Гу́та () — вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Ігрушкаўскага сельсавета.

Гісторыя Вёска размешчана на дарозе, якой рэчыпаспалітаўская армія караля Стэфана Баторыя здзейсніла пераход да захопленнага маскоўскімі войскамі Полацка, каб пачаць яго аблогу ў 1579 годзе. Дарога праходзіла па ўмоўнай лініі Барысаў — Хацюхова — Халопенічы — Лукомль — Полацк, цяпер участак старой дарогі паміж вёскамі Хацюхова, Гута і Батуры старыя людзі называюць «Батуркай» або «Батурынскі шлях».Аляхновіч, А. Гісторыка-краязнаўчы альманах Друцка-Бярэзінскага Краю / А. Аляхновіч. — Крупкі, 2009. — 18 с.

Фальварак Гута вядомы з 1778 года як уласнасць пана Рашкоўскага. З 1790 года ў складзе маёнтка Шчаўры.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гута ў складзе Магілёўскага намесніцтва Расійскай імперыі. З 12 снежня 1796 года да 27 лютага 1802 года ў складзе Магілёўскага павета Беларускай губерні. З 27 лютага 1802 да 1861 года Гута ў Копыскім павеце Магілёўскай губерні. Да рэвалюцыі 1917 года вёска заставалася ў складзе Сенненскага павета Магілёўскай губерні.

У 1859 годзе Гута налічвала 43 селяніна: 16 мужчын, 22 жанчыны і 5 дваравых. Таксама ў архіўных крыніцах захавалася інфармацыя, што частка сялян Гуты былі «раскольниками беспоповщинской секты». Па перапісу 1897 года вядома, што ў суседскай вёсцы (слабадзе) Ваўкавыскі працаваў стараверскі малельны дом. Аднак да 1864 года гутчане лічыліся яшчэ за Бобрскім касцёлам і праваслаўным храмам у Шчаўрах, але пасля скасавання вёскі ў 1864 годзе, калі сялянам дазволілі набываць у мясцовага пана землі, Гута ўжо лічылася толькі за праваслаўнай царквою. Напрыклад, у гэты перыяд сяляне Гуты Галенка Халімон (Філімон) Цімохін разам са сваім сынам Сільвестрам і малодшымі братамі Данілам, Матвеем, Рыгорам, і іншымі сялянамі як упаўнаважаныя мясцовай сельскай грамады падпісалі Устаўную грамату пана Рашкоўскага аб набыцці яго зямель ў вёсцы Лашанцы. Выкупная пазыка на 49 гадоў складала 5013 рублёў 33 капейкі. Выплочвалі штогод па 6 % ад сумы: 300 рублёў 80 капеек.  

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў, як паведамляў 29 снежня 1863 года Аршанскай следчай каміссіі прыстаў 4-га стану Сенненскага павета Міхаіл Антонаў Шпунтаў «через деревню Пересеку графа Тышкевича, село Щавры, деревни Гута и Остров помещика Рошковского проходила шайка, которая читала крестьянам возмутительные прокламации и была разбита войсками Минской губернии в деревне Конюхове»Матвейчык, Дз. Паўстанне1863-1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі / Дз. Матвейчык. — Мінск: выдавец А. М. Вараксін, 2014. — 330—331 с..

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вёска Гута спачатку ўваходзіла ў склад Узнацкага сельсавета Халопеніцкага раёна Барысаўскай акругі, з 1930-х і да 5 мая 1962 года Гута была ўжо ў Халопеніцкім сельсавецеРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 мая 1962 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 19 (978)..

У Нацыянальным архіве Беларусі захавалася інфармацыя (Фонд 1440, вопіс 3, справа 762), што да пачатку Другой сусветнай вайны ў Гуце было 34 дамы і 139 жыхароў. Падчас вайны было знішчана 28 дамоў і забіта 7 жыхароў.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Ігрушкаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Крупскага раёна