Катастрофа Іл-76 пад Віцебскам — авіяцыйная катастрофа самалёта Іл-76 савецкіх ВПС, якая адбылася ў пятніцу 23 лістапада 1979 года каля вёскі Гараны Віцебскага раёна, Віцебскай вобласці, БССР, пры гэтым загінуў экіпаж самалёта (7 чалавек). Першая катастрофа з удзелам ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 у гісторыі авіяцыі. Самалёт У 1973 годзе група авіятараў 339-ы ваенна-транспартнага авіяцыйнага полка на чале з падпалкоўнікам Васілём Недаборавым прайшла навучанне ў Ташкенце, дзе толькі пачынаўся выпуск Іл-76. 14 ліпеня 1974 года першы серыйны Іл-76 («01-06») быў перагнаны ў Віцебск і паступіў на ўзбраенне палка, які размяшчаўся на ваенным аэрадроме Віцебск-Паўночны. 339-ы полк стаў асноўнай базай па падрыхтоўцы экіпажаў Іл-76 у СССР, у Віцебску дзейнічаў вучэбны цэнтр і 93-я авіяцыйныя майстэрні па рамонце і абслугоўванні самалётаў. Полк прымаў удзел у буйных вучэннях Узброеных сіл СССР і краін Варшаўскага дагавора, выконваў задачы па перавозцы грузаў у больш як 70 краінах, а таксама аказваў дапамогу пры ліквідацыі наступстваў землятрусаў у Ташкенце і Спітаку.

Іл-76 з рэгістрацыйным нумарам CCCP-86714 (завадскі — 053403067, серыйны — 02/07) быў выпушчаны Ташкенцкім авіяцыйным заводам у 1975 годзе. Самалёт перададзены Мiнiстэрству абароны СССР і далей ён паступіў у полк

Экіпаж Капітан Панфілаў Ю. І. — камандзір, меў кваліфікацыю лётчыка 1-га класа і рыхтаваўся да пераводу ў 1-ю эскадрыллю палка, якая часцей прыцягвалася да спецыяльных заданняў за межамі СССР. Лейтэнант Крайноў Ю. Е. — памочнік камандзіра. Старшы лейтэнант Папкоў А. Н. — штурман. Старшы лейтэнант Белазёраў А. Д. — бортінжынер. Старшы лейтэнант Лагода В. А. — бортінжынер. Прапаршчык Парафіянавічус Р. А. — радыст. Прапаршчык Здароўцаў А. В. — стралок.

Катастрофа У той дзень у палку праводзіліся трэніровачныя палёты па схеме «вялікая скрыначка» ў складаных метэаўмовах: воблачнасць складала 10 балаў пры ніжняй мяжы каля 150 м, бачнасць — каля 2 км. Кожны палёт доўжыўся прыкладна 12 хвілін і ўключаў чатыры развароты на вышыні 500 м, пасля чаго самалёт вяртаўся на аэрадром. У небе адначасова магло знаходзіцца да шасці машын з інтэрвалам у 2 хвіліны паміж узлётамі.

Пасля чацвёртага развароту, пры выпуску закрылкаў на 43° і адлегласці каля 12 км да ўзлётна-пасадачнай паласы, самалёт раптам пачаў інтэнсіўна крэніцца налева (да 65°) і зніжацца з хуткасцю да 25—27 м/с. Камандзір экіпажа праз секунду паспрабаваў выправіць сітуацыю — адхіліў элероны і руль напрамку направа, падняў руль вышыні і загадаў прыбраць закрылкі. Гэта крыху паменшыла крэн да 36,5° і змяніла вугал тангажу. Аднак кароткае вяртанне элеронаў у нейтральнае становішча зноў выклікала павелічэнне крэну, які камандзір паўторна парыраваў. Самалёт развярнуўся на 180°, страціў вышыню і з крэнам каля 33—35° закрануў зямлю левым крылом, пасля чаго цалкам разбурыўся і загарэўся.

Катастрофа адбылася ў поле блізу вёскі Гараны Віцебскага раёна. Экіпаж загінуў. Паводле ўспамінаў, трое членаў экіпажа спачатку выжылі, аднак памерлі ад атрыманых траўмаў ужо пасля катастрофы.

Вядома, што катастрофу назіралі жыхары вёскі, якія пачулі выбух і ўбачылі полымя ў полі. Раён крушэння быў ачэплены. Весткі пра катастрофу дайшлі да абласнога цэнтра і ваколіц трагедыі, але ў СМІ пра яе не паведамлялі.

Высновы расследавання Для расследавання быў створаны спецыяльны штаб на чале з галоўнакамандуючым Ваенна-паветранымі сіламі СССР у Журжава. Афіцэры і камандзіры палка на працягу некалькіх дзён знаходзіліся на казарменным становішчы. Праводзілася праверка тэхнічнай дакументацыі і механізмаў закрылкаў на іншых самалётах палка, у тым ліку з той жа серыі, што і самалёт Панфілава.

Падчас расследавання спецыялісты інжынернай службы выказвалі папярэднюю версію пра магчымасць непаладкі закрылкаў левага крыла. Да таго часу дайшлі весткі пра падобнае здарэнне з Іл-76 «Аэрафлота», які знаходзіўся на дастатковай вышыні, каб даць рады з сітуацыяй.

Катастрофа адбылася з-за канструктыўна-вытворчага недахопу — разбурэння трансмісіі левага закрылка — абрыў вала з-за разбурэння вілкі вядучай шасцярні левага вуглавога рэдуктара, у выніку чаго левы закрылак пад уздзеяннем аэрадынамічных сіл прыбраўся да 10 °. Гэта, пры цалкам выпушчаным (43º) правым закрылку, стварыла вялікі нахіляльны момант налева. У дадзенай аварыйнай сітуацыі экіпаж дзейнічаў правільна. Для вываду самалёта са складанага становішча не хапіла запасу вышыні.

Памяць Экіпаж быў пахаваны на Старосемёнаўскіх могілках у Віцебску. На сродкі баявых таварышаў быў створаны мемарыял, за якім штогод 23 лістапада даглядаюць ветэраны палка, ушаноўваючы памяць загінулых.

Крыніцы

Спасылкі Авиационные происшествия, инциденты и авиакатастрофы военной авиации в СССР и России факты, история, статистика Катастрофа Ил-76, командир корабля Панфилов — труженикинеба.рф МЕМОРИАЛ ЭКИПАЖУ САМОЛЁТА ИЛ-76

Катэгорыя:Падзеі 23 лістапада Катэгорыя:Лістапад 1979 года Катэгорыя:Авіяцыйныя здарэнні ў Беларусі Катэгорыя:1979 год у Беларусі Катэгорыя:Катастрофы 1979 года Катэгорыя:Гісторыя Віцебскага раёна