Касцё́л Свято́га Сымо́на і Свято́й Але́ны (таксама вядомы як Чырво́ны касцё́л) — каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі ў Мінску, пабудаваны ў 1905—1910 гг. на грошы Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928), вядомага гаспадарчага і палітычнага дзеяча Расійскай імперыі і Беларусі, віцэ-старшыні (а з 1907 г. і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях — Сямёну (Сымону) і Алене Вайніловічах. Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў непасрэднай блізкасці ад Дома ўрада і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Ён атрымаў у народзе неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны, і з’яўляецца вялікай святыняй, помнікам культуры і гісторыі, які абараняецца законам Рэспублікі Беларусь. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Эдвард Адамавіч Вайніловіч.
Перадгісторыя Перад падзеламі Рэчы Паспалітай Мінск быў адным з буйнейшых каталіцкіх цэнтраў у краіне: у горадзе налічвалася 11 каталіцкіх касцёлаў і кляштараў (а ў межах Мінска пачатку XX ст., улічваючы Фарны касцёл на Траецкай гары, касцёл Святога Роха на Залатой Горцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, — 14), 4 уніяцкія царквы і 3 кляштары і толькі 1 праваслаўны манастыр. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ў 1798 г. была заснавана Мінская каталіцкая дыяцэзія (1798—1869), а былы касцёл езуітаў ператвораны ў кафедральны Марыінскі касцёл. На працягу XIX ст. большая частка каталіцкіх храмаў была зачынена, а пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійская ўлада яшчэ болей узмацніла палітыку русіфікацыі, адкрыцця праваслаўных цэркваў, закрыцця каталіцкіх касцёлаў і барацьбы з любымі праявамі «польскай» і польскамоўнай культуры ў «заходніх губернях» імперыі. Так, у 1869 г. была ліквідавана Мінская каталіцкая дыяцэзія, а ў горадзе застаўся толькі адзін вялікі каталіцкі Мінскай дыяцэзіі кафедральны Марыінскі касцёл, які пасля ліквідацыі панізіў свой статус і стаў толькі парафіяльным. Па-за межамі горада (на Залатагорскіх могілках) знаходзіўся толькі невялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Яшчэ адзін каталіцкі храм, а дакладней капліца, стаяў на Кальварыйскіх могілках, што знаходзіліся на адлегласці некалькіх кіламетраў ад Мінска.
На працягу стагоддзя колькасць жыхароў горада толькі ўзрастала. У 1897 г. у Мінску мелася болей за 90 тысяч жыхароў самых розных канфесій. Для значнай колькасці каталіцкіх вернікаў у горадзе па-ранейшаму меўся толькі адзін вялікі каталіцкі касцёл, які не мог у святочныя дні прыняць усіх жадаючых, шмат з якіх нават у люты мароз і завіруху займалі падчас набажэнстваў увесь пляц перад касцёлам аж да самага дома губернатара. Неабходнасць другога касцёла ў горадзе, спецыяльна ў кірунку да Брэсцкага вакзала, у якім горад пачаў бурна пашырацца, была відавочнай не толькі для духоўных і гарадскіх улад, але і для высокага кіраўніцтва «Паўночна-Заходняга краю», неахвотна пазіраючага на праявы каталіцкай набожнасці.
Каталіцкія вернікі ўзнялі пытанне аб дазволе расійскіх улад на будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла. 20 чэрвеня 1897 г. у Мінскую гарадскую думу звярнуліся Ф. Віткоўскі, Ян Філіповіч-Дубовік, Ігнат Віткевіч з просьбай, у якой было запісана, што мінскі губернатар (1886—1902) : «<…> заявіў нам, просьбітам, што для таго, каб хадайніцтва аб пабудове ў Мінску рымска-каталіцкага касцёла магло мець поспех, неабходна пашукаць месца для будаўніцтва і скласці план і каштарыс<…> Азнаёміўшыся як з гарадскімі, так і прыватнымі пляцамі, мы прышлі да пераканання, што адзінае прыдатнае месца для будаўніцтва касцёла — гэта пусты пляц гарадской зямлі, які знаходзіцца на рагу Пецярбургскай і Каломенскай вуліц і заняты пад гарадскі дрывяны склад. А таму маем гонар пакорна прасіць гарадскую думу ўвесь названы пляц аддаць пад будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла». 25 жніўня 1897 г. Мінская гарадская дума прыняла пастанову: «Аддаць камітэту па будаўніцтве пляц зямлі, на якім знаходзіцца дрывяны склад, у арэнду тэрмінам на 99 год па 4 капейкі за квадратную сажань». Копія гэтай пастановы была накіравана мінскім губернатарам князем Трубяцкім у Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі ў Санкт-Пецярбург. Міністэрскія чыноўнікі, спасылаючыся на тое, што рашэнне пра будаўніцтва новага касцёла не было ўзгоднена з кіраўніцтвам Мінскай праваслаўнай епархіі і не атрымала падтрымкі ў самім міністэрстве, адпісалі, што: «пастанова гарадской думы аб здачы ў арэнду зямлі пад рымска-каталіцкую царкву не можа быць прыведзена ў выкананне». Адначасова мінскі губернатар Трубяцкі ў сваім лісце ад 8 студзеня 1898 г. запатрабаваў ад гарадской думы, каб яна анулявала свой дазвол. На некалькі год справу аб будаўніцтве новай каталіцкай святыні давялося спыніць.
