Дональд Францішак Туск (; нар. , ) — польскі дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Польшчы (2007—2014, з 2023).
Нарадзіўся ў Гданьску, скончыў гістарычны факультэт Гданьскага ўніверсітэта. У 1990-я гады быў удзельнікам партыі Ліберальна-дэмакратычны кангрэс. У 1997 годзе абраны ў Сейм. З 2001 года Туск стаў лідарам партыі «Грамадзянская платформа» як адзін з яе заснавальнікаў. У 2005 годзе ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Перамог у першым туры з 36,3 % галасоў, аднак у другім туры саступіў Леху Качыньскаму, які атрымаў 54,04 % галасоў.
16 лістапада 2007 годзе пасля перамогі яго партыі на парламенцкіх выбарах стаў прэм’ер-міністрам Польшчы. Пакінуў пасаду да 22 верасня 2014 года.
30 жніўня 2014 года Дональд Туск абраны прэзідэнтам Рады ЕС.
11 снежня 2023 года зноў абраны прэм’ер-міністрам Польшчы.
Дональд Туск і Беларусь Дональд Туск наведваў Беларусь 1 жніўня 2005 года, калі выконваў функцыі віцэ-маршалка польскага Сейма. Візіт быў звязаны з канфліктам вакол Саюза палякаў на Беларусі, дзе ў 2005 годзе здарыўся раскол. Туск прыехаў падтрымаць тую частку арганізацыі, якая згуртавалася вакол новаабранай старшыні Анжалікі Борыс. Папярэдні кіраўнік Саюза Тадэвуш Кручкоўскі, які падтрымліваў лаяльную да беларускіх уладаў частку Саюза, крытычна паставіўся да прыезду Дональда Туска ў Гродна.
Тады ж было зроблена фота, на якім быццам бы гродзенскія палякі стаяць перад Тускам на каленях. Фота з 2015 года пачала выкарыстоўваць у сваіх патрэбах расійская прапаганда, выдаючы гродзенцаў за ўкраінцаў. Насамрэч, гродзенская польская меншасць не станавілася на калені перад Тускам. Сталыя жанчыны маліліся на каленях каля сядзібы Саюзу палякаў, якую заняў АМАП, а Дональд Туск проста прайшоў побач, патрапіўшы ў аб’ектывы фатографаў.
У 2007 годзе Дональд Туск зноў хацеў прыехаць у Беларусь, але яго машыну не прапусцілі праз мяжу. КДБ Беларусі зрабіў тады заяву, што Туск ведаў аб сваім статусе нон-грата, але наўмысна пайшоў на скандал, каб павысіць папулярнасць сваёй партыі перад выбарамі.
Аднак на часы першага прэм’ерства Туска выпаў таксама перыяд адлігі ў адносінах Захаду з Беларуссю. У 2009 годзе стартавала ініцыятыва Усходняе партнёрства, у склад удзельнікаў якой увайшла і Беларусь. Аднак канфлікт вакол Саюза палякаў на Беларусі, які не спыніўся, і парушэнні правоў чалавека ў час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе, сталі прычынай рэзкай крытыкі беларускага рэжыму з боку Туска.
У 2020 годзе Дональд Туск адкрыта падтрымаў пратэсты ў Беларусі і прапанаваў высунуць Святлану Ціханоўскую і Сяргея Ціханоўскага на Нобелеўскую прэмію міру.
Зноскі
Спасылкі
Катэгорыя:Прэм’ер-міністры Польшчы Катэгорыя:Лаўрэаты міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага Катэгорыя:Члены партыі «Грамадзянская платформа» Катэгорыя:Кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 1 склікання Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 4 склікання Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 5 склікання Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 6 склікання Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 7 склікання Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польшчы 10 склікання Катэгорыя:Сенатары Польшчы