Група Ханжанкова — падпольная маладзёвая антысавецкая суполка, якая дзейнічала ў Мінску ў 1962—1963 гадах.

Перадумовы Сяргей Ханжанкоў паходзіў з сям’і былых палітвязняў (бацька быў асуджаны ў 1935 годзе, дзед па матчынай лініі — у 1929 годзе). Пасля 1956 года бацьку было дазволена пакінуць Магаданскую вобласць, і сям’я пераехалі ў Мінск. Тут Сяргей скончыў дзесяцігодку і паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут. Вопыт бацькоў, аповеды старэйшых, асабліва колішніх вязняў ГУЛАГу, дух вальнадумства ў нядоўгую хрушчоўскую адлігу, радыёстанцыі вольнага свету, голас якіх з цяжкасцю прабіваўся праз савецкія глушакі — усё гэта не магло не паўплываць на ўражлівую натуру юнака.

Дзейнасць Вясной 1962 года Ханжанкоў знаходзіць у Мінску некалькіх аднадумцаў. Вырашылі пачаць з падрыву «Радыёстанцыі №3», а прасцей кажучы — радыёглушака, што дзвюма металічнымі мачтамі ўзвышаўся паміж вуліцамі Даўгабродскай і Чырваназорнай і быў найвыразнейшым сімвалам савецкага рэжыму. Ханжанкоў распрацаваў схему падрыву глушака, і падземнікі пачалі збіраць снарады і міны, што засталіся з мінулай вайны, назапашвалі друкарскі шрыфт для друкавання ўлётак, вялі антыкамуністычную агітацыю сярод сяброў і знаёмых, спрабавалі займець агнястрэльную зброю.

Арышт 27 траўня 1963 года ўдзельнікі падпольнай арганізацыі былі арыштаваныяАнкета Свабоды: Сяргей Ханжанкоў. Да гэтага прыклаў руку правакатар К. Чатыры месяцы доўжылася следства. 7 кастрычніка 1963 года Сяргей Ханжанкоў і Віктар Храпавіцкі па абвінавачанні «ў спробе здзейсніць дыверсію і ў правядзенні антысавецкай агітадыі і прапаганды» былі асуджаныя да зняволення на 10 гадоў кожны, Георгій Сярогін — на 8 гадоў. Сяргей Ханжанкоў адмовіўся пісаць просьбу аб памілаванні і быў высланы ў канцлагер у Мардовіі (пас. Сасноўка). Сулагернікамі былі вядомыя дысідэнты Сіняўскі, Даніэль, Галанскоў, Кузняцоў, Гінзбург, а таксама беларускія нацыяналісты, у тым ліку вядомы дэсантнік Цімох Вострыкаў.

Сябры

Сяргей Ханжанкоў Віктар Храпавіцкі Георгій Сярогін

Спасылкі

Беларускія антыкамуністычныя рухі канфесійнай і агульнадэмакратычнай накіраванасці

Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, закрытыя ў 1963 годзе Катэгорыя:Гісторыя Мінска Катэгорыя:1962 год у Беларусі Катэгорыя:1962 год у Мінску Катэгорыя:Антысавецкія падпольныя арганізацыі на Беларусі