Ідыш-беларускі слоўнік — выданне, у якім змешчана лексіка найбольш вядомых слоўнікаў ідыша, частка неапублікаваных фразеалагічных матэрыялаў з архіва Ш. Рохкінд і В. Сосенскага, а таксама жывая лексіка ідышаПрадмова — Hakdome // Ідыш-беларускі слоўнік = ייִדיש-ווײַסרוסישער ווערטערבוך / сабраў і пераклаў на беларускую мову А. Астравух. — Мінск : Медисонт, 2008. — С. 8.. Аўтар слоўніка — мастак-рэстаўратар Аляксандр Астравух. Выдадзены ў Мінску ў 2008 годзе тыражом 1000 экзэмпляраў. Гэта другі ідыш-беларускі слоўнік у гісторыі Беларусі (першы быў складзены ў 1932 годзе пры ўдзеле Самуіла Плаўніка).

Падрыхтоўка і выданне У 1984 годзе Аляксандр Астравух трапіў у Мсціслаў, дзе, дзякуючы выкладчыку Алегу Хадыку, пачаў вывучаць ідыш. У 1997 годзе ў Мінску адбылася сустрэча лінгвіста Довіда Каца з рэстаўратарам, пасля якой Аляксандр Астравух пачаў працу над слоўнікам. Лёс выдання вызначыў удзел яго ўкладальніка ў семінары па вывучэнні ідыша ў 1999—2004 гадах, які праходзіў у Вільні.

У 2008 годзе ў мінскім выдавецтве «Медысонт» выйшаў слоўнік, спонсарам якога выступіў прадпрымальнік з Санкт-Пецярбурга Андрэй Гарбенка. Гэта другі ідыш-беларускі слоўнік за ўсю гісторыю Беларусі (першы быў апублікаваны ў 1932 годзе). 26 верасня 2008 года ў Мінску адбылася прэзентацыя выдання. Адам Мальдзіс назваў слоўнік «сапраўднай энцыклапедыяй яўрэйскага жыцця», а Пётр Садоўскі — «жывым святам душы».

Змест У прадмове аўтар кажа, што мэтай кнігі было сабраць разам пад адной вокладкай усё найлепшае ў ідышы, яўрэйскі скарб, які быў раскіданы па розных краінах, мовах і друкаваных выданнях. Слоўнік мае каля 25 тысяч слоўнікавых артыкулаў і 50 тысяч слоў. У выданне ўвайшла фразеалогія ідыша з прымаўкамі і прыказкамі, пажаданнямі і прывітаннямі, дражнілкамі і праклёнамі, загадкамі і скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі з яўрэйскіх песень, анекдотаў і літаратурных твораў. Пры складанні кнігі было выкарыстана шмат слоўнікаў, якія выйшлі ў свет у XIX—XX стагоддзях. Выданне ўпрыгожана малюнкамі і здымкамі беларускіх сінагог.

Водгукі У аглядзе, апублікаваным у часопісе «Народ Книги в мире книг», адзначаецца, што выданне мае вялікі спіс бібліяграфічных крыніц, у які ўвайшлі не толькі граматыкі, падручнікі і слоўнікі ідыша, але нават зборнікі народнай музыкі і кулінарныя кнігі. Слоўнік дэманструе багацце як ідыша, так і беларускай мовы. Асаблівасцю выдання з’яўляецца запіс яўрэйскіх слоў лацініцай. Адзначаецца, што выданне мае рэдкі і каштоўны моўны матэрыял.

Вольф Масковіч у «Jews and Slavs» адзначае, што аўтар слоўніка, добра ведаючы беларускі дыялектны матэрыял і надаючы ўвагу запазычанням з славянскіх моў у ідышы, змог выправіць памылкі і недакладнасці, якія былі ў іншых слоўнікаў ідыша.

Літаратура Ідыш-беларускі слоўнік = ייִדיש-ווײַסרוסישער ווערטערבוך / сабраў і пераклаў на беларускую мову А. Астравух. — Мінск : Медисонт, 2008. — 928 с. — ISBN 978-985-6530-86-2. [Рэцэнзія] / М. У. Тарэлка // Беларуская лінгвістыка. — 2010. — Вып. 64. — С. 163—166.

Спасылкі

Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Слоўнікі ідыш Катэгорыя:Кнігі 2008 года Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі