца адзінай краінай Усходняй Еўропы, дзе сацыялістычны рэжым быў зрынуты ў выніку ўзброенага паўстання, а былы лідар быў пакараны смерцю.
Перадумовы Снежаньская рэвалюцыя ў Румыніі была выклікана абвастрэннем у краіне сацыяльных, нацыянальных і палітычных праблем, у тым ліку харчовай, энергетычнай і інш. З-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Нікалае Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венгерскай нацыянальнай меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакратычных свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ.
Ход падзей Народнае паўстанне пачалося 15—16 снежня 1989 года ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царкоўных службаў і пропаведзі венгерскага святара Л. Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снежня з узброенымі атрадамі сіл бяспекі. 22 снежня яно пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Н. Чаўшэску дэмакратычных свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Н. Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узброеныя сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіу. Пасля ўцёкаў Н. Чаўшэску і яго жонкі ўладу 26 снежня ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І. Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю палітычнага ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сацыяльна-эканамічнай спадчыны.
Нікалае Чаўшэску здолеў збегчы на верталёце з Бухарэста, аднак быў схоплены румынскім войскам і разам са сваёй жонкай Аленай адразу паўстаў перад трыбуналам. Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі .
25 снежня 1989 года Нікалае Чаўшэску быў расстраляны разам з жонкай Аленай Чаўшэску па прыгаворы трыбунала, праз некалькі гадзін пасля суда; уся яго маёмасць была канфіскавана.
У ходзе паўстання забіты 1104 чалавек, з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чалавек.
Вынікі Смерць Н. Чаўшэску адзначыла заканчэнне шэрагу антыкамуністычных рэвалюцый, якія адбыліся ў 1989 годзе ва Усходняй Еўропе. Спешны паказальны працэс і мёртвыя Чаўшэску былі запісаны на відэа, і гэтыя кадры адразу паказалі тэлеканалы ў многіх краінах.
У Румыніі быў сфарміраваны ўрад на чале з П. Гоманам, на пачатак 1990 года былі прызначаны парламенцкія выбары.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Снежань 1989 года Катэгорыя:Канфлікты 1989 года Катэгорыя:1989 год у палітыцы Катэгорыя:1989 год у Румыніі Катэгорыя:Дэкамунізацыя Катэгорыя:Палітыка Румыніі Катэгорыя:Гісторыя Румыніі Катэгорыя:Рэвалюцыі XX стагоддзя