Фердынанд Нойрайтэр (; , — , ) — аўстрыйскі мовазнавец, перакладчык і гісторык кашубскай літаратуры.

Біяграфія З 1937 года жыў у Аўстрыі. У 1946 годзе скончыў класічную гімназію. Вывучаў англійскую і раманскія мовы, а з канца 1950‑х — польскую, беларускую, украінскую, актыўна цікавіўся кашубскай культурнай спадчынай. З 1959 па 1969 гг. выкладаў «Культуру менш значных народаў Еўропы» у Зальцбургскім народным вячэрнім універсітэце, які ўключаў у тым ліку курс гісторыі беларускай літаратуры. У 1978 г. апублікаваў па‑нямецку «Гісторыю кашубскай літаратуры» (у 1982 г. выйшла па‑польску).

Быўшы на Беласточчыне ў пачатку 80‑х, пазнаёміўся з Сакратам Яновічам. У лістападзе 1981 г. беластоцкі тыднёвік «Ніва» надрукаваў інтэрв'ю з Ф. Нойрайтэрам Сакрата Яновіча. Пазней аўстрыйскі навуковец наведаў Беларускую бібліятэку ў Лондане. Выдаў дапаможнік для нямецкамоўных студэнтаў «Беларуская анталогія: Хрэстаматыя па беларускай літаратуры (з нямецкімі перакладамі)» (Мюнхен, 1983), які ўключыў творы сарака беларускіх пісьменнікаў XIX—XX стагоддзяў. У дапаможніку беларуская літаратура была пададзена ў яе цэласці, без падзелу на савецкую і несавецкую (былі ўключаны, напрыклад, творы Алеся Гаруна, Казіміра Сваяка, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Алеся Барскага, Сакрата Яновіча). Усяго ў анталогіі змешчаныя семдзясят восем перакладзеных Ф. Нойрайтэрам вершаў, пятнаццаць празаічных урыўкаў і чатыры фрагменты з драматычных твораў. Варта нагадаць, што гэтая праца рабілася ва ўмовах адсутнасці якога‑небудзь паважнага беларуска‑нямецкага слоўніка.

Апублікаваў некалькі артыкулаў пра Беларусь і беларускую культуру: «Янка Купала — паэт з Беларусі», «Беларусь — папялушка Еўропы». Пераклаў на нямецкую мову раман Ю. Попкі «Свеціць у тумане» (1985), працу Р. Астроўскага «Беларусь з Х па XVI стагоддзе» (1986), прадмову да беларуска‑нямецкага выдання «Слова аб паходзе Ігаравым» (1987), зборнік артыкулаў «Вытокі беларускай нацыі і культуры» (1988). Фердынанд Нойрайтэр неаднойчы друкаваўся ў выданнях Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Беларусіка‑1, Беларусіка‑16, Беларусіка‑18).

У апошня гады жыцця актыўна супрацоўнічаў з беластоцкім выданнем «Год беларускі — Annus Albaruthenicus». У 3 нумары выдання за 2002 год апублікаваны па‑нямецку артыкул Ф. Нойрайтэра «Мой шлях да Беларусі» і яго пераклады на нямецкую мову твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка. Першае дачыненне да беларушчыны ў Фердынанда Нойрайтэра адбылося ў 1947 г., калі ён купіў у Вене маленькі «Беларускі моўны дапаможнік», выдадзены ў час вайны.

Галоўныя працы «Kaschubische Anthologie», München 1973 «Geschichte der Kaschubischen Literatur. Versuch einer Zusammenfassenden Darstellung», Otto Sagner Verlag München 1978, 1991 «Historia literatury kaszubskiej. Próba zarysu», Wydawnictwo Morskie, Gdańsk 1982 «Weissrussische Anthologie. Ein Lesebuch zur Weissrussischen Literatur (mit deutschen Übersetzüng)», München 1983 «Recepcja literatury kaszubskiej na niemieckim obszarze językowym», [w:] Kaszubszczyzna w świecie. Materiały z konferencji naukowej Jastrzębia Góra 1-2 X 1993, Wejherowo 1994

Зноскі

Катэгорыя:Перакладчыкі Аўстрыі Катэгорыя:Славісты Катэгорыя:Кашубісты Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Перакладчыкі з беларускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на нямецкую мову