left|thumb|Сямён (Сымон) Вайніловіч — сын Эдварда Адамавіча Вайніловіча У тым жа 1897 г. у прыватным жыцці Эдварда Вайніловіча (1847—1928), сярэднезаможнага ўласніка маёнтка Савічы ў Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі, аўтарытэтнага доўгачасовага віцэ-старшыні (1888—1907) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і вядомай асобы ў Мінскай губерні і ўсіх «заходніх губернях», здарылася трагедыя — ад скарлаціны памёр яго дванаццацігадовы сын Сямён (Сымон). Гэтая смерць вельмі моцна ўдарыла па Эдвардзе Вайніловічу і яго жонцы Алімпіі, у якіх засталася толькі адна дачка Алена (Гелена-Бянігна). Пазней у сваім тастаменце Эдвард Вайніловіч запісаў, што толькі вера была той сілай, якая дазволіла перажыць гора: «Правіца Божая павісла нада мною, я стаў звяном, вырваным з ланцуга, але гэтая ж Правіца Божая падняла мяне. Бог напоўніў мяне сілай, каб я не ўпаў. Бог збярог мне дачку, добрыя якасці характару і розум якой былі мне відавочным знакам Божай міласэрнасці над маёй галавой; яны не дазвалялі мне ўпасці ў апатыю і сумненне» .
У 1903 г. у Мінскую гарадскую думу была ў чарговы раз накіравана заява ад прадстаўнікоў парафіян кафедральнага касцёла і камітэта па будаўніцтве касцёла. Пад лістом, у якім даказвалася патрэба будаўніцтва новай святыні, было сабрана болей за 2 тысяч подпісаў жыхароў Мінска, сярод якіх былі вядомыя і паважаныя ў горадзе людзі. У заяве было напісана, што: «у выпадку дазволу будаўніцтва касцёла міністэрствам унутраных спраў горад прапануе даць пад будаўніцтва пляц і дапусціць нас, просьбітаў, да здымкі планаў гарадскога ўчастка пры хадайніцтве аб дазволе будаўніцтва новага касцёла ў горадзе Мінску. Разам з тым, мы ў інтарэсах станоўчага вырашэння мяркуемага хадайніцтва пакорна просім думу знайсці магчымым, акрамя ўжо прызначанага пляца (былы дрывяны склад), назваць яшчэ адзін прыдатны для будаўніцтва пляц на той выпадак, калі будаўніцтва касцёла на першым пляцы прызнана будзе па якой-небудзь прычыне нязручным». Мінская гарадская дума на сваім пасяджэнні 27 кастрычніка 1903 г. прыняла пастанову: «у выпадку дазволу адпаведнай уладай будаўніцтва ў горадзе Мінску другога рымска-каталіцкага касцёла адвесці пад будаўніцтва касцёла патрэбны для таго ўчастак гарадской зямлі на месцы былога дрывянога склада (рог Каломенскай і Пецярбургскай вуліц) альбо на рагу Захар’еўскай і Трубнай вуліц, зважаючы на тое, які з гэтых участкаў будзе болей прыдатны для будаўніцтва касцёла».
Неўзабаве было сабрана болей за 2000 подпісаў пад лістом, у якім грунтоўна даказвалася неабходнасць будаўніцтва ў горадзе новай каталіцкай святыні. Але патрэбны былі фундатары, бо ініцыятыва грамадскага камітэта па будаўніцтве касцёла магла хутка скончыцца проста з-за недахопу сродкаў на будоўлю.
Трагедыя Эдварда Вайніловіча і яго ініцыятыва пабудовы касцёла І ў гэты час сям’ю Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў напаткала яшчэ адна трагедыя: у тым жа 1903 г., не дажыўшы аднаго дня да свайго 19-годдзя, памерла і іх дачка Гелена (Алена) ад запалення лёгкіх. Гэта было апошняе дзіця ў сям’і Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў. Пад канец жыцця, калі трагічныя адчуванні перацярпеліся, пра свой роздум і пакорнасць Божай волі Эдвард Вайніловіч напісаў у сваім тастаменце: «Вялікі, Моцны, Магутны Пан Анёлаў, моцнае плячо Яго ўдары дзеліць паводле сваёй меры, а потым падымае чалавека, каб ён іх пераносіў і не ўпаў, а вытрымаў аж да канца, каб перамагла справядлівасць. З калісьці моцнага дрэва майго роду ападаў лісток за лістком, і я застаўся толькі як адна галінка, асуджаны на паміранне, нібы апаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць. Так хацеў Бог» . left|thumb|Алена Вайніловіч — дачка Эдварда Адамавіча Вайніловіча
Сына Сымона звалі ў гонар апостала Сымона, а дачку — як святую Алену, маці рымскага імператара Канстанціна, які зрабіў хрысціянства царквой. Жадаючы захаваць памяць аб сваіх дзецях, Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены, якія былі святымі заступнікамі яго дзяцей: «Пасля ўдараў, што па волі Усявышняга былі нанесеныя мне, я вырашыў зрабіць упрашальную ахвяру, пабудаваўшы святыню дзеля закліку заступнікаў сваіх памерлых дзяцей, Святога Сымона і Святой Алены, і выбраў для гэтага Мінск — горад, у якім я зрабіў найбольшую частку маёй грамадскай працы і ў якім будаўніцтва другой святыні было найбольш патрэбна. Пры тым хацеў, каб Мінск меў святыню, якая б мела пэўную своеасаблівасць на фоне рознакаляровых купалаў новых форм, і я меркаваў, што не можа быць, каб у натоўпе молячыхся на новым месцы і за мяне і за маіх памерлых, апошніх нашчадкаў старога мясцовага роду, не сказаў бы словы малітвы „Анёл Гасподні“» .
З гэтай прычыны ў 1904 г. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) звярнуўся са сваёй прапановай да грамадскага камітэта па будаўніцтве, што калі гарадская ўлада выдзеліць пляц пад забудову, то за ўласны кошт узвядзе святыню, але з умовай, што касцёл будзе з назвай указаных патронаў (Святога Сымона і Святой Алены) і ніхто не будзе ўмешвацца ў выбар архітэктурнага стылю храма і ў сам працэс яго будаўніцтва. Горад і камітэт, натуральна, вельмі ахвотна згадзіліся на прапанову Вайніловіча.
Была выбрана дэлегацыя, з якой Вайніловіч паехаў у Санкт-Пецярбург і асабіста падаў просьбу да міністра ўнутраных спраў (1904—1905) Расійскай імперыі князя Пятра Дзмітрыевіча Святаполк-Мірскага (1857—1914), які яшчэ нядаўна быў віленскім генерал-губернатарам (1902—1904) і праславіўся ліберальнымі поглядамі. Міністр, хоць і быў праваслаўны, але памятаў, што яго дзед князь Ян Францавіч-Ксаверавіч Святаполк-Мірскі (1788—1868) быў каталіком, паслом Царства Польскага ў Расіі, а сам род паходзіць з Браслаўскага павета. Акрамя таго, расійскі імператар Мікалай II спецыяльна паставіў Мірскага на гэтую пасаду, каб праводзіць ліберальную ўнутраную палітыку, што было вырашальным. Таму ў Мінску чакалі даволі хуткі дазвол на будаўніцтва касцёла.
Гісторыя будаўніцтва касцёла Святога Сымона і Святой Алены
Архітэктурная стылёвая задумка left|thumb|Касцёл Святой Эльжбеты ў Ютросіне, 2007 г. Аўтар фота Ян Яршыньскі (Jan Jerszyński) recht|thumb|у Кёльне, пабудаваны ў XI ст. Фота 1899 г. Эдвард Вайніловіч вырашыў пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены ў раманскім стылі, бо, як сам адзначыў у мемуарах, у часы росквіту раманскага стылю ў Еўропе хрысціянства яшчэ не было падзелена на каталіцтва і праваслаўе: «Пачаў знаёміцца з узорамі і разнастайнымі архітэктанічнымі канцэпцыямі. Я не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаны на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святынь у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел па веравызнанні класаў нашага грамадства, бо пераважная частка сялянства была праваслаўная, а землеўласнікі — каталікамі, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі ўсходняя Царква існавала ў еднасці з Рымам». У гэтым праявілася вялікая талерантнасць Вайніловіча да розных канфесій і імкненне да еднасці грамадства, а не падзелу яго на варагуючыя лагеры